Літаратура11

Эксперымент на жывым чалавеку. Выйшаў першы раман на матэрыяле з жыцця беларускіх айцішнікаў

Што сплялося ў апошняй кнізе Зараславы Камінскай, расказвае Зося Лугавая.

Гісторыя пачынаецца з таго, што Міра таямніча знікае. Ейны бойфрэнд (і адначасова шэф) Марк не хоча розгаласу, бо дзяўчына — твар рэкламнай кампаніі, таму звяртаецца да прыватнага дэтэктыва, а не ў міліцыю. Да таго ж, Міра пакідае падказкі для сваёй найлепшай, са школьных гадоў, сяброўкі Таі, з якой яны разам працуюць у кампаніі, што стварае камп’ютарныя гульні (і гэта адзін з важных складнікаў сюжэта), і сяброўка пачынае яе шукаць. Ёй дапамагае былы хлопец Ваня.

Гэта тое, што адбываецца ў нашым свеце, але ёсць яшчэ загадкавы «той бок». Там ёсць паселішча накшталт вёскі з ладам жыцця, падобным да таго, што быў гадоў са 150 таму. На «тым баку» дзяўчына Мара, з выгляду вельмі падобная да Міры, спрабуе выратаваць свайго каханка Міхася, які змагаецца з невядомай хваробай. Мары дапамагае вядзьмарка Белагаловая і дасведчаная суседка Мар’яна, але той свет поўны небяспекі: як ад людзей, так і ад чароўных істот, як, напрыклад, крыксы, малочныя ведзьмы, улішыцы. Мара там чужынка, таму вымушаная вывучаць тамтэйшы лад жыцця, робячы багата памылак. 

Спробы вось такога фэнтэзі на падмурку беларускай міфалогіі — не рэдкая з’ява ў беларускай літаратуры. Варта ўзгадаць хаця б нядаўні цыкл Валера Гапеева пра Вольнераў. Але даволі часта ўсё гэтае традыцыйнае выглядае даволі штучным, і ў яго не ўдаецца паверыць. Тут не так. Зараслава Камінская і добра ведае, і напраўду любіць тое, пра што піша. Таму і млынар, які згаварыўся з нячыстай сілай, бо інакш ты млын ані збудуеш, ані зберажэш, — выглядае вельмі натуральна. І Мар’яна, якая вучыць Мару, як абараніць кароў ад малочных ведзьмаў, выклікае павагу сваёй упэўненай дасведчанасцю. І маладая маці Адэля, чыё дзіця ледзь да смерці не замучылі крыксы, выклікае шчырае спачуванне… 

«— Табе шкада ведзьму?

— Усё жывое жыць хоча. Яны такія самыя гаротныя, як і мы, гэтаксама кахаюць, бядуюць, шчасця шукаюць. А што са злыднямі звязаліся, душу сваю прадалі — дык ім і на гэтым свеце пакутаваць, і на тым яшчэ».

Акрамя дэтэктыўнай гісторыі і загадкавай прасторы «па-той-бок», у кнізе знаходзіцца месца ўспамінам пра дзяцінства мяжы канца 80-х — пачатку 90-х гадоў. І тут самы час прыгадаць папярэднюю кнігу Зараславы, «Калядны стол», пабудаваную менавіта на ўспамінах і сямейных традыцыях. Ужо тады падчас чытання я адзначыла для сябе талент пісьменніцы да прыгадвання і ўменне сваімі ўспамінамі абуджаць уласныя ўспаміны чытачоў. Вось і гэтым разам, калі Тая прыгадвала сваё дзяцінства, часам дрыжыкі беглі па скуры — да таго гэтыя ўспаміны нагадвалі мне мае ўласныя.

Тая прыязджае ў родны горад, у бацькоўскую кватэру, дзе яе ніхто не чакае: бацькі чатыры гады таму загінулі ў аўтамабільнай аварыі. Яна не знаходзіць сілы ані штосьці змяніць у кватэры, ані прадаць яе. Кожная рэч там выклікае ўспаміны і рэфлексіі.

