118 гадоў таму выйшаў першы нумар першай беларускай легальнай газеты
З шасці нумароў чатыры былі канфіскаваныя.
14 верасня (1 верасня па старым стылі) 1906 года ў Вільні выйшаў першы нумар газеты «Наша Доля».
Яна пазіцыянавала сябе як штотыднёвая легальная газета рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку. Выдавалася роўна тры месяцы, разам выйшла 6 нумароў, з іх 4 былі канфіскаваны, 7-ы быў знішчаны яшчэ ў наборы. Палова тыражу друкавалася кірыліцай, палова — лацінкай. Разавы тыраж 1-га нумару склаў 10 тыс. асобнікаў.
Пачатковы склад рэдакцыі гэтай газеты быў невялікі: Фелікс Умястоўскі, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Іван і Антон Луцкевічы.
Праграма, паводле якой выходзіла газета, уключала ў сябе наступныя рубрыкі: «1) Дзеянні ўрада; 2) Палітычны агляд; 3) Жыццё вёскі; 4) Жыццё горада; 5) Фельетон; 6) Найноўшыя творы беларускай літаратуры; 7) Што чуваць на Белай Русі; 8) З Літвы; 9) Па Расіі; 10) Карэспандэнцыі; 11) З-за мяжы; 12) Што трэба і чаго не трэба чытаць; 13) Літаратурны дадатак; 14) Новыя кнігі; 15) З мінулага Беларусі; 16) Паштовая скрыня; 17) Сельская гаспадарка; 18) Практычная медыцына; 19) Прыкладная механіка; 20) Сумесь; 21) Абвесткі.
Рэдакцыя месцілася ў будынку, які сёння знаходзіцца па адрасе Віленская, 21.
На газету неаднаразова накладваўся арьшт, а рэдактары прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.
14 снежня 1906 года выйшаў апошні нумар, але трыма тыднямі раней, 23 лістапада 1906 года, выйшаў першы нумар «Нашай Нівы».
Каментары