Грамадства1919

Кітай папрасіў Беларусь нармалізаваць адносіны з Польшчай — крыніца

Такая просьба ад Кітая сапраўды прагучала, пацвердзіла «Нашай Ніве» крыніца ў дыпламатычных колах. 

Сі Цзіньпін. Фота: AP Photo / Tatan Syuflana

Ці азначае наяўнасць просьбы ад Кітая пра нармалізацыю польска-беларускіх адносін, што адзін з самых вядомых беларускіх палітвязняў Андрэй Пачобут усё ж выйдзе на свабоду? Што цяперашнія хвалі вызвалення робяцца для таго, каб засунуць яго ў адну з порцый?

16 верасня стала вядома пра вызваленне чарговай групы палітзняволеных — гэтым разам 37 чалавек. Атрымліваецца, агулам за апошнія тры месяцы датэрмінова выйшлі 120 палітзняволеных. Апошні месяц вызваленні ідуць партыямі штодватыдні.

Ладную часціну старанна зрэжысіраванай сустрэчы з нібыта прадстаўнікамі нацыянальных меншасцей 12 верасня Аляксандр Лукашэнка прысвяціў даказванню, што Кітай не рэкамендаваў Мінску нічога. 

«Навошта амерыканцам вайна? Пры чым тут адносіны Беларусі і Польшчы? І пра што першы ніколі НЕ гаварыў са Старшынёй КНР?» — гаворыцца ў падводцы Наталлі Эйсмант да відэафрагмента ў ТГ-канале Пул первого, менавіта з такім падкрэсліваннем вялікімі літарамі і шрыфтам.

«У нас нармальнае стаўленне да іх, нармальная палітыка, давайце супрацоўнічаць. Там ужо ў шаленства прыйшлі бізнэсоўцы польскія … яны пытаюцца ў кіраўніцтва Польшчы, нашто вы гэта робіце, мы ж там грошы зарабляем. … Яны сабе ўжо не толькі ў нагу выстралілі, нават у галаву. Я разумею, што не можа быць адна краіна толькі вінаватая, а другая не, таму я і свайму ўраду кажу: не трэба сварыцца з палякамі, можа дзесьці штосьці недапрацавалі.

Давайце будзем з імі па-добраму, давайце будзем рабіць крокі насустрач. Не, яны там круцяць-верцяць. Вось кітайцы Лукашэнку прымусілі, каб ён змякчыў палітыку ў дачыненні да Польшчы. З Кітаем мы не абмяркоўвалі нават гэтыя тэмы. Ніколі Сі Цзіньпін, ведаючы мяне, ніколі не скажа, што ты там у Польшчы штосьці зрабі. І кітайцы разумныя і кіраўнікі, і спецслужбы, яны ведаюць, у чым прычына. Але галоўнае, вось я вам клянуся, мы ніколі гэтай тэмы з Кітаем не абмяркоўвалі, — даказваў Лукашэнка. — І тое, што туды менш ідуць сёння ўцекачоў, як яны заявілі, у два разы, ну чаго сабачыцца ўвесь час з імі, я кажу, давайце папярэджваць афганцаў, гэта ж афганцы, іракцы і сірыйцы бягуць».

Аляксандр Лукашэнка часта «клянецца» ў розных тэмах, напрыклад, пра тое, што ніхто не фальшаваў вынікаў выбараў, гэта звычайны для яго рытарычны прыём.

«Другая праблемы — не іх клопат, як мінімум — вызваленне палітзняволеных. Якіх палітзняволеных? Ну вы ж бачылі, што тварылася ў спакойнай, ціхай Беларусі ў 20-м годзе, — заглядаючы ў вочы дэпутату, якога сам прызначыў, Лукашэнка з нянавісцю ўспамінаў мірныя дэманстрацыі за сумленны падлік галасоў.

«Правы чалавека. Якія правы чалавека?» — пытаўся Лукашэнка.

«Пачобут, Пачобут, Пачобут! — працягваў Аляксандр Лукашэнка. — Слухайце, добра, забірайце. А ён: а я туды не пае-е-еду».

Магчыма, гэта водгулле таго, што Андрэй Пачобут — выдатны інтэлектуал, журналіст і маральны лідар беларускіх палякаў — катэгарычна адмаўляўся прызнаць сваю віну і пагадзіцца на дэпартацыю ў Польшчу ўзамен за вызваленне. Мяркуючы па ўскоснай інфармацыі, менавіта такімі былі першасныя ўмовы, якія выстаўлялі яму лукашысты.

«У чым я не маю рацыю?» — рытарычна запытаў Аляксандр Лукашэнка.

