Літаратура55

«Ці помніш ты». Гэтая кніга можа пераадкрыць для вас беларускі свет

Ці помніш ты, чытачу, Міхала Анемпадыстава? Чалавека, які паўплываў на многіх з нас, але далёка не ўсе пра гэта здагадваюцца, піша Зося Лугавая.

Я і сама пра гэты ўплыў даведалася далёка не адразу. Толькі на канцэрце з нагоды 20-годдзя «Народнага альбома» ў лютым 2017 года я нарэшце сцяміла, што ідэя праекта і тэксты — аўтарства Анемпадыстава. У свой час «Народны альбом» стаў маім першым крокам на шляху да ўсведамлення сваёй беларускасці.

Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся ў Менску ў 1963 годзе і, фактычна не маючы беларускіх каранёў, адчуваў сябе і менчуком, і беларусам. Скончыў Менскую мастацкую вучэльню, удзельнічаў у аб’яднанні «Беларуская майстроўня», працаваў мастацкім рэдактарам часопіса «Бярозка», быў сябрам Беларускага саюза дызайнераў, а з 2011 года — сябрам яго праўлення.

Адначасова з гэтым Міхал Анемпадыстаў стаў адным са стваральнікаў беларускай рок-паэзіі 90-х гадоў. Акрамя ўжо легендарнага «Народнага альбому», які выйшаў у 1997 годзе і быў абраны «альбомам года» на Рок-каранацыі, ён спрычыніўся да музычнай творчасці гуртоў «Новае неба», «N.R.M.», «IQ48». Перакладаў на беларускую мову тэксты польскіх музычных гуртоў.

Міхал Анемпадыстаў быў дызайнерам лагатыпаў рок-фестывалю «Басовішча» і грамадска-культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі!», стварыў ілюстрацыі да кнігі Сержука Вітушкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі», а таксама вокладкі альбомаў «N.R.M.» і Змітра Вайцюшкевіча. 

Міхал сапраўды быў чалавек-аркестр: дызайнер, графік, мастак, фатограф, паэт, публіцыст, перакладчык. Пра яго часта кажуць, што ён ствараў сваю Беларусь, ствараў сучасны беларускі стыль і беларускі дызайн. Пры гэтым у сваіх тэкстах ён быў вельмі чулы да таго, што адбывалася вакол. У яго вершах шмат Беларусі, шмат Менску, а разам з імі — прыгажосці і тугі:

Ад былых палацаў белых
Захаваўся толькі вецер.
Ад былых палацаў чорных
Захаваўся толькі колер.
Я фарбую ў гэты колер
Свой абутак і адзенне, 
Каб у гэтым чорным строі,
Пад крывіцкім шэрым небам,
Калі хопіць вапны, цэглы,
Свой палац пабудаваць.

+++

На нашай вуліцы
Усё звычайнае:
Таполі пыльныя,
Дамы панэльныя,
Двары квадратныя,
Пад’езды брудныя,
Жыццё нармальнае,
А людзі розныя.

Міхал Анемпадыстаў пайшоў з жыцця ўзімку 2018 года. Нечакана і балюча для ўсіх, хто яго ведаў і цаніў. Зборнік «Ці помніш ты» прымеркаваны да 60-годдзя творцы. На вокладцы — фота аўтара з кубачкам Caif cafe, і каб напісаць гэты тэкст я адмыслова прыйшла ў адну з кавярняў гэтай сеткі. Ва ўсім, што звязана з Міхалам, важнымі падаюцца супадзенні, сімвалы, знакі і рытуалы. 

Дзесяць год таму ў выдавецтве «Логвінаў» выходзіла кніга вершаў Міхала Анемпадыстава «Глыбока-глыбока на дне філіжанкі кавы», названая па першым радку аднаго з вершаў:

Глыбока-глыбока на дне філіжанкі кавы
Пачынаецца новы дзень, доўгі і невядомы
Водару сцяг уздымаецца ў неба
Урачыста-гаркавы, як перамогі і страты…

Тое выданне блізкае зместам да цяперашняга, але знайсці яго ў продажы апошнім часам было даволі цяжка. Таму новае выданне — вельмі дарэчы, аднак і ягоны наклад невялікі (усяго 300 асобнікаў), таму лепей не адкладаць набыццё. 

Міхал Анемпадыстаў — гэта празрыста-простыя і адначасова глыбокія, як тое дно філіжанкі кавы, вобразы. Кавы, дарэчы, у ягоных вершах шмат. Разам з іншымі штодзённымі рэчамі і з’явамі: панэльнымі дамамі і маленькімі кватэрамі, дзвярыма і вокнамі, джынсамі і палітонамі. З верша ў верш крочаць блакітны, чорны, шэры, белы і чырвоны колеры. І тут немагчыма не прыгадаць дызайнерскі альбом «Колер Беларусі». У ім Анемпадыстаў візуалізуе каларыстыку беларускай мінуўшчыны і сучаснасці ды аналізуе галоўныя беларускія колеры: паходжанне іх назваў, гісторыю распаўсюду, уласцівасць пэўным рэгіёнам.

Сіні, блакітны, белы.
Белы, чырвоны, чорны.
Мы ўглядаемся ў неба,
Неба мяняе колер…

+++

Мы ў шэрых мундзірах,
Пад шэрым крывіцкім небам…

Падкрэсленая побытавасць — тое, што вельмі блізкае мне ў вершах Анемпадыстава. Ён кажа пра простае і звыклае, таму табе не трэба прыкладаць намаганняў на ўваходзе ў верш. Тым вастрэй адчуваецца глыбіня, на якую правальваешся, чытаючы тэкст далей. 

