Літаратура33

Таямніца Падляшша і яго беларускасці

Калі чытаеш кнігу Ганны Кандрацюк «У прысценку старога лесу», ашаламляе ўніверсальнасць беларускіх каштоўнасцей, піша Зося Лугавая.

На мінулым тыдні Прэмія Гедройця распачала свой 13-ы сезон і аб’явіла збор заявак. То самы час прыгадаць леташнюю пераможцу — Ганну Кандрацюк і яе кнігу «У прысценку старога лесу». Але перад гэтым хачу вярнуцца да папярэдняга тэксту пра кнігу «Соня, стой». Натхніла мяне на тое заўвага чытачкі, што я абмінула ўвагай кнігу Евы Вайтоўскай «Гарэзлівы пацалунак» і творчасць Аліны Длатоўскай, прыгадваючы беларускі young-adult.

Адзначу, што ў мяне не было мэты назваць усе творы, якія па той ці іншай прыкмеце можна аднесці да беларускай young-adult літаратуры. Я ўсяго толькі пералічыла некалькі аўтараў і аўтарак, якія найбольш плённа працуюць у гэтым жанры, а таксама навінку, якая выйшла месяц таму. Аліна Длатоўская пакуль напісала дзве кнігі, першая з іх — спроба антыўтопіі ў межах невялікай аповесці, а другая — гарадское фэнтэзі. І тая, і другая кніга — някепскія першыя творы маладой аўтаркі, але на гэтым пакуль усё.

«Гарэзлівы пацалунак» Евы Вайтоўскай варты асобнага артыкула, але гэта не зусім young-adult. Гэта гарэзлівая і гуллівая, крыху ўтрыраваная, крыху цацачная love story на падмурку японскай мангі, якую Ева Вайтоўская (яна ж — Марыя Мартысевіч) захацела лакалізаваць, захапіўшыся гісторыяй стварэння мангі і лёсам яе аўтаркі. Бо сам сюжэт даволі папулярны і вандруе з літаратуры ў літаратуру.

Але ж вернемся да кнігі Ганны Кандрацюк, у якой яна сабрала гісторыі простых людзей з Белавежскай пушчы абапал польска-беларускай мяжы. Аўтарка нарадзілася ў 1965 годзе ў вёсцы Кутлоўка на Падляшшы, цяпер жыве ў Беластоку. Працуе журналісткай у тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва», шмат піша пра мясцовае жыццё і мясцовых жыхароў. Адна з ейных папярэдніх кніг, «Па Прыпяці па Нобель», ужо ўваходзіла ў лонг-ліст прэміі Гедройця ў 2017 годзе.

«У прысценку старога лесу» — гэта збор нарысаў з жыцця падляшскіх людзей пераважна сярэдняга і сталага веку, бо падляшскія вёскі старэюць і паціху выміраюць. У гэтым яны падобныя да большасці беларускіх вёсак.

Аўтарка расказвае пра больш-менш сучаснае жыццё, але амаль заўсёды ў тэкстах прысутнічае перадгісторыя. Мы дазнаёмся пра продкаў і сваякоў, сямейныя абставіны, мясцовасць, у якой жывуць героі. У выніку атрымліваецца, што кніга акрамя нашага XXI стагоддзя ахоплівае і ўсё XX-е. Ганна Кандрацюк пераказвае ўспаміны і пра царскія часы, і пра некалькі хваляў перасяленняў мясцовых жыхароў, і пра абедзве сустветныя вайны, і пра спаленыя вёскі — як немцамі, так і людзьмі Рамуальда Райса, і пра жыццё пры сацыялістычнай Польшчы. Таму што адгалоскі тых падзей усё яшчэ чутны ў сённяшнім штодзённым жыцці Падляшша.

«Жывём і маўчым. Мы сабе, а яны сабе… Ад той зімы 1946 года няма ў нас суполкі. Няма нічога…», — кажа праваслаўная жыхарка Шпакоў пра аднавяскоўцаў каталіцкай веры.

