Лінднэр Райнэр. Гісторыкі і ўлада. Нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ—ХХ ст. — Менск, 2003
Гэткую кнігу беларускі гісторык здолеў бы напісаць толькі празь якіх гадоў пяцьдзясят. Каб даць такі адстаронены агляд, беларускую гістарычную навуку трэба бачыць з адлегласьці — прасторавай ці часавай. Ці здолеў бы хто зь сёньняшніх гісторыкаў адкрыта cказаць пра шкодную міталягічнасьць «100 пытаньняў і адказаў з гісторыі Беларусі» альбо cкрытыкаваць прэтэнзіі беларусаў на Касьцюшкаву спадчыну? Лінднэру гэта даруюць: што возьмеш зь немца?..
Тэма дачыненьняў творцы й улады — вечная. Паддаецца ўладзе навуковец — гіне для навукі, не паддаецца — марнуе час на змаганьне заміж творчасьці. Кніга Лінднэра — і пра першых, і пра другіх.
Цікава прасачыць эвалюцыю поглядаў нашых гісторыкаў на генэзу беларусаў: у 1920-я — «найчысьцейшы з славянскіх народаў», пры канцы стагодзьдзя — «славянізаваныя балты». Лінднэр акрэсьлівае гэтыя зьмены як паступовы, але няўхільны шлях беларускай гістарычнай навукі «на Захад».
Расповед пра зьмены ў беларускай гістарычнай навуцы чытаецца як бэлетрыстыка з добра закручаным сюжэтам. Публіцыстычнасьць асабліва моцна адчуваецца ў апошняй частцы, прысьвечанай прэзыдэнцкаму пэрыяду ў Беларусі. І разам з гэтай лёгкасьцю аповеду — дзьве надзвычай важныя высновы: «Па-першае: адзінае савецкае бачаньне гісторыі сьцьвердзіла сябе ў Беларусі толькі пасьля атрыманьня ваеннага досьведу і канчатковага ўсталяваньня савецкага патрыятызму як інтэрпрэтацыйнай дактрыны сучаснай гісторыі. Па-другое: да другой паловы 40-х актыўнымі заставаліся гэткія гісторыкі, як Пічэта, што атрымлівалі адукацыю ва ўнівэрсытэтах царскай імпэрыі й доўгі час лічыліся «буржуазнымі нацыяналістамі». Яшчэ адна тэза, якая вынікае з кнігі Лінднэра: у Беларусі палітызацыя гісторыі (альбо гістарызацыя палітыкі) дагэтуль застаецца актуальным фактарам. Прычым гэта датычыць гісторыі ня толькі апошняга стагодзьдзя, але й папярэдніх. Зрэшты, «адстароненасьць» сыграла зь Лінднэрам і непамысны жарт. Кнігу Зьмітрака Бядулі «Жыды на Беларусі» ён палічыў антысэміцкай.
За працу Р.Лінднэра, якая выкліча не адну спрэчку, варта падзякаваць навуковаму рэдактару Генадзю Сагановічу, які ініцыяваў беларускае выданьне, і перакладчыку Лявону Баршчэўскаму — за рупнасьць падчас перакладу.
Адам Воршыч
Cустрэча з Райнэрам Лінднэрам адбудзецца ў Беларускім ПЭН-цэнтры (вул.Казлова 7-101) у пятніцу а 19-й.
Каментары