Грамадства

«Па выхадных нават чэргі». У Мінску адкрылася «касмічная» зона адпачынку з бясплатным вяровачным гарадком

У Мінску ў Фрунзенскім раёне адкрылася новая зона адпачынку з назвай «Космас». Яна хаваецца ў лясным масіве ў межах вуліц Адоеўскага, Цімашэнкі, Прытыцкага, Еўфрасінні Полацкай. Яшчэ не ўсе мінчукі ведаюць пра гэтую новую лакацыю для рэлаксу сярод маляўнічай прыроды. Blizko.by прагулялася па звілістых сцяжынках, паглядзела, што там ёсць цікавага, і даведалася, чым здзіўляе новае месца. 

«Сакрэтны» космас у Мінску

Уладкаваная зона адпачынку «Космас» уяўляе сабой сцежку, якая злучае вуліцы Адоеўскага і Прытыцкага, а па абодва бакі гэтай сцежкі ёсць розныя забавы.

Як дабрацца да гэтай патаемнай лакацыі? Калі ехаць на машыне, то лепш за ўсё паркавацца на вуліцы Адоеўскага, 129. Пасля трохі прайсці, і адразу ж будзе стэнд з надпісам «Космас».

А вось калі вы паедзеце грамадскім транспартам, то гэта паблізу станцыі метро «Спартыўная». Трэба ісці ў бок царквы Еўфрасінні Полацкай. З гэтага боку вас сустрэнуць велізарныя светлавыя скульптуры двух ласёў. Гэта будзе адваротны бок зоны адпачынку.

Як можна здагадацца, тэматыка лакацыі — касмічная. Раней улады горада паведамлялі, што гэтае месца назвалі ў гонар палёту беларускі Марыны Васілеўскай у космас.

Месца без мітусні 

Зона адпачынку «Космас» размешчаная ў маляўнічым месцы. Тут можна прагуляцца па цяністых алеях, адпачыць ад мітусні вялікага горада і нават атрымаць асалоду ад спеваў птушак. А што тут ёсць яшчэ?

Пачаць можна з таго, што тут шмат сімпатычных драўляных лавак.

Для аматараў пікнікоў абсталяваная зона для грылю. Яна падыдзе для невялікай кампаніі і абсталяваная ўсім неабходным для камфортнага баўлення часу: сталамі, лаўкамі, мангаламі.

Для тых, хто аддае перавагу актыўнаму адпачынку, тут створаная сучасная варкаўт-пляцоўка з разнастайным абсталяваннем. Можна знайсці турнікі, брусы, лавы для прэса і многае іншае. Таксама ёсць вулічныя трэнажоры.

Для самых маленькіх наведвальнікаў у «Космасе» абсталяваныя дзіцячыя пляцоўкі з гульнявымі комплексамі, арэлямі, горкамі і пясочніцамі, тэматычным гульнявым комплексам у выглядзе ракеты.

Ну і вішанька на торце — бясплатны веровачны парк з міні—скаладромам. Гэты комплекс складаецца з адной трасы лёгкай ступені складанасці. Яна падыходзіць для дзяцей ад 7 гадоў і старэйшых.

Яе працягласць складае цэлых 75 метраў. Адначасова на ёй могуць знаходзіцца не больш за 14 чалавек. Немалаважна і тое, што калі дзецям менш за 7 гадоў, альбо рост ніжэй за 120 сантыметраў, то праходжанне дапускаецца ў суправаджэнні дарослых. 

З цікавага яшчэ ёсць спецыяльная сцежка з шышкамі, карой, камянямі. На ёй можна пагуляць басанож і атрымаць кайф для ног.

Дарэчы, у гэтай лакацыі цяпер чыста. Ёсць шмат сметніц. 

Можна тут адпачываць і са сваімі хатнімі жывёламі. Праўда, вас папросяць прыбіраць за імі. Ёсць нават спецыяльныя пакеты.

