Лукашэнка праігнараваў Барадуліна. Мартынаў, Латушка і Абельская павіншавалі
Народны паэт Рыгор Барадулін 1 сакавіка пераведзены з рэанімацыі ў тэрапію.
Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін 1 сакавіка пераведзены з аддзялення рэанімацыі ў тэрапеўтычнае аддзяленне Рэспубліканскай бальніцы Кіраўніцтва спраў прэзідэнта, паведаміў сябар Барадуліна, паэт і грамадскі дзеяч Генадзь Бураўкін.
«Яму значна лепей. Ён ужо ходзіць. Кашаль пакуль ёсць, але няма тэмпературы», — сказала жонка паэта Валянціна.
24 лютага дзядзька Рыгор адзначыў сваё 75-годдзе. Валянціна Барадуліна паведаміла, што ў дзень нараджэння з высокапастаўленых чыноўнікаў яго павіншавалі толькі міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў і міністр культуры Павел Латушка. А галоўная доктарка бальніцы Ірына Абельская падаравала букет з 17 ружаў.
Аляксандр Лукашэнка, які рассылае віншаванні расійскім артыстам, юбілей Народнага паэта Беларусі прапусціў. Альбо праігнараваў.
Затое, напрыклад, павіншаваў з юбілеямі, не заўжды значынмі, Юрыя Антонава, Міхаіла Баярскага, Аляксандру Пахмутаву.
Рыгор Барадулін знаходзіцца ў бальніцы з запаленнем лёгкіх ад 14 лютага.
Каментары