Гісторыя55

«Сітуацыя з захаваннем драўлянага дэкору ў Беларусі — катастрафічная». Гісторык расказаў, чаму гэта так

Ліштвы, разьбяныя карнізы, дэкаратыўныя франтоны, а таксама багата аздобленыя брамы, дзверы, вільчыкі і гэтак далей. Гомельшчына традыцыйна славілася разнастайным і прыгожым аздабленнем драўляных дамоў. Традыцыя, якая сёння катастрафічна знікае і з візуальнага асяроддзя, і з людской памяці. «Мова Гомель» прапанавала невялікі экскурс у гісторыю разьбянога дэкору паўднёва-ўсходняй Беларусі разам з гісторыкам, кандыдатам мастацтвазнаўства Яўгенам Малікавым. 

Яўген Малікаў

Яўген Малікаў з Гомеля — адзін з тых рэдкіх людзей, якія шмат могуць расказаць на тэму разьбянога архітэктурнага дэкору. Да таго ж Яўген — аўтар кнігі «Традыцыі разьбянога дэкору ў народнай архітэктуры паўднёва-ўсходняй Беларусі: канец IX — пачатак XX ст.», якая стала вынікам грунтоўнай працы і шматлікіх экспедыцый. Кніга выйшла ў 2016 годзе, але праца яшчэ не завершаная і мае вялікі патэнцыял.

Даследчык выдзеліў чатыры традыцыі разьбянога архітэктурнага дэкору: пагарынскую, бярэзінскую, ніжнепасожскую і ніжнепрыпяцкую. Зразумела, па назвах адпаведных рэк. «Мова Гомель» прыглядзелася падрабязней да разьбянога дэкору, распаўсюджанага ў раёне Гомеля і ўсяго гэтага рэгіёна. І гэта невыпадкова, бо менавіта тут дэкор найбольш багаты і разнастайны.

Багаты разьбяны дэкор — карані на Гомельшчыне

Ніжнепасожская традыцыя разьбянога архітэктурнага дэкору ахоплівае паўднёва-ўсходнія раёны Гомельскай вобласці, яна — самая яркая і выразная. Ядро ж гэтай традыцыі ўтвараюць гарады Гомель, Ветка, Добруш, а таксама Рэчыца і часткова Чачэрск.

Нашы продкі, аздабляючы вокны, дзверы, карнізы, брамы і гэтак далей, не проста ўпрыгожвалі свае дамы, але такім чынам пакідалі своеасаблівыя пасланні пра сваю культуру, свае магічныя і сімвалічныя ўяўленні.

Вось што кажа Яўген Малікаў:

«Дэкор развіваўся з часам, але таксама і геаграфічна. Да прыкладу, на захадзе Гомельскай вобласці і ў Брэсцкай ён вельмі моцна адрозніваецца ад гомельскага дэкору. Калі на захадзе дэкор больш просты, можна сказаць лінейны, то на Гомельшчыне ён больш разнастайны, складаецца з розных элементаў: ромбікаў, крыжыкаў, авалаў і гэтак далей».

Даследчык звяртае ўвагу, што такая ж тэндэнцыя прасочваецца не толькі ў разьбяным дэкоры. Калі параўнаць, да прыкладу, традыцыйныя ручнікі заходняга Палесся і паўднёвага ўсходу Беларусі, то заўважым тое самае: на захадзе — лініі, на ўсходзе — ромбікі, авалы і разнастайныя ўзоры. Гэта ж можна прасачыць і ў традыцыйным адзенні, і нават у планіроўцы сялянскіх двароў: на захадзе вёскі традыцыйна забудаваныя лінейнымі дварамі, на ўсходзе — «вяночныя» двары ў форме квадратаў або прамавугольнікаў.

Нашы продкі, ствараючы сваё асяроддзе, закладалі ў яго свае ўяўленні аб прыгожым, свае ментальныя асаблівасці ўспрыняцця навакольнага свету. На думку Яўгена Малікава, гэтыя ментальныя асаблівасці, зафіксаваныя ў аздабленнях, засталіся і ў сучасных беларусаў, хоць з часам яны змяняліся.

Феномен паўднёвага ўсходу

Чаму ж на паўднёвым усходзе Беларусі склалася такая яркая і своеасаблівая народная традыцыя, у тым ліку разьбянога дэкору? Вось што кажа Яўген Малікаў:

«Я тут бачу шмат чыннікаў, якія на гэта паўплывалі. Найперш трэба зазначыць, што з глыбокай старажытнасці ў гэтым рэгіёне была завышаная схільнасць да дэкаратыўнасці. І гэтая схільнасць хвалямі падмацоўвалася мастацтвам з паўднёвага ўсходу, якое даходзіла праз прылеглыя тэрыторыі сучасных Расіі і Украіны. Але з іншага боку, у гэтай частцы краіны сыходзіцца некалькі рэк, якія ў выніку аб’ядноўваюцца ў «аўтабан» пад назвай Дняпро. І можна меркаваць, што па гэтых шляхах-дарогах ездзілі не толькі людзі і тавары, але таксама і мастацкія ідэі. І маем такі вынік.