У студзені і лютым 1946 года банда Райса, былога польскага афіцэра Арміі Краёвай, вядомага па мянушцы «Буры», спаліла некалькі праваслаўных вёсак і забіла 79 праваслаўных сялян, этнічных беларусаў. У 1949 годзе Райс быў пакараны смерцю за злачынствы супраць мірнага насельніцтва. У 90-я гады смяротны прысуд быў скасаваны, а тэма, ці мелі дзеянні Бурага прыкметы генацыду, дагэтуль застаецца дыскусійнай у польскім грамадстве. Мясцовыя жыхары з сумам адзначаюць: сярод сваіх ніхто за спаленыя хаты і забітых сваякоў так і не выбачыўся.

Ганна Кандрацюк паказвае чытачу амаль нежывыя вёскі на самым ускрайку пушчы, праваслаўныя цэрквы, у якія ходзяць адно што старыя кабеты, мясцовыя святыні (як «Святая груша» ў беларускіх Вярховічах) і мясцовых святых (як святы мучанік Георгій з вёскі Палічнай на польскім баку) і найноўшую з жыццёвых зменаў — мігрантаў і дадатковы мур на беларуска-польскай мяжы.

Калі вы ніколі глыбока не цікавіліся гісторыяй Падляшша і тамтэйшых беларусаў, то вам, як і мне, давядзецца шукаць дадатковую інфармацыю. Акрамя таго, мне не хапіла пазначэнняў, пра які канкрэтна час вядзецца гаворка ў той ці іншай гісторыі. Толькі дзе-нідзе падказкамі былі, напрыклад, абмеркаванні наступстваў ад уваходу Польшчы ў Еўрасаюз (і адзін з галоўных мясцовых страхаў — пашпарты для хатніх жывёлаў) альбо чорны марш нацыяналістаў у гонар Бурага ў Гайнаўцы. 

Найважнейшае і найцікавейшае, што ёсць у кнізе, па маім меркаванні, — гэта партрэты мясцовых жыхароў. Часам аўтарка апісвае сваіх герояў нават не праз знешнасць, а праз іх жыццёвы шлях, і дадае адну-дзве цытаты з размовы. Гэтага аказваецца дастаткова, каб перадаць характар чалавека. 

«Еўрасаюза не баіцца найстарэйшая жыхарка Дубіч Царкоўных, 93-гадовая Зіновія Гіль. Бабуля, не выязджаючы з вёскі, жыла пры цары, санацыі, пры саветах, немцах, Народнай Польшчы, Салідарнасці і зараз Еўрасаюз ёй не страшны. Старажылка не разбіраецца ў палітыцы, але можа падказаць рэцэпт на доўгае жыццё. 

— Трэба многа рабіць, — кажа. — Хто захоча багацця — паедзе ў свет. А тыя, што астануцца, таксама будуць жыць. Пачнуць пячы свой хлеб, а свойскі хлеб найлепшы».

Важны складнік жыцця на Падляшшы — праваслаўе. Таму амаль ніводнага нарыса ў кнізе не абыходзіцца без прыгадвання святароў, цэркваў, капліц, ікон, святых месцаў і святых людзей. Часам праваслаўная вера нагадвае пра сябе нават там, дзе зусім не чакаеш:

«У Палічнай, якая яшчэ ў прыканцы XX стагоддзя лічылася шматлюднай і баявітай вёскай, ідзе рэзкі працэс вымірання карэннага насельніцтва. 

— Асталіся пераважна ўдовы, — кажа спадарыня Ганна. — Кожная другая хата ўжо пустая. Калі ўсе памруць і прыедуць сюды жыць іншыя людзі, то царква будзе напамінаць, што тут жылі такія, як мы, праваслаўныя».

Але трапляюцца і больш прыземленыя эпізоды як крыўды на бацюшку, які замяніў ахвяраваную ікону на іншую, і нават грашовыя пытанні: «Царкоўку ў гонар Яўлення Божай Маці ўвесь час папаўняюць іконамі. Сама стараста шмат разоў ездзіла купляць у Луцк і Роўна на Украіне. Там танней»

У кнізе напраўду моцна адчуваецца прысутнасць Белавежскай пушчы. Яна — адна з галоўных гераіняў у большасці гісторый. Ганна Кандрацюк кажа і пра свае адносіны з пушчай, і перадае словы людзей, з якімі сустракаецца і гутарыць. 

Лясная дарога каля Міхалова на Падляшшы. Фота: Наша Ніва

«Перад тым, як перасячом сцяну пушчы, кожны жагнаецца. Для мяне гэта звычайная справа. Кожны раз, калі іду ў лес за вёскай, я памятаю, каб перажагнацца… У лесе, як кажа дзед, трэба паводзіць сябе цішэй вады і ніжэй травы, каб не разгневаць духа пушчы. Ён з’яўляецца ў выглядзе зубра. З такой сустрэчы толькі цудам выкараскаешся жывым»

Містычнае ўспрыманне пушчы старэйшымі людзьмі дапаўняецца экзістэнцыяльным, якім дзеліцца маладзейшае пакаленне. 

«Пушча — гэта не проста лес, — кажа Кася. Найбольш падабаюцца ёй анклавы, дзе прырода вызначае свой парадак, адзіны ў сваім родзе, непаўторны, дзікі. — Дзе няма нічога з мяне… дзе хочацца стаць празрыстым»

Але гэтыя развагі — масток да тэмы мігрантаў. Мясцовыя жыхары бачылі пакуты людзей, якія трапілі ў пушчу праз палітычныя гульні, на ўласныя вочы: 

«Кася на кожным кроку назірала экстрэмальныя сітуацыі. Бачыла маладых пабітых мужчын на падагнутых нагах. Аднойчы спаткала групу людзей, якія ўсе мелі апухлыя фіялетавыя твары. Ці цалкам босых, а вакол ноч, мерзлая зямля. Спаткала жанчыну, якая кінулася ёй з плачам на шыю і крычала: my baby»

Многія жанчыны не маглі застацца ў баку і выходзілі дапамагаць, нягледзячы на забарону з боку ўладаў і магчымае асуджэнне суседзяў. Адна з прычынаў таму, казалі аўтарцы валанцёркі, — што, у параўнанні з жыхарамі іншых рэгіёнаў Польшчы, яны добра ведаюць, «як быць іншым сярод большасці».

«У прысценку старога лесу» — гэта ода мясцоваму жыццю для мясцовых чытачоў. Чужынцам яна крыху прыадчыніць таямнічую пушчанскую рэчаіснасць, але дасць зразумець, што ніколі мы не адчуем і не ўсвядомім яе напоўніцу. І ўсё ж шмат што нас калі не яднае, то збліжае з падляшскімі беларусамі. Я б назвала гэта ўніверсальнымі беларускімі каштоўнасцямі. Адна з якіх — буслы. 

«Палову жыцця мы прыжываліся ў горадзе… палову жыцця патрацілі на мітусню і клопат, каб жыць як людзі. А калі нажылі што трэба, усе ўцяклі з таго абжытага гнязда… Каб у апошнія гады ўсё звесці да ранішняга клёкату буслоў. Не, без буслоў то мы не ўмеем жыць», — кажа 75-гадовая Ірэна, якая даглядае 98-гадовую маці ў вёсцы ля самай пушчы. І гэта, бадай, адна з самых кранальных гісторый кнігі. 