«Вы маеце рацыю», — з саладжавай усмешкай заківаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Сонгін, які на гэтай сустрэчы граў ролю паляка.

Паведамлялася, што прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас візіту ў Кітай з 22 па 26 чэрвеня абмеркаваў са старшынём КНР Сі Цзіньпінем міграцыйны крызіс на мяжы з Беларуссю і расказаў пра гібель польскага жаўнера пасля атакі мігранта. Анджэй Дуда папярэдзіў кіраўніка КНР Сі Цзіньпіна пра абвастрэнне сітуацыі на беларускай мяжы, магчымым перакрыцці яе і магчымых наступствах гэтага для кітайскай лагістыкі тавараў.

У адказ упершыню з моманту крызісу на мяжы Беларусі з суседзямі МЗС Кітая афіцыйна пракаментавала сітуацыю.

«Кітай спадзяецца, што абодва бакі будуць ставіцца адзін да аднаго з павагай і будуць вырашаць праблему шляхам кансультацый, каб пазбегнуць эскалацыі напружанасці», — адзначылі ў кітайскім МЗС.

Праз мяжу Беларусі і Польшчы праходзіць важны для гандлю Кітая з Еўрасаюзам чыгуначны маршрут. Кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі заяўляў, што ўрад можа разгледзець магчымасць поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю праз крызіс з мігрантамі. Аднак такога раней не адбывалася нават у момант вострага мігранцкага крызісу восенню 2021 года, які папярэднічаў нападу Расіі на Украіну.

У паняцце нармалізацыі адносінаў з Польшчай можа ўваходзіць нармалізацыя сітуацыі на мяжы і вызваленне актывіста польскай нацыянальнай меншасці Андрэя Пачобута. Кітай наўрад ці мог ставіць пытанне пра вызваленне іншых палітзняволеных ці палітычныя рэформы — ён і сам таталітарная дзяржава, на гэта няможна разлічваць.

Што да Польшчы, то яна давала сігналы пра гатоўнасць адкрыць некаторыя памежныя пераходы і актывізаваць двухбаковыя кантакты. Магчыма, Мінск не настолькі зацікаўлены ў гэтым, каб спяшацца з нармалізацыяй. 

Тым больш што з дзеянняў Варшавы рабілася ясна, што закрыццё таварнага руху праз Брэст можа адбыцца ў выпадку рэзкага пагаршэння сітуацыі на мяжы — а яго не адбываецца. 

Што робіцца ў гэты момант з Андрэем Пачобута — невядома. Інфармацыі ад яго за апошні час не даходзіла. 

Каментары19

  • Acab
    17.09.2024
    Слухайце, я не хачу, каб бязьвінны спадар Пачобут чэз ў вязьніцы, не хачу, каб пілігрымаў марнавалі на мяжы і ніякіх дзяржаўных злачынстваў не хачу.
    Але вы сябе чуеце?! Спадар Творца Сарокін не надзяляў кітайцаў ў сваіх антыўтопіяў гэткай моцнай і далёкасяжнай ўладай. Вы ў сваім мысьленьні пажаданым выстаўляеце дзядоў з ЦК КПК Ўладарамі польска-беларускае мяжы і дыктатарамі мясцовым правадырчыкам (я нават не ацэньвацьмацьму якасьць "блізкай ў колах" пагудкі).
    Прыдзіце вы ўжо да цямы
  • Чытачка
    17.09.2024
    Трэба толькі дадаць для аб'ектыўнасці, што на гэтай сустрэчы хакеіст Лукашэнка граў ролю Прэзідэнта.
  • дочка Міколы Бугая
    17.09.2024
    а з:ь якога перапуду гэта мы мусім нармалізаваць адносіны з польшчай?
    а яна з намі - не ?

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго10

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Усе навіны →
Усе навіны

Дзе купілі самую дарагую кватэру ў Мінску ў верасні?2

У Беларусі некалькі дзён могуць быць праблемы з інтэрнэтам3

У Ждановічах затапляе выезд на кальцавую2

Рыгора Азаронка запрасілі працаваць на «Беларусьфільм»12

Даляр абнавіў гадавы максімум1

У Беларусі пачалі збіраць кітайскія мікрааўтобусы раней невядомага нам брэнду. Што за яны і колькі каштуюць4

Пяцёра расіян загінулі пры ўзыходжанні на гару-людажэрку ў Гімалаях12

У пункце пропуску «Беняконі» могуць вырасці чэргі

СК паведаміў пра крымінальную справу на 45 чалавек13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго10

Борт Лукашэнкі з-за тэхнічных праблем вярнуўся ў Мінск без яго

Галоўнае
Усе навіны →