Вельмі характэрны для паэзіі Анемпадыстава вобраз Калядаў, надыходу якіх часта чакаюць лірычныя героі. Адзін з вершаў так і называецца: «Мы чакаем Калядаў». Разам з «Маёй краінай» гэта, бадай, найвядомейшыя тэксты Міхала, якія сталі песнямі ў выкананні гурта «Новае неба». Каляды — як светлая будучыня, якая можа з намі ніколі не здарыцца. Але мы маем тое жыццё, якое маем, і ў ягоных межах усё ж на штосьці здольныя. Напрыклад, на пасіўны пратэст.

Мы пісалі ў школе дыктоўкі,
Нас вадзілі глядзець на парады,
Прафсаюз дараваў карамелькі,
Мы бралі і чакалі Калядаў.
Нам даводзілі, хто мы і што мы,
Нас вучылі выконваць загады,
Нам казалі, ды мы не чулі — 
Мы ўпотай чакалі Калядаў…

Перачытваючы вершы Міхала гэтым разам, я адзначыла яшчэ два цікавыя вобразы — шафаў і шуфлядаў, як прасторы, дзе хаваецца штосьці нявызначанае, таямнічае, а то і мы самі. Гэта і вабіць, і пужае адначасова. Ніколі не думала пра Анемпадыстава як майстра саспэнсу, але ж ён напраўду стварае загадкавую атмасферу некалькімі словамі. 

У нашай чароўнай, шыкоўнай шафе,
Людзям на радасць выштукаванай,
Нешта шкрабецца, нешта шапоча,
Нешта варушыцца і замінае,
І замінае мне думаць спакойна 
Пра розныя дробныя хатнія справы…

Адметная рыса паэзіі Міхала Анемпадыстава — стрыманая, нават прыхаваная іранічнасць. Шырока ўсміхацца чытачу наўрад ці захочацца, але прыўзняць брыво ды куточак вуснаў — гэта акурат пра ягоныя тэксты.

…У Мандарынава-Шыльнікавай шуфлядзе
Каляды і Новы год спрачаюцца шэптам,
Хто з іх найгалаўнейшы і больш легітымны.
А Шпротна-Сервілатную шуфляду
Лепш не адчыняць, бо там, 
Напэўна, шмат гасцей, тлум і гармідар…

Новы зборнік утрымлівае больш за 20 фотаздымкаў Міхала Анемпадыстава і складаецца з некалькіх раздзелаў. Гэта ўласна паэтычныя тэксты, а таксама шанты (жанр песняў, якія спявалі брытанскія маракі), пераклады і «Народны альбом». На самым пачатку — невялічкі тэкст паэта Фелікса Аксёнцава. Ён піша пра ўплыў Міхала на сябе, прыгадвае сустрэчы ў кавярні ў Траецкім прадмесці на пачатку 80-х, калі беларускага рок-н-рола яшчэ не было, але яны абодва адчувалі, што ён цалкам магчымы — з беларускай лексікай, фанетыкай і адметным гучаннем. Аксёнцаў дадае, прыгадваючы Міхала: 

«Іранічны, тонкі, стрыманы сябра… Я адчуваю яго густоўнасць, вострае пачуцце стылю. Яго прысутнасць. Здаецца, што мы яшчэ сустрэнемся недзе на вуліцы Вільні ці Таліна, што ён проста з’ехаў на нейкі час у Еўропу…»

Альбо на выспу Ультыма Туле — хочацца дадаць мне.

Ультыма Туле — 
Чароўная выспа. 
Там выспацца можна
Пасля вандраванняў.
І кожны вандроўнік
Знойдзе прытулак 
Там, на выспе далёкай,
Выспе Ультыма Туле…
…Я палю сваю файку,
Вецер дзьме мне ў спіну.
У паўночным кірунку
Нясе мой карабель.

Каментары5

  • Acab
    09.06.2024
    Давялося з год дзесяць таму крыху пажыць ў Валожыне. Там захаваліся дзе-нідзе закуткі (можа таму што я быў там ўлетку мне падалося) якія патыхаюць духам Народнага Альбому - атмасфэрай мястэчка, штэтлю часоў інтэрбэлюму.
    Я і цяпер ў месьце, яно ў іншым краі,, якое заснула ў камяніцах міжваенных і нат даваенных, і ня раз мне здаецца, што восень пагражае пісталетам...
  • Anatol Starkou
    09.06.2024
    300 экземпляров кнігі выдадзена. Н-да. Ці наўрад адзін дастанецца мне.
  • Проста жыхар
    10.06.2024
    Anatol Starkou, варта пастарацца

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Усе навіны →
Усе навіны

Выпускнік мінскай беларускамоўнай гімназіі скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Вось дзе ён цяпер працуе21

Трагедыя ў Мінскім раёне: загінулі двое дзяцей

Мужчына, які ўдарыў малатком па сцяне Крамля, аказаўся не беларускім палітвязнем, а яго поўным цёзкай

Змянілі тэрмін уручэння позвы на вайсковыя зборы

«Дзмітрыеву сказалі: «Калі нешта не тое, адразу вернешся ў турму»19

У Драздах выратавалі бабра, які праваліўся ў адкрыты калодзеж

Санкцыі перагледзець, паслоў вярнуць? Што стаіць за «маніфестам» Андрэя Дзмітрыева11

Сяргей Скрыпаль упершыню пракаментаваў замах на сябе па загадзе Пуціна3

Колішняму начальніку аддзела Банкаўскага працэсінгавага цэнтра пагражае да васьмі гадоў калоніі за данаты і каментары ў Telegram1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу9

ГУБАЗіК пагражае Максу Каржу

Галоўнае
Усе навіны →