Буслянка побач з гэтай вясковай хатай з’явілася тады, калі Ірэна, пенсіянерка і ўдава, пераехала з Гайнаўкі ў вёску даглядаць маці. Спачатку гняздо будаваў бусел-кавалер і, не скончыўшы, адляцеў у вырай. Увесну ён вярнуўся ўжо з бусліхай, і яны пачалі дабудоўваць жытло. У пэўны момант гняздо недасведчаных маладзёнаў абрынулася ўніз, але буслы адбудавалі яго наноў. І з тых часоў прыляталі сюды больш за дзесяць разоў. Чаканне буслоў дадае старой маці сіл дачакацца вясны. А прыляцеўшы, птушкі задаюць рытм жыццю ў вясковай хаце: прачнуцца пад ранішні клёкат, дачакаць, калі бусел-бацька вернецца з ранішняга палявання… Старая маці ўжо амаль не гаворыць, толькі шэпча малітвы, але калі дачка выводзіць яе паглядзець на буслоў, — пачынае прамаўляць. «Буслы — гэта чыстая надзея», — дадае Ірэна і ўзгадвае, як калісьці назіранне за бусламі праз акно шпіталя дало ёй сілы акрыяць пасля аперацыі. 

Кніга ўтрымлівае больш за 30 нарысаў, багата фотаздымкаў і карту, на якой пазначаны ўсе вёскі і мястэчкі, якія прыгадваюцца ў тэксце. Кніга мае вельмі прыгожую вокладку і афармленне, і на гэтым фоне яшчэ мацней здзіўленне і расчараванне ад кепскай карэктуры тэксту. Вельмі хацелася б, каб кніга-пераможца прэміі Гедройця займела добрага карэктара і была перавыдадзеная належным чынам.

Ганна Кандрацюк, «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы». Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», Беласток, 2022. 

Каментары3

  • Avin Ahsan
    22.06.2024
    А чаму ў тэксце "Гедройця" замест "Гедройца"? Тройчы, то бок не памылка. Глупства, заўсёды была "прэмія Гедройца", на наркамаўцы і тарашкевіцы
  • Так
    23.06.2024
    сабрала гісторыі простых людзей з Белавежскай пушчы
    Што за ён гэты міфічны просты народ? Шматлікія пішуць, але ніводны не можа патлумачыць дзе мяжа паміж простымі і няпростымі.

    Важны складнік жыцця на Падляшшы — праваслаўе.
    Што нярэдка спалучана з прарасейскімі настроямі ў розных выданнях. Не варта пра гэта маўчаць. Сава - толькі адзін з прыкладаў. Сярод "простых" таксама хапае розных з ухілам у бок Масквы.
  • Кіра
    23.06.2024
    Avin Ahsan, арганізатары прэміі ўжо некалькі год як пішуць прозвішча менавіта з "я". Спраўдзіць можна на https://giedroyc.penbelarus.org/

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку18

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп хоча зменшыць сусветныя цэны на нафту, каб скончыць вайну ва Украіне10

Белкаапсаюз хоча завабліваць кліентаў размяшчэннем у сябе пунктаў выдачы Wildberries ці Ozon2

З еўрапейцаў смяяліся, а сонечная энергія сапраўды замяніла расійскі газ — пазітыўная статыстыка9

Міліцыя выпадкова выклала ўнутраны дакумент з аналізам медыя. Вось каго яны сёння чыталі і якія СМІ лічаць незалежнымі4

У лютым беларусы змогуць падаць дакументы на польскую студэнцкую візу без папярэдняй рэгістрацыі4

Рэальны стан расійскай эканомікі не такі, як падаецца14

Мітрапаліт Веніямін таксама прыйшоў галасаваць датэрмінова16

Венгрыя і Славакія адмаўляюцца падпісваць супольную заяву Еўрасаюза адносна выбараў у Беларусі17

У Магілёве паставілі эксперыментальныя святлафоры, якія свецяцца белым

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку18

Вы не паверыце, кім аказаўся «выпадковы» баяніст на вакзале, які спяваў пра Лукашэнку

Галоўнае
Усе навіны →