Літаратура55

«Соня, стой» — ашаламляльны беларускі young-adult

Хто такая Саша Гук — пакуль загадка. Але з яе кнігай хочацца павіншаваць як аўтарку, так і ўсю беларускую літаратуру, піша Зося Лугавая.

Падлеткаваму голасу ў кнізе Сашы Гук — верыш.

Дазволю сабе нагадаць, што young-adult — гэта літаратура, разлічаная на чытацкую аўдыторыю ад 12 да 18 год, і пры гэтым закранае тэмы, якія шырока прысутнічаюць і ў дарослай літаратуры. Але раскрываюцца гэтыя тэмы з улікам кагнітыўнага, эмацыйнага, моўнага і фізічнага развіцця падлетка. Ён жа ёсць галоўным героем, а тэмы і сюжэты адлюстроўваюць яго досвед, цікаўнасці, праблемы і светапогляд. Важнай рысай з’яўляецца голас апавядальніка, які паказвае ўнутраны свет падлетка. 

Менавіта такіх твораў у беларускай літаратуры мала. З сучасных аўтараў такой аўдыторыі і ў такім фармаце, напрыклад, пішуць Андрэй Жвалеўскі з Яўгеніяй Пастэрнак ды Валер Гапееў. Тут жа можна прыгадаць «Італьянскае падарожжа» Аляксандры Хамянок у дзвюх частках і новую кнігу Альгерда Бахарэвіча «Капітан Лятучая Рыба». 

У Соні Гук усе недасказанасці, змены тэмаў, ракурсаў і прамежкаў часу — вельмі натуральныя. Ані хвіліны я не сумнявалася, што такая Соня калі не існуе напраўду, то дакладна магла б існаваць. І думаць, пісаць, дзейнічаць менавіта так. 

Соні 15 гадоў, але яна пачынае з таго, што прыгадвае фрагменты з ранняