Ланцужкі паставак як інструмент знішчэння. Падзеі ў Ліване паказалі, што любы тавар на планеце можа стаць зброяй
Дыстанцыйны падрыў тысяч прыладаў і сродкаў сувязі ў Ліване — гэта дэбют абсалютна новай тэхналогіі знішчэння людзей, якой цяпер змогуць скарыстацца іншыя краіны і групоўкі, піша агенцтва Bloomberg са спасылкай на амерыканскіх палітыкаў і чыноўнікаў. Па іх ацэнках, свет амаль цалкам безабаронны перад падобнай зброяй і яшчэ не гатовы да такога ўзроўню канфрантацыі.
Ізраільская масавая атака на баевікоў ліванскай радыкальнай групоўкі «Хезбала» праз глабальныя ланцужкі паставак цывільных тавараў паказала зусім новы ўзровень вядзення гібрыднай вайны, і гэты вопыт абавязкова пяроймуць іншыя, адзначаюць суразмоўцы агенцтва Bloomberg з ліку былых і дзейных дзяржслужбоўцаў ЗША.
«Калі Ізраіль здольны правярнуць такое, то і Кітай зможа. Доўгія і непразрыстыя міжнародныя ланцужкі паставак тавараў пакідаюць прабелы, якімі можна занадта лёгка скарыстацца, і нам разам з саюзнікамі патрэбна выпрацаваць стратэгію іх закрыцця», — кажа член палаты прадстаўнікоў ЗША Сэт Моўлтан.
Падобны пункт гледжання падзяляе і Мэлані Харт, галоўны дырэктар Глабальнага аналітычнага цэнтра па праблематыцы Кітая пры Атлантычным савеце НАТА. На яе думку, глабальныя ланцужкі паставак, якія дапамагаюць вырабляць танныя тавары і стымулююць рост сусветнай эканомікі, могуць стаць зброяй у руках замежных супернікаў з-за тэхналагічнай узаемазалежнасці краін.
«Калі вы залежыце ад рэсурсаў і тэхналогій іншых дзяржаў, вы даеце ім свабоду дзеянняў і доступ да сваіх сакрэтаў. Падзеі ў Ліване — гэта дэманстрацыя таго, як выглядае ператварэнне тэхналагічнай залежнасці ў зброю», — адзначае Мэлані Харт.
У той жа час былыя прадстаўнікі амерыканскай выведкі і адзін з былых чыноўнікаў паведамілі Bloomberg, што сітуацыі з перахопамі цывільных тавараў і ўмяшаннямі ў ланцужкі паставак ва ўсім свеце адбываюцца пастаянна, з большага праз дзейнасць спецслужбаў розных краін.
«Пранікненні ў ланцужкі паставак — даволі стандартны інструмент разведвальных службаў. У апошнія некалькі гадоў мы бачылі, што падобнае выкарыстоўваецца ў асноўным для збору інфармацыі і шпіянажу (Bloomberg дадае, што падобным метадам карыстаецца і амерыканская выведка), але, як мы нядаўна бачылі, інструмент таксама можна выкарыстоўваць для мэтанакіраваных забойстваў», — дзеліцца адзін з былых супрацоўнікаў Федэральнага бюро расследаванняў ЗША.
Па даных ФБР, Кітай распрацоўвае планы па дыстанцыйным пашкоджанні амерыканскай крытычнай інфраструктуры праз экспартаваныя ў ЗША кітайскія тавары, кампаненты і тэхналогіі, каб у выпадку ці пры пагрозе вайны «паспрабаваць выклікаць паніку сярод амерыканскага насельніцтва і тым самым парушыць волю краіны да супраціву».
У той жа час тэхналагічная залежнасць ЗША ад Кітая ў некаторых крытычных і ваенных сектарах толькі ўзрастае, а Кітай у сваю чаргу актыўна спрабуе пазбавіцца ад залежнасці ад заходніх тэхналогій, піша Bloomberg.
Апытаныя агенцтвам эксперты па бяспецы падкрэсліваюць, што вялікае мноства прыладаў у свеце магчыма ўжо маюць убудаваныя шкодасныя праграмы і што ад моцнай узаемазалежнасці краін свету вельмі складана ўцячы, бо гэта — неад'емная частка сучаснай міжнароднай рэальнасці, дзе заўсёды існуюць попыт і прапанова.
Адзінае, што раяць эксперты, гэта яшчэ большае ўмацаванне каардынацыі і сяброўскіх адносін з краінамі-саюзнікамі, каб лепш абараняць уласныя суверэнітэты.
Каментары