Размовы аб непазбежнасці вайны пракаментаваў сёння Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з Нацыянальнай акадэміяй навук, перадае БЕЛТА.
Лукашэнка сказаў, што ніякай вайнушкі ні ён, ніхто з нашых генералаў і военачальнікаў не хацелі б. І перайшоў да «але».
«Аднак гэта не азначае, што трэба бяздзейнічаць, тым больш, калі перад вачыма ёсць прыклад пачатку Вялікай Айчыннай вайны», — сказаў ён.
Ён прыгадаў, што напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны «мы самазаспакоіліся, усё было добра. Цяпер мы гаворым, што хацелі час пацягнуць, адтэрмінаваць, падрыхтавацца да вайны. Мы, напэўна, заўсёды былі да чагосьці не гатовыя. А трэба было трымаць вуха востра».
«Я зыходжу з таго, што гэтых памылак мы не павінны паўтарыць.
І для таго, каб нас разумелі, а можа, і баяліся, мы павінны гэта дэманстраваць», — перайшоў ён да сённяшняга дня.
Паводле яго, прыклад таго, наколькі рашуча Беларусь гатовая дзейнічаць, быў прадэманстраваны ў 2020 годзе ў перыяд выбарчай кампаніі і пасля яе завяршэння: «Мне давялося падняць паўарміі і кінуць на захад [заходні рэгіён Беларусі]. Тое, што было тут, унутры, і мы плачамся «ах», «ох» — гэта кветачкі. Ягадкі былі там. І калі б мы своечасова не перакрылі напрамкі іх жаданых дзеянняў, можа быць, і сітуацыя б па-іншаму разгортвалася», — сказаў ён.
«Мы павінны быць гатовыя да любога развіцця падзей, — заявіў Лукашэнка. — Зразумейце: справа ж не ў нас. Як і тады, і ў Айчынную вайну 1812 года, у Першую сусветную, Вялікую Айчынную вайну… Груба кажучы, мы нікому не патрэбныя. Вы ведаеце, што ім трэба».
Каментары