Пачынаецца суд над святаром Генрыхам Акалатовічам. Яму пагражае да 15 гадоў
Святар перанёс інсульт і перахварэў на анкалогію, але яго ўжо год трымаюць у СІЗА КДБ.
У Мінскім абласным судзе сёння пачынаецца суд над святаром Генрыхам Акалатовічам. Яго абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 КК). Святару пагражае да пятнаццаці гадоў калоніі.
Каталіцкаму святару Генрыху (Генадзю) Акалатовічу 64 гады. Родам ён з вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна.
Апошнім часам Генрых служыў у каталіцкім храме святога Язэпа ў Валожыне. Яго затрымалі 17 лістапада 2023 года.
Акалатовіч раней перанёс інфаркт і хварэў на анкалогію, таму незадоўга перад затрыманнем яму правялі аперацыю на страўніку. Святару трэба асаблівы дагляд і медыцынская дапамога. Але яго трымаюць у СІЗА КДБ, а стан здароўя невядомы.
Вернікі раней паведамлялі парталу katolik.life, што Акалатовіча вінавацілі ў тым, што ён камусьці выдаў нейкую таямніцу. Вядома таксама, што аб'ём шкоды, які выставілі святару, сягае мільёна даляраў. Пісалі і пра тое, што канфіскавалі не толькі асабістыя грошы святара, але і грошы парафіі.
Судзіць яго будзе Уладзімір Арэшка. Гэта той жа суддзя, што прысудзіў 8 гадоў Эдуарду Бабарыку, велізарныя тэрміны фігурантам справы пра «захоп улады» (Кастусёў, Фядута, Зяньковіч), шэсць гадоў за данаты маладзечанцу Аляксандру Верасовічу.
Каментары