«На выхадных чарга з машын»

Новая зона адпачынку выклікала водгук і ў мінчан. Многія гараджане былі задаволеныя, што гэтую лакацыю ўрэшце прывялі ў парадак.

«Толькі што схадзіла з дзецьмі ў разведку. Месца ок. Але! Уздоўж дарогі каля канатных і вяровачных забавак у зямлі глыбокія ямы! Будзьце пільныя», — кажа дзяўчына.

Таксама праз некаторы час яна яшчэ раз наведала зону адпачынку і адзначыла, што такіх вялікіх ям ужо не было. 

«Праз дарогу ад майго дома. Нам падабаецца, што там цяпер такая тусоўка. На выхадных чарга з машын уздоўж дарогі», — гаворыць мясцовая жыхарка.

«Гарадскія пляцоўкі робяцца для ўсіх людзей, а не толькі для жыхароў праз дарогу», — адказвае ёй іншы карыстальнік.

«Будуць хадзіць толькі тыя, хто побач жыве, і не больш», — упэўнены малады чалавек. 

Мінчанка падзялілася і такой гісторыяй: «Учора былі ў гэтым парку, месца, вядома, цікавае, але вось дзеці знайшлі шпрыцы. Адна дзяўчынка спрабавала з імі гуляць, трэба быць вельмі ўважлівым».

«Выдатнае месца, бо, у адрозненне ад пляцоўкі за «Скалой» ці новага парку Уга Чавеса, тут цянёк. У летні гарачы дзень гэта вялікі плюс. Даўно пара было там парадак навесці», — падкрэслівае дзяўчына. 

Адзначалі гараджане, на іх думку, і некаторыя недахопы. Напрыклад, мінчанка напісала ў сваім каментары: «Дрэнная ідэя засыпаць дарожкі шчэбнем, ісці нерэальна з каляскай і самакатам».

«Галоўнае, каб кляшчоў не было», — резюмуе мінчанка.

Калі падсумоўваць, то, нягледзячы на сваё размяшчэнне каля шумных вуліц, асабліва Прытыцкага, у зоне адпачынку «Космас» усё ж такі цішыня і спакой. Радуе і тое, што тут рэальна цянёк і не так горача.

Пры вялікім наплыве людзей месца для грылю ўсім не хопіць, таксама ўсе адразу не змесцяцца ў вяровачным гарадку.

У цэлым, гэта больш лакальная зона адпачынку для жыхароў найбліжэйшых раёнаў. Наўрад ці хтосьці мэтанакіравана будзе ездзіць з іншага канца горада.

Каментары

У Беларусь за ноч заляцелі не менш за восем шахедаў. Адзін з іх збіла СПА Расіі5

У Беларусь за ноч заляцелі не менш за восем шахедаў. Адзін з іх збіла СПА Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

За дапамогу палітвязням і «заклікі да санкцыяў» судзяць былую работніцу Нацыянальнай бібліятэкі9

Чатыры беларускія кампаніі трапілі ў топ-50 найбуйнейшых замежных прадпрыемстваў у Расіі

Гомельскія сілавікі прымусілі затрыманага «за падпіску» расказаць пра сэксуальную арыентацыю9

Беларус з'ездзіў у Германію з нямецкім «шэнгенам», але амбасада яму не паверыла і адмовіла ў наступнай візе3

У Беларусі паведамілі пра затрыманне агента японскіх спецслужбаў17

Затрыманая ў Арменіі беларуска ўжо можа свабодна пакінуць краіну3

Да канца 2024 года ў Беларусі памяняюць сістэму рэгулявання цэн

«Дайце хоць што-небудзь». Пуцін загадаў тэрмінова стварыць для яго лекі ад старэння11

У маладзечанскай гімназіі ўвялі адзіную форму для настаўнікаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусь за ноч заляцелі не менш за восем шахедаў. Адзін з іх збіла СПА Расіі5

У Беларусь за ноч заляцелі не менш за восем шахедаў. Адзін з іх збіла СПА Расіі

Галоўнае
Усе навіны →