Ад пандэміі да эндэміі. Пасля амікрона дзяржавы мяняюць сваю стратэгію адносна кавіду
Многія спадзяюцца, што каранавірус знікне так хутка, як і з’явіўся. Але шматлікія вірусолагі мяркуюць, што вірус цалкам не знікне. Проста пандэмія пяройдзе ў эндэмію, і нам давядзецца з ёй жыць. Асабліва часта гэтыя галасы сталі гучаць пасля з’яўлення амікрона — менш смяротнага, але больш заразнага штаму, які выклікаў новыя хвалі хваробы нават у краінах з высокім узроўнем вакцынацыі. На тое, што кавід стане сезонным захворваннем, спадзяюцца і ўрады, якія стаміліся ад пастаянных лакдаўнаў і каранцінаў. Тлумачым, што гэта азначае, і чым эндэмія адрозніваецца ад пандэміі і эпідэміі.
Эндэмія
Захворванне, якое рэгулярна сустракаецца ў пэўных рэгіёнах на стабільным узроўні, называецца эндэмічным.
Пры эндэміі колькасць выпадкаў захворвання амаль не змяняецца. На працягу пэўнага перыяду часу хварэе прыкладна аднолькавая колькасць людзей.
Тыповым прыкладам эндэміі з'яўляецца малярыя, штогод хварэе па 300 мільёнаў чалавек, альбо сухоты. Ці звычайны грып.
Яшчэ ў маі 2020 года Сусветная арганізацыя аховы здароўя прадказала, што каранавірус можа стаць эндэмічным вірусам. Варыянты дэльта і амікрон з тых часоў паказалі, наколькі адаптыўным з'яўляецца вірус.
Каб пандэмія стала эндэміяй, неабходна, каб дастатковая колькасць людзей атрымала абарону ад кавіду, альбо з дапамогай вакцын, альбо перахварэўшы. Вірус стане менш сур’ёзным, аднак не знікне цалкам, і нам давядзецца навучыцца з ім жыць.
Эпідэмія
Падчас эпідэміі хвароба хутка і нечакана распаўсюджваецца ў пэўнай мясцовасці.
Калі колькасць выпадкаў захворвання ў гэтым канкрэтным рэгіёне перавышае чаканы (эндэмічны) ўзровень, гэта называецца эпідэміяй.
Эпідэмія ўзнікае, напрыклад, калі змяняецца вірулентнасць пэўнага патагена: вірус муціруе і становіцца больш заразным.
Эпідэміі таксама могуць узнікаць, калі хваробы трапляюць у пэўную вобласць.
Напрыклад, у 16 стагоддзі еўрапейцы занеслі ў Амерыку воспу. Паколькі карэннае насельніцтва ніколі раней не кантактавала з патагенамі, іх імунная сістэма не магла супрацьстаяць вірусу — пачалася эпідэмія.
Пандэмія
Калі хвароба распаўсюджваецца па многіх краінах і кантынентах, эксперты называюць яе пандэміяй.
Гэта азначае, што паспяховая барацьба з гэтым захворваннем залежыць ад супрацоўніцтва паміж сістэмамі аховы здароўя розных краін. Не заўсёды гэта азначае, што хвароба вельмі небяспечная або смяротная.
Калі хвароба з'яўляецца новай для чалавека, вельмі нешматлікія людзі будуць неўспрымальныя да віруса. Прышчэпкі ў гэтым выпадку таксама недаступныя. Падчас пандэміі хварэе вялікая колькасць людзей.
Наколькі небяспечная або смяротная хвароба, залежыць ад канкрэтнага віруса і стану здароўя чалавека.
Нават калі ў працэнтах хвароба ў большасці выпадкаў бясшкодная, абсалютная колькасць ахвяр падчас пандэміі можа быць вельмі высокай. Проста таму, што вельмі вялікая колькасць людзей заражана.
Тыповым захворваннем, якое часам прымае маштабы пандэміі, з'яўляецца грып. Пандэмія грыпу 1918 года, іспанка, забрала жыцці ад 25 да 50 мільёнаў чалавек — больш, чым Першая сусветная. Свіны грып, вірус H1N1, таксама выклікаў пандэмію ў 2009 годзе.
Авіяпералёты і глабалізацыя спрыяюць распаўсюджванню пандэмій.
Пераход пандэміі ў эндэмію — добрая навіна?
Кавід можа стаць звычайнай сезоннай хваробай, але не ўсё так проста.
«Не абавязкова, што ў нас будзе такая ж прадказальная карціна, як з грыпам», — кажа Элефтэрыяс Міланакіс, доктар медыцынскіх навук.
Існуе шэраг іншых вірусаў, якія не ідуць па падобнай штогадовай схеме, як у грыпу. Невядома, як доўга будуць доўжыцца імунныя рэакцыі асобных людзей у будучыні.