«…пыльны хрустальны графін, насамрэч, — гэта не проста графін, а застылы час. Крышталізаваныя чатыры гадзіны, якія бацька правёў у чарзе, каб яго набыць, і ў якія мог бы, напрыклад, пагуляць са мной. Белы з золатам сервіз — сем гадзін, бронзавая люстра — дванаццаць, збор твораў Чэхава — трыццаць дзве гадзіны. Шафа, то-бок секцыя, — кошт двухтыднёвага сямейнага адпачынку на моры, які так і не адбыўся».

Яшчэ адна тэма, да якой аўтарка час ад часу вяртаецца на працягу ўсёй кнігі, — стаўленне да традыцыйнай культуры. Кажа яна пра гэта не шмат, але вельмі трапна, актуальна і балюча. 

«… яны думаюць, што брыдкія лялькі з саломы — гэта іх вынаходка, ха-ха, як добра, агляд мастацкай самадзейнасці, во як мы прыдумалі, скульптуры з падручных матэрыялаў. Але гэта было да іх, і было напоўнена сэнсам. А што зараз? Быццам бы яны баяцца памяці і вытоптваюць яе, бы траву, а памяць жыве ў іх, вырываецца з іх падсвядомасці, і таму яны робяць страшных лялек, у якіх няма ні сэнсу, ні прыгажосці»

Героі раз-пораз вяртаюцца да разваг, чаму мы замест таго, каб зберагаць і вывучаць тое, што маем, імкнемся яго перарабіць, спрасціць, а то і проста знішчыць. Чытаеш — і бачыш саламяных зайцоў з мядзведзямі, зуброў з фанеры, расфарбаваныя камяні і плакаты з заклікамі берагчы маці-прыроду, што стаяць уздоўж беларускіх дарог. А таксама — сотні занядбаных храмаў і палацаў па ўсёй краіне, якія пакрысе разбураюцца пад дажджамі і снягамі. 

«…як калісьці пакрывалі тынкам фрэскі ў цэрквах, зараз яны пакрываюць фарбай камяні… гэта ў іх падсвядомае: змагацца з незразумелым, з тым, што большае за іх і што ім не падпарадкоўваецца. З мінулым, з прыродай. З тым, чаго яны баяцца. Пафарбаваны валун — зразумелы валун, бяспечны валун».

У кнігі лёгкі стыль, ненавязлівы гумар і шмат жыццёвых рэалій: як менскіх, так і раённага значэння. Родны горад Таі і Міры не называецца, але ў тэксце ёсць падказкі, якія не дазволяць памыліцца: Сафійскі сабор, Дзвіна, Палата.

Пры гэтым кніга прасякнутая любоўю і павагай да ўсяго свайго: да вялікага і шумнага Мінска, да жыцця ў беларускіх райцэнтрах, да беларускай прыроды і — найперш і найбольш — да традыцыйнай беларускай культуры. Але адчуваецца, што пра камп’ютарныя гульні і працу ў SMM аўтарка таксама ведае не па чутках (Гэта таксама нагода для жартаў: «Так, мне пашчасціла. Бо мэта ці не кожнага гуманітарыя, у якога ёсць пачуцце самазахавання, — «вайці в ай-ці». І так, каб не выйці».) Усё гэта робіць твор ледзь не ўніверсальным, бо ён можа спадабацца як аматарам дэтэктываў, так і прыхільнікам фэнтэзі на традыцыйным падмурку, і тым, хто любіць сучасныя тэхналогіі. 

Яшчэ адна адметная рыса кнігі — яркія жаночыя вобразы. Іх тут цэлы россып: шчырая і надзейная Тая, загадкавая і эгаістычная Міра, рамантычная настаўніца-пенсіянерка Алена Мікалаеўна, поўная жыццёвай энергіі Мар’яна, моцная сваёй вядзьмарскай сілай Белагаловая і г.д.

