Прапаганда актыўна выдае размову Аляксандра Лукашэнкі са студэнтамі ў Лінгвістычным універсітэце за доказ таго, што ў краіне існуе свабода слова і ёсць магчымасць задаваць незапланаваныя і нязручныя пытанні. Нават праз некалькі дзён прапагандысты працягваюць акцэнтаваць на гэтым увагу, успамінаючы «смелае пытанне» адной са студэнтак пра адключэнні інтэрнэту ў 2020-ым. Даведаліся, як рыхтавалі студэнтаў да сустрэчы і наколькі выпадковай аказалася «смелая студэнтка».
Асвятляючы нядаўні візіт Аляксандра Лукашэнкі ў МДЛУ, дзяржаўная прапаганда актыўна падкрэслівала, што на мерапрыемстве «адсутнічаў афіцыёз», а пытанні, зададзеныя студэнтамі, былі «спантаннымі і смелымі». Гэта таксама суправаджалася запэўніваннем у тым, што студэнтаў, якія жадалі задаць пытанне Лукашэнку, «абіралі ў зале выпадкова», і што «забароненых тэм не было».
Рэчаіснасць аказалася зусім іншай. Як даведалася «Наша Ніва» ад некалькіх крыніц, студэнтаў для ўдзелу ў «адкрытым мікрафоне» адбіралі загадзя: супрацоўнікі дэканатаў у асобным парадку абзвоньвалі іх за дзень да візіту Лукашэнкі з запрашэннем на мерапрыемства (студэнты маглі адмовіцца, але асноўнай задачай было забяспечыць поўную запаўняльнасць актавай залы — больш за 600 месцаў).
Занесеныя ў закрыты запрашальны спіс студэнты павінны былі на наступны дзень прыехаць у МДЛУ а 7-ай раніцы, каб прайсці інструктаж па паводзінах на «адкрытым мікрафоне», а таксама азнаёміцца з пытаннямі да Лукашэнкі і чаргой іх агучвання.
Увайсці ў МДЛУ той раніцай можна было толькі праз уваход галоўнага корпуса А (для Лукашэнкі падрыхтавалі асобны ўваход праз корпус В, праз які не маглі прайсці звычайныя людзі), паказаўшы супрацоўнікам КДБ і службы аховы Лукашэнкі пашпарт. Па інфармацыі крыніц, галоўны ўваход ахоўваўся «як у аэрапорце»: супрацоўнікі спецслужб паставілі свае ўласныя металарамкі і абшуквалі наведвальнікаў.
Каб разгрузіць універсітэт ад людзей, чатыры з шасці факультэтаў МДЛУ былі адпраўлены на дыстанцыйнае навучанне ў перыяд з другой па чацвёртую пару першай змены.
Спецслужбісты прапускалі ў будынак толькі тых, у каго сапраўды былі пары, і тых, хто быў запрошаны на мерапрыемства.
Цэнтральнае месца ў прапагандысцкім наратыве аб свабодзе слова на сустрэчы з Лукашэнкам заняло «смелае пытанне выпадкова абранай» студэнткі факультэта журналістыкі БДУ Ганны Бурдо, якая спытала ў палітыка пра адключэнні інтэрнэту падчас пратэстаў 2020 года. Дзяржаўнае тэлебачанне на працягу некалькіх дзён раскручвала гэты момант, а пасля выклала міні-інтэрв'ю з аўтаркай пытання, дзе тая запэўнівала, што «раптоўна прыдумала пытанне».
Ганна Бурдо, якая толькі ў гэтым годзе скончыла школу, ужо працуе карэспандэнткай БТ (на моладзевым шоу «Пін-Код» на «Беларусь 2»), аб чым адрыта заяўляе ў сваім інстаграме. Яе бацька, Андрэй Бурдо, з'яўляецца кіраўніком пасёлка Руба, які знаходзіцца каля Віцебска.
Дзяўчына мае ўласны прыватны канал у тэлеграме, дзе актыўна каментуе знамянальныя падзеі ў сваім жыцці. Адной з такіх падзей якраз стала яе «смелае пытанне» да Лукашэнкі ў МДЛУ.
«На той момант я не ўсведамляла, што мой учынак быў смелы, а пытанне — вострае. Але затое яно было актуальным! Пра гэта сведчаць водгукі студэнтаў, выкладчыкаў і прафесійных журналістаў.
«Ты журналіст — дык будзь журналістам», — выказаў мне сваё аўтарытэтнае меркаванне Ігар Тур.
Пасля сустрэчы [з Лукашэнкам] мне пачалі тэлефанаваць з «невядомых» нумароў. Гэта былі журналісты найбуйнейшых беларускіх СМІ, сярод якіх СТБ і «СБ. Беларусь сёння». Ніхто не чакаў, што гэта сапраўды маё спантаннае пытанне. Але як ёсць», — хвалілася ў сваім прыватным тэлеграм-канале Ганна Бурдо.
Акцэнт на водгуку прапагандыста Ігара Тура быў не выпадковы: дзяўчына нядаўна хвалілася ў сацсетках, што брала ў яго інтэрв'ю. Акрамя Тура, студэнтка таксама раней апытвала свайго дэкана Аляксея Бяляева, міністра інфармацыі Марата Маркава і кіраўніка БРСМ Аляксандра Лук'янава.
Як склаўся лёс хлопца з вядомага жыццесцвярджальнага фота студэнцкага маршу-2020?
Стала вядома, колькі студэнтаў адлічылася з аднаго са сталічных універсітэтаў за апошнія гады. Лічба ўражвае
«Пражыць месяц на стыпендыю атрымалася, але гэта было вельмі сумна». Беларускія студэнты расказалі, як яны жывуць і колькі трацяць
Каментары
20 гадоў таму быў на такой сустрэчы.
Разумею, зараз цяжка ў гэта паверыць, але тады ўсё было па іншаму.
Ен насамрэч прыходзіў весці барацьбу за галасы (у 2001 студэнты БДУ вельмі дрэнна прагаласавалі і па-рознаму сабатавалі ці пратэставалі, нават насіў петыцыю супраць датэрміновага галасавання намесніку дэкана).
На сустрэчы ен спрабаваў студэнтам спадабалацца, "фліртаваў". Але потым, відаць, зразумеў, што "любімая" усе роўна кажа "не" і яго не любяць. Таму перайшоў да гвалту і прымусу.
І пытанні пісалі самі на паперцы, і ніхто не цэнзураваў. Так пытаў "калі вернецца бела-чырвона-белы", а сябра пытаў "стаўленне да мовы". Тады ен яшчэ смешна адказаў на тое пытанне:"я скончыў, ці закончыў, як правільна..."
Дарэчы, не памятаю шмат прэсы на той сустрэчы.
І на пытанне пра сцяг адказаў вельмі адэкватна. Змест быў такі, што калі пакаленне зменіцца, там паглядзім. А пакуль пакаленне савецкае, то і сцяг - савецкі. Ніякага негатыва да БЧБ тады не было, прынамсі - публічна.
Зараз цяжка самому сабе паверыць, што такое было. Але было.
Усе пытанні нараджаюцца, узгаджаюцца праз шмат людзей. Ніякай самадзейнасці. Усе рэжысуецца, таму і выглядае горш, чым у часы савецкага застою.