Беларуска, якая святкуе Хэлаўін 18 гадоў запар: «Нам усім не пашкодзіць лішні раз падурэць»
Напярэдадні Дня ўсіх святых, які святкуюць не толькі за мяжой, але і ўсё актыўней у нас, у Беларусі, мы пагутарылі з Хрысцінай Рыбянковай, для якой 31 кастрычніка — гэта ўжо шмат гадоў адначасова і дзень нараджэння, і дадатковы дзень, калі можна забыцца пра сур’ёзныя офісныя абавязкі спецыяліста па камунікацыях, пераўвасобіцца ў вобразы са страшных кашмараў і пагрузіцца ў атмасферу самага містычнага свята ў свеце.
«Сямейка Адамс» з Хрысцiнай Рыччы, «Байкі са склепа», хэллаўінскія выпускі дыснэеўскіх мульцікаў на касетах, канал «Нікелодыён», фільмы Ціма Бёртана — розныя трымценнікі і таямніцы на экране і ў кніжках захаплялі Хрысціну з самага дзяцінства.
Відаць, на гэта якраз паўплываў той факт, што яна нарадзілася 31 кастрычніка. Такім чынам пытанне, у якім стылі рабіць першы маштабны дзень нараджэння, які выпаў на навучанне ў трэцім класе, адпала само па сабе. Хутка гэта ператварылася ў сямейную традыцыю, уласны рытуал Рыбянковых.
«Мне вельмі падабалася Уэнздзі з «Сямейкі Адамс». У пачатковай школе я марыла ў яе пераўвасобіцца. У гераіні фiльма ярка-чорныя валасы, мы шукалі тонік такога ж колеру па ўсім Мінску, але знайшлі толькі баклажанавы. Я пафарбавалася — і прыйшла так у школу. Усе настаўнікі былі ў шоку», — згадвае Хрысціна.
З вобразам Уэнздзі так і не атрымалася, але пасля дзяўчына прымярала на сябе ролі ўсё больш складаных персанажаў: яе касцюмы прайшлі эвалюцыю ад стандартных кшталту Вядзьмаркі і Турэмшчыка да Джокера і зубра Волата з чэмпіянату свету па хакеі — 2014.
«Кожны мой касцюм мы ствараем разам з маці ўручную: шыем, ладзім канструкцыі, прыдумляем макіяж… У Беларусі, канечне, да гэтага часу складана знайсці патрэбныя атрыбуты, аксэсуары, незвычайную касметыку і парыкі — нешта прыходзіцца прывозіць з-за мяжы, а нешта збіраць па Мінску па крупінках. Так, для стварэння касцюма вайскоўца нам вельмі дапамагло «Поле цудаў» на Ждановічах: там мы адшукалі кабуру з фуражкай», — уводзіць у нюансы падрыхтоўкі вечарыны Хрысціна.
Але, відаць, аднымі з самых складаных касцюмаў для Хрысціны былі вобраз Чырвонай Каралевы з «Алісы ў краіне цудаў» і Шывы — самі паглядзіце, колькі дэталяў прыйшлося ўлічыць, каб дасягнуць праўдападобнасці.
Сябры Хрысціны хутка падхапілі традыцыю святкаваць яе дзень нараджэння такім чынам і цяпер нават адмаўляюцца ісці ў гэты дзень кудысьці ў клуб, бо гэта чарговая нагода сустрэцца цёплай кампаніяй ды яшчэ і ў вобразах розных «вар’ятаў»: за 18 гадоў на свята да гаспадыні прыходзілі і Чарлі Чаплін, і Айпод, і Макс Корж, і Фрыда Кало, і Аўрыл Лавін з прадзюсарам, і Рэмба, і гераіня Умы Турман з «Крымінальнага чытва», і Марыё, і вампіры…
Каб дадаткова дасягнуць містычнай атмасферы, Рыбянковы не выпускаюць з віду і дэкорную частку, прадумваючы ўсё да дробязяў: натупальна, штогод выразаюцца гарбузы, а на адно са святаў на іх лецішчы з’явіліся штучныя помнікі і могілкі — вось суседзі афігелі!
Тых, хто не разумее, навошта адзначаць замежнае свята, Хрысціна просіць расслабіцца: гэта файная магчымасць чарговы раз павесяліцца. Для халоднай і пахмурнай восені гэта актуальна ўдвая: лішні раз падурыцца не пашкодзіць нікому.
«Тым больш у 26 гадоў паволі пачынаеш усведамляць, што дарослых на самай справе не існуе», — разважае Хрысціна.
На пытанне, колькі яшчэ гадоў яна збіраецца святкаваць Хэлаўін, яна адказвае словамі герояў «Гары Потара»: «Я працытую прафесара Снэйпа, які на дамблдарскае «І пасля столькіх гадоў?» адказаў «Заўсёды!». Пакуль у мяне ёсць натхненне і пазітыўныя ўражанні сяброў з гэтай нагоды, я буду гэта рабіць».
Дзяліцеся сваімі гісторыямі і вобразамі на гэта свята ў каментах!
Каментары