Два падлеткі з расійскага горада Омска, што ў Заходняй Сібіры, пратачыліся на авіябазу і падпалілі верталёт Мі-8. Пра гэта пішуць набліжаныя да расійскіх сілавікоў тэлеграм-каналы Shot, Baza, 112.
На апублікаваным відэа хлопцы кажуць, што яны былі затрыманыя за пранікненне на тэрыторыю верталётнай пляцоўкі і падпал верталёта. Школьнікі заявілі, што падпал яны нібыта ўчынілі на замову невядомага, які абяцаў 20 тысяч даляраў. Аднак грошы яны так і не атрымалі, а перапіска была выдаленая.
Тэлеграм-канал Shot піша, што 16-гадовыя школьнікі праніклі на тэрыторыю мясцовай авіябазы ў ноч на 21 верасня і кінулі ў верталёт кактэйль Молатава. Паводле папярэдніх даных, «тэхніка была спісаная». Расійскія каналы таксама сцвярджаюць, што заказчыкамі былі «ўкраінскія куратары».
Перад гэтым падобны падпал адбыўся таксама ў аэрапорце горада Наябрска Цюменскай вобласці. У датычнасці таксама абвінавачваюць школьнікаў, якім нібыта абяцалі за працу 5 мільёнаў расійскіх рублёў.
Каментары