Радасць Тараканава. Як жыве дырэктарка школы з такім незвычайным імем?
Радасць Тараканава працуе дырэктаркай школы ў Лёзна Віцебскай вобласці. Прозвішча ёй дасталася ад мужа, а імя падбірала маці-філолаг.
Дырэктарка школы расказвае «СБ. Беларусь сегодня», што мянушак ёй школьнікі не давалі.
«Называюць па імені і імені па бацьку. Асабліва гэта падабаецца малышам. Яны з задавальненнем расцягваюць, зазіраючы ў вочы «Ра-а‑а‑а‑а‑дасць Васі‑і‑і‑і-ільеўна!». Можа, таму што гучыць меладычна або само слова «радасць» радуе?» — разважае жанчына.
Прозвішча Тараканава у яе па мужу. Раней была Сумскай.
«Многія сяброўкі раілі перад вяселлем: пакідай, маўляў, дзявочае прозвішча. А я неяк і не затлумлялася. Раз муж Тараканаў, значыць, і я буду Тараканавай. Інакш гэта абразіць майго каханага, несправядліва атрымаецца. Мы з Дзмітрыем аднагодкі, пазнаёміліся яшчэ ў 9-м класе. Ён проста ў іншай школе вучыўся. Размаўлялі, сябравалі.
Употай я, вядома, яго ў падлеткавым узросце абзывала. З мамай яшчэ з гэтай нагоды жартавалі: вунь, маўляў, Таракан ужо прыйшоў, у брамкі чакае! А калі дружба перарасла ў сур'ёзныя адносіны, на прозвішча ўжо ўвагі не звяртала. З войска дачакалася і замуж без роздумаў пайшла. А вось сына мы простым імем назвалі — Ілля. Вырашылі, хопіць у сям'і мудраваць…»
Жанчына кажа, што іншых з імем Радасць не сустракала. І патлумачыла, адкуль такое імя:
«Мама (яна таксама педагог і філолаг па адукацыі) яшчэ ў студэнцтве вычытала гэтае імя ў кнізе «Слова пра словы», якую напісаў рускі савецкі пісьменнік і лінгвіст Леў Успенскі. Ён згадаў пра тое, што ў старых дакументах сустрэў незвычайнае рускае мужчынскае імя — Радасны Старабаярскі. Ужо пазней жаночае імя Радасць з'явілася ў Балгарыі. Але я лічу, што гэта самае што ні на ёсць старажытнарускае імя! У адным шэрагу з Верай, Надзеяй і Любоўю абавязкова павінна стаяць Радасць».
Дырэктарка расказвае, што бацька яе — родам з Данецкай вобласці.
«У таты з мамай пасля жаніцьбы доўга не было нашчадкаў. Лекары параілі змяніць клімат. І вось праз два гады пасля пераезду ў Беларусь нарадзілася я».
Сваякі жанчыны называюць яе памяншальна-ласкальна Радушка. А вось у дзяцінстве малеча спрабавала называць дзяўчынку проста Рада.
«Мяне гэта бясіла, — успамінае Радасць Васільеўна. — Я сама па сабе смуглявая, а тут яшчэ імя, падобнае на цыганскае… Дзіка перажывала і ўсім даказвала: я руская, і не Рада, а Радасць!»
Дырэктарам школы Тараканава стала менш за год таму. Яна раней тут вучылася, таму каля паловы педагагічнага калектыву — гэта яе былыя настаўнікі.
Каментары