Зяленскі выключыў замарозку вайны для перамоваў з Расіяй пасля прыходу Трампа да ўлады
Абраны прэзідэнт ЗША Дональд Трамп хоча хутка завяршыць вайну ва Украіне, але Кіеў не збіраецца здавацца і замарожваць баявыя дзеянні дзеля перамоваў, заявіў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
«Трамп ведае пра маё жаданне нікуды не спяшацца на шкоду Украіне. Краіна ўжо даўно змагаецца за свой суверэнітэт. Колькі б прэзідэнтаў або прэм'ер-міністраў не хацелі абвясціць аб спыненні вайны, мы не збіраемся проста здавацца і адмаўляцца ад нашай незалежнасці», — сказаў Зяленскі падчас размовы з чытачамі Le Parisien.
З ягоных слоў, у замарозцы вайны і хуткіх дамоўленасцях з Расіяй ёсць небяспека.
Таксама Зяленскі адзначыў, што пакуль у Трампа няма доступу да ўсёй неабходнай інфармацыі пра вайну, у прыватнасці, да даных разведкі, Пентагона і пэўных дыпламатычных каналаў. «Калі ён будзе там (у Белым доме), мы зможам гаварыць на адной мове, з аднолькавым узроўнем інфармацыі», — сказаў украінскі прэзідэнт.
Пры гэтым Зяленскі выказаў надзею, што змены, якія адбудуцца ў ЗША з прыходам Трампа да ўлады, будуць на карысць Украіны.
«Мы будзем будаваць адносіны з новай адміністрацыяй, гэта будзе нашым прыярытэтам. Злучаныя Штаты былі і застаюцца нашым вядучым донарам у гэтай вайне», — сказаў на заканчэнне ўкраінскі прэзідэнт.
Каментары