Палітыку, дэпутату апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 1990—1995 гадоў было 87 гадоў.
«17 снежня не стала Мікалая Кірылавіча Крыжаноўскага — дэпутата незалежнасці, моцнага беларуса, шчыра адданага Бацькаўшчыне — Беларусі», — напісаў у сваім фэйбуку Зянон Пазняк.
Мікалай Крыжаноўскі нарадзіўся 1 студзеня 1937 года ў Бабруйску. Скончыў Паўночна-Заходні палітэхнічны інстытут у горадзе Ленінградзе. Быў чальцом камісіі Вярхоўнага Савета па пытаннях развіцця прамысловасці, энергетыкі, транспарту, сувязі і інфарматыкі, членам часовай камісіі па прывілеях. Чальцом Канстытуцыйнай камісіі, чальцом ценявога кабінета (урада) Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, уваходзіў у камітэт па барацьбе з карупцыяй.
Удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, падрыхтоўцы законапраектаў да нечарговай сесіі Вярхоўнага Савета 24-25 жніўня 1991 года, на якой была абвешчана незалежнасць Беларусі.
Сааўтар канцэпцыі пераходу Беларускай ССР на рыначную эканоміку (восень 1990 года), асноўных накірункаў рэформаў для выхаду з крызісу — перадвыбарчая эканамічная платформа БНФ «Адраджэнне» (вясна 1995 года), сааўтар шэрагу законапраектаў.
Удзельнік галадоўкі 11-12 красавіка 1995 года ў Авальнай залі, абвешчанай у знак пратэсту супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму.
«Мне пашчаслівілася спатыкаць у жыцьці шмат чэсных, разумных, сумленных і справядлівых людзей у вышэйшым сэнсе гэтых слоў. Мікалай Кірылавіч быў адным зь іх. Найвыдатнейшы чалавек», — напісаў Зянон Пазняк.
Каментары