Ягораў прапануе прызнаць легітымнасць Лукашэнкі, калі гэта дазволіць вызваліць палітвязняў
«Ціск і санкцыі не прывялі да эканамічнага абвалу, рэжым стабільны», — так абгрунтаваў сваю прапанову былы спікер Каардынацыйнай рады на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні.
![](http://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_08/jagorau_nashaniva240803-mo9kp.jpg.webp)
«Выбары ў Каардынацыйную раду паказваюць, што палітычнае поле звузілася да дзясяткаў тысяч прыхільнікаў пераменаў. Гэта наша рэальнасць. Дэлегітымацыя рэжыму не адбылася. Легітымнасць гэтага рэжыму ў вачах саміх беларусаў расце. Прыцягненне ад адказнасці? Мы не маем ніякіх рэсурсаў і магчымасцяў для гэтага, — прызнаў Ягораў. —
Ціск і санкцыі не прывялі да эканамічнага абвалу, рэжым стабільны. Яны прывялі да ізаляцыі і росту залежнасці Беларусі ад Расіі. Міжнароднага прызнання дэмакратычных сілаў у якасці альтэрнатыўнага ўраду не адбылося.
Нам трэба радыкальна змяняць стратэгічныя падыходы. Не толькі мы не маем суб’ектнасці, беларускі палітычны рэжым мае аслабленую суб’ектнасць і шукае магчымасці яе падвышэння.
Я б прызнаў легітымнасць таго, што адбываецца ў Беларусі. Я б абмяняў прысутнасць еўрапейскіх паслоў у Беларусі, калі гэта дазваляе вызваляць палітвязняў у масавым парадку і рухаць сітуацыю ў Беларусі да больш спрыяльнай для дзейнасці грамадзянскай супольнасці», — прапанаваў Ягораў.
Ягораву рэзка запярэчыў Павел Латушка, і яго пярэчанне выклікала працяглыя апладысменты ў зале.
Каментары