Да таго ж, на Гомельшчыне мала каменю, але шмат лесу, таму здаўна людзі ўмелі з гэтым дрэвам працаваць. То-бок тут шмат чыннікаў, якія накладаюцца адзін на другі, і ў выніку атрымліваем тое, што на тэрыторыях паўднёва-ўсходняй Беларусі і сумежных тэрыторыях паўночнай Украіны і заходняй Браншчыны адбыўся выбух традыцыі драўлянага народнага архітэктурнага дэкору».

Такім чынам, паводле даследчыка, на Гомельшчыне трэба шукаць карані дэкору, і гэтыя карані адносяцца як мінімум да другой паловы XIX стагоддзя.

Заняпад, знішчэнне. Што далей?

Знішчэнне драўлянай архітэктуры Гомельшчыны пачалося ўжо даўно. Зразумела, што такія падзеі, як вайна, нішчаць усё, не зважаючы, але на гэта мы не мелі ўплыву. Найгорш тое, што людзі знішчаюць сваю спадчыну свядома. Як вынік, той жа Гомель страціў сваё ўнікальнае аблічча, калі яшчэ ў нулявыя гады пачаўся знос драўляных дамоў сядзібнага тыпу канца XIX — пачатку XX стагоддзя. Гэты працэс працягваецца і вуліцы робяцца ўсё больш безаблічнымі.

«Цяпер сітуацыя з захаваннем драўлянага дэкору ў Беларусі — катастрафічная. Шматлікія будынкі руйнуюцца, тут варта прыгадаць хаця б толькі дамы на вуліцы Валатаўской у Гомелі, знесеныя ў апошнія гады», — канстатуе Яўген Малікаў.

Хоць даследчык кажа, што частку драўлянага дэкору ўдалося ўратаваць, зняўшы з дамоў, што ішлі пад знос, але ў тых маштабах, у якіх адбываецца знішчэнне, сабраць і захаваць усё, ды хоць бы нават самае адметнае, няма фізічнай магчымасці.

У Беларусі агулам, і на Гомельшчыне ў прыватнасці няма ніякіх дзяржаўных праграм па захаванні драўлянай спадчыны. Спрычыніліся да знішчэння і мясцовыя жыхары, якія казалі, што, маўляў, нам трэба жыць і трэба будавацца. Таму драўляная архітэктура знікае бясследна, удаецца часам захаваць толькі асобныя фрагменты, напрыклад, ліштвы.

Такім чынам, пакуль мы толькі страчваем…

Каментары5

  • CV
    05.02.2024
    Ну дык як спецыяліст у драўляным дойлідстве мог бы падрыхтаваць прапанову на ахоўны статус і падаць у аблвыканкам. А то ўсё плач Яраслаўны, а працу па захаванні мусіць рабіць нехта іншы. 
  • Жорж
    05.02.2024
    Gorliwy Litwin, так может тебе туда нужно? А то здесь ты,вроде как случайно оказался.
  • Пахожы халоп
    06.02.2024
    Захаваць драўніну можна хіба ў музеях. Можна адрэстаўраваць асобныя лепшыя будынкі, але кожную пахіліўшуюся хатку з багатай разьбой на вокнах не ўратуеш, асабліва пры адмоўнай дэмаграфіі.

    Цікава, аўтар звярнуў увагу на высокі шчыльны плот побач з "барочнай" ліштвай? І як гэта характарызуе багаты’ лесам людзей? Ці гэта проста норма матрыцы і не належыць асэнсаванню...

«Вырашыш уцячы — паламаю ногі». Былы палітвязень расказаў аб працы на хіміі па 18 гадзін на дзень1

«Вырашыш уцячы — паламаю ногі». Былы палітвязень расказаў аб працы на хіміі па 18 гадзін на дзень

Усе навіны →
Усе навіны

У Лоеве сілавікі затрымалі мужчыну, які нібыта фатаграфаваў вайскоўцаў

Узарвалі аўтамабіль з начальнікам аховы Запарожскай АЭС1

Настаўнікаў прымушаюць паведамляць, чым яны занятыя на «фортачках» 4

Максім Знак год правёў у адзіночнай камеры 

Былы кіраўнік СТБ Казакоў адрэагаваў на інтэрв'ю Лукшы3

Польскія дактары дасталі з беларуса кулю, якой у яго стралялі ў 2020 годзе1

Анджэліна Джолі сустракаецца з модным рэперам, маладзейшым за яе на дзевяць гадоў1

У Гродне абрабавалі амерыканцаў — скралі папулярны дарагі прэпарат6

Вось у якіх раёнах Мінска можа зноў пагоршаць якасць вады2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вырашыш уцячы — паламаю ногі». Былы палітвязень расказаў аб працы на хіміі па 18 гадзін на дзень1

«Вырашыш уцячы — паламаю ногі». Былы палітвязень расказаў аб працы на хіміі па 18 гадзін на дзень

Галоўнае
Усе навіны →