Частку расійскіх банкаў адключылі ад SWIFT, а Еўрасаюз забараніў пастаўляць наяўныя еўра. Як гэта нас закране?
Еўрапейскі саюз сёння заявіў, што не будзе прадаваць, пастаўляць і экспартаваць банкноты еўра. Таксама сёння ад сістэмы SWIFT адключаць сем расійскіх банкаў, у двух з якіх ёсць дочкі ў Беларусі. На ўмовах ананімнасці паразмаўлялі з фінансавым аналітыкам.
Як паўплывае забарона на наяўныя еўра на Расію?
«З пункту гледжання эканомікі, гэта не значыць увогуле нічога, — кажа фінансіст. — Расійская эканоміка бяднейшай не стане, расійскаму бюджэту горш не стане. Гэта будзе персанальны галаўны боль тых, хто захоўваў еўра на ўкладах у банках. Захоўванне замежных валют абазначае, што (калі рахунак бягучы) у любы момант можна прыйсці ў аддзяленне банка ці ў банкамат і зняць наяўнымі свае грошы.
А калі гэта дэпазіт, то азначае, што ў момант заканчэння дэпазіта можна прыйсці ў банк — і таксама забраць яго наяўнымі. Цяпер менавіта гэтая магчымасць будзе абмежаваная.
Банкі, каторыя маюць у сябе на рахунках даляры ці еўра і вымушаныя праз касу выдаваць наяўныя грошы ўладальнікам валютных рахункаў, ці прадаваць праз свае абменнікі, рэгулярна закупляюць наяўныя грошы. Менавіта купюры. Наяўныя даляры вязуць з ЗША, а наяўныя еўра — з Еўрасаюза.
Цяпер узнікне дэфіцыт наяўных еўра. Відавочна, што гэта будзе рух у адзін бок, хутчэй за ўсё, людзі будуць валюту з банкаў выносіць, а не заносіць туды. Раней у банкаў праблем з наяўнай валютай не было. Гэта было тэхнічнае пытанне: ты заказаў наяўную валюту, прывёз і выдаў кліентам. Цяпер гэта перастане працаваць».
Што значыць для Беларусі забарона на наяўныя еўра для Расіі?
«Аналагічнае рашэнне можа быць прынятае і ў дачыненні да Беларусі», — працягвае наш суразмоўца.
Ëсць такая тэндэнцыя па шмат якіх санкцыях, што накладваюць на Расію, распаўсюджваць іх аўтаматам на Беларусь.
Як адаб'ецца на Беларусі адключэнне дачок расійскіх банкаў ад SWIFT?
Сем расійскіх банкаў адключаюць ад SWIFT. Сярод іх два банкі, якія маюць беларускіх «дачок», — ВТБ і ВЭБ.РФ. Што будзе з кліентамі?
«Ва ўсіх беларускіх дачок расійскіх банкаў і так праблем процьма. Там жа штука не толькі ў адключэнні ад SWIFT, — адзначае аналітык. — Напрыклад, некаторыя банкі трапілі пад амерыканскія санкцыі. У некаторых арыштаваныя актывы, у некаторых закрываюць карэспандэнцкія рахункі. Тут нават перыядычна ўзнікалі чуткі наконт асобных беларускіх дачок, што яны спыняць сваю працу.
Гэтыя чуткі пакуль абвяргаюцца, але нават цяпер беларусы, што маюць карткі ў «дочках» расійскіх банкаў, усе маюць праблемы пры выкарыстанні карткі за мяжой альбо ў інтэрнэце з замежнымі сайтамі. Некаторыя карткі не працуюць на тэрыторыі Беларусі. Таму тым беларусам, што абслугоўваюцца ў «дочках» расійскіх банкаў, мякка кажучы, не пазайздросціш».
Каментары