І тэма традыцыйных беларускіх лялек, якая раскрываецца вельмі грунтоўна і вакол яе будуецца інтрыга. Адна з галоўных гераіняў ледзь не са школьных гадоў збірае магічныя беларускія лялькі і мае сапраўдную калекцыю: штосьці знаходзіла ў старых вясковых хатах, штосьці — на анлайн-барахолках, штосьці рабіла сама на падставе музейных экзэмпляраў.

«Спадарожніца ж была адной з маіх любімых лялек. Яе бралі з сабою, калі выпраўляліся ў далёкі шлях, як напамін пра сям’ю, як адзіную памочніцу ў чужым краі. Мяккі мяшочак, набіты травою: галава перавязаная блакітнай хусцінкай, да ручак чырвонымі ніткамі прыматаная белая торбачка. У торбачцы — дробка зямлі, роднай зямлі, каб з самага далёкага кутка прывяла дадому»

Спадарожніца, Багатуха, Куватка, Асуджаная, Дзесяціручка, Жаданніца, Траўніца, Манілка, Неразлучнікі і спавівашкі — пра гэтых і іншых лялек расказвае Зараслава Камінская вуснамі сваіх гераінь на старонках кнігі. Лялькі ў кнізе — актыўныя ўдзельніцы падзеяў, яны ствараюць своеасаблівую атмасферу, насычаюць яе таямнічасцю. 

Ледзь не адзіны недахоп рамана — не самая ўдалая вёрстка. Але мне вельмі хочацца, каб, нягледзячы на гэта, кніга знайшла шлях да чытачоў, стала папулярнай і любімай. А таксама спадзяюся, улічваючы папярэднія поспехі Зараславы («Русалкі клічуць», за якую яна атрымала прэмію «Дэбют». Другая кніга — «Калядны стол. Некулінарная кніга» — узяла прэмію Цёткі ў 2020 годзе), што і гэтым разам — не абыдзецца без прэмій. 

Зараслава Камінская, «Па-той-бок. Старыя лялькі, новыя гульні». Выдавец Раман Цымбераў, 2023 год.

Каментары1

  • Лёля з-пад Оршы
    17.07.2024
    Чытала кнігу, вельмі спадабалася. Але ж там такі паварот ёсць, што давядзецца пазлавацца моцна на некаторых герояў :)

Аўтаперагонны бізнэс — усё? Хутка стане нельга прадаваць расіянам свежапрыгнаныя машыны з ЕС і ЗША

Аўтаперагонны бізнэс — усё? Хутка стане нельга прадаваць расіянам свежапрыгнаныя машыны з ЕС і ЗША

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусь перажывае татальную русіфікацыю, родная мова знікае са школ — Euronews28

Пашынян: АДКБ стварае пагрозы для бяспекі Арменіі

Для чыноўнікаў распрацавалі месенджар Depesha. У чым яго галоўная праблема?9

Ізраіль яшчэ на вытворчасці заклаў выбухоўку ў тайваньскія пэйджары для «Хезбалы» — Reuters5

Не пападзіцеся на хітрык. А1 стаў браць грошы за некалі бясплатную паслугу

Пракуратура запатрабавала ад «Яндэкс Музыкі» выдаліць песні гурта Tor Band3

Выйшаў на волю гомельскі журналіст Андрэй Толчын

Яшчэ адна сусветна вядомая спявачка заклікала галасаваць за Камалу Харыс3

СК расказаў падрабязнасці леташняга траўмавання пяці рабочых «Беларуськалія»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аўтаперагонны бізнэс — усё? Хутка стане нельга прадаваць расіянам свежапрыгнаныя машыны з ЕС і ЗША

Аўтаперагонны бізнэс — усё? Хутка стане нельга прадаваць расіянам свежапрыгнаныя машыны з ЕС і ЗША

Галоўнае
Усе навіны →