Хлопцу, якога ў СІЗА збіў сын Кадырава, далі велізарны тэрмін за дзяржздраду
Спачатку Мікіту Жураўля асудзілі за спаленне Карана, а цяпер яго прызналі вінаватым у дзяржаўнай здрадзе.
Валгаградскі суд прысудзіў Мікіту Жураўля да 13,5 года калоніі строгага рэжыму паводле артыкула аб дзяржаўнай здрадзе, піша V1.ru.
Жураўля затрымалі ў траўні 2023 года ў Валгаградзе пасля таго, як у тэлеграм-канале «Утро Дагестана» апублікавалі відэа, на якім чалавек каля Валгаградскай саборнай мячэці спальвае Каран.
Справу Жураўля па рашэнні кіраўніка Следчага камітэта Аляксандра Бастрыкіна перадалі чачэнскім сілавікам. Неўзабаве Рамзан Кадыраў апублікаваў відэа, як Жураўля ў СІЗА збівае ягоны 15-гадовы сын Адам.
Ніякіх прававых наступстваў гэтае збіццё не пацягнула. Больш за тое, Адам атрымаў з дзясятак дзяржаўных узнагарод і пасаду ў службе бяспекі бацькі. Сам Кадыраў на адной з прэс-канферэнцый заявіў, што было б добра, калі б яго сын забіў Жураўля.
У выніку ў лютым 2024 года суд у Грозным прызначыў Жураўлю 3,5 года калоніі за абразу рэлігійных пачуццяў і хуліганства. У справе гаворыцца, што Журавель спаліў Каран па заданні Службы бяспекі Украіны.
У кастрычніку супраць Жураўля завялі справу аб дзяржаўнай здрадзе. Паводле версіі следства, ён праз месенджар «ініцыятыўна прапанаваў супрацоўніцтва прадстаўніку Службы бяспекі Украіны».
Журавель у сакавіку 2023 года нібыта адправіў агенту СБУ відэазапісы чыгуначнага састава, які перавозіў вайсковую тэхніку расійскіх узброеных сіл і самалёты вайсковага прызначэння. Таксама Жураўля абвінавацілі ў перадачы звестак аб перамяшчэнні службовага аўтамабіля адной з вайсковых часцей.
З улікам неадбытага пакарання па першай справе Жураўлю прызначылі 14 гадоў пазбаўлення волі.
Хлопцу, які спаліў Каран і якога збіў сын Кадырава, далі тры з паловай гады калоніі
Мікіту Жураўля, які спаліў Каран і якога збіў сын Кадырава, папрасілі прысудзіць да трох з паловай гадоў калоніі
Кадыраў публічна пашкадаваў, што ягоны сын не забіў чалавека ў СІЗА
15-гадовага Адама Кадырава, які збіў Мікіту Жураўля ў СІЗА, узнагародзілі восьмым і дзявятым ордэнамі
Кадыраў прыгразіў Сабчак, каб «не чапала» яго сям'ю, і патлумачыў выхадку свайго сына ў СІЗА
Каментары