Да таго ж, тое, што пандэмія стане эндэміяй, не азначае, што кавід стане несур’ёзным. Людзі ўсё адно будуць паміраць, але не ў такіх колькасцях, і гэта стане большай руцінай. Стратэгія «навучыцца жыць з кавідам» азначае, у тым ліку, прымаць сур’ёзныя меры па змякчэнні наступстваў.
А што там з калектыўным імунітэтам?
Ці можа ўсплёск амікрона наблізіць свет да статкавага імунітэту? Значная частка спецыялістаў лічыць, што так. З прыходам амікрона людзі пачалі часцей хварэць і часцей вакцынавацца, адпаведна, у іх павялічваецца натуральны імунітэт.
Але ёсць і скептыкі, якія лічаць, што вірус занадта хутка змяняецца, таму прагназаваць ягоныя паводзіны немагчыма. Больш выразная карціна з'явіцца пасля таго, як хваля амікрона аслабне.
«Дасягненне тэарэтычнага парога, за якім перадача спыніцца, верагодна, нерэальна, улічваючы наш вопыт барацьбы з пандэміяй», — заявіў доктар Аліўе ле Пален, эпідэміёлаг Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ).
Яшчэ адна праблема — ніхто не ведае, як будуць выглядаць наступныя штамы кавіду, і наколькі яны могуць быць заразныя і вірулентныя. Павольнае ўкараненне вакцын ў бедных краінах павышае рызыку таго, што могуць з’явіцца яшчэ больш небяспечныя і смяротныя штамы.
Ды і невядома, наколькі трывалым будзе імунітэт. Як вядома, з часам колькасць антыцел змяншаецца.
Але нават калі чалавецтва і не дасягне калектыўнага імунітэту, гэта не значыць, што папярэдні імунітэт не дае ніякай карысці. Замест калектыўнага імунітэту многія чакаюць, што хвароба калі і застанецца, то стане менш сур'ёзнай.
Еўропа мяняе стратэгію?
Некаторыя вялікія краіны мяняюць. У Вялікабрытаніі, Францыі, Іспаніі і іншых краінах Еўропы палітыкі і некаторыя эксперты ў галіне аховы здароўя прасоўваюць новы падыход да пандэміі, паводле якога хвароба становіцца неад'емнай часткай паўсядзённага жыцця.
Напрыклад, у Іспаніі прэм'ер-міністр Пэдра Санчэс заявіў, што грамадзянам «прыйдзецца навучыцца жыць з гэтым, як мы гэта робім з многімі іншымі вірусамі», і сказаў, што краіне варта скарэктаваць падыход барацьбы з кавідам, каб да яго ставіліся як да звычайнага грыпу.
Аліўе Веран, міністр аховы здароўя Францыі, нядаўна заявіў, што высокі ўзровень інфікавання ў Францыі і высокі ўзровень вакцынацыі могуць азначаць, што цяперашняя хваля — апошняя.
«Паколькі COVID становіцца эндэмічным, нам трэба будзе замяніць юрыдычныя патрабаванні парадамі і рэкамендацыямі, заклікаючы людзей з вірусам быць асцярожнымі і ўважлівымі ў адносінах да іншых», — сказаў брытанскі прэм’ер Джонсан.
Прыхільнікі новага падыходу адзначаюць, што апошні ўсплёск захворвання адрозніваецца ад першых. Цяпер абсалютная большасць людзей вакцынаваная, і значна меншы ўзровень шпіталізацыі.
«Гэта не можа быць надзвычайнай сітуацыяй вечна», — сказаў Грэм Медлі, прафесар мадэлявання інфекцыйных захворванняў у Лонданскай школе гігіены і трапічнай медыцыны, у інтэрв'ю BBC Radio 4. Ён дадаў, што заканчэнне пандэміі, хутчэй за ўсё, адбудзецца паэтапна.
З іншага боку, многія спецыялісты кажуць, што мяняць падыходы да кавіду дачасна, паколькі калі кавід выйдзе з-пад кантролю, ён зноў можа перагрузіць сістэмы аховы здароўя.
Доктар Энтані Фаўчы, дырэктар амерыканскага Нацыянальнага інстытута алергіі і інфекцыйных захворванняў заявіў, што яшчэ занадта рана прадказваць, ці дапаможа амікрон перавесці пандэмію ў эндэмію, але ён «будзе спадзявацца, што гэта так».
Дык калі пандэмія пяройдзе ў эндэмію?
У розных краінах па-рознаму. У той час як дзве траціны людзей у багатых краінах атрымалі сама меней адну дозу вакцыны, толькі 11% зрабілі гэта ў краінах з нізкім узроўнем даходу. У Партугаліі, дзе 89% насельніцтва цалкам вакцынавана, кавід ужо выглядае як эндэмічнае захворванне. У Афрыцы каля 85% людзей яшчэ не атрымалі ніводнай дозы. Там кавід стане эндэміяй пазней. Але самае страшнае, што ў гэтых краінах ён можа працягнуць муціраваць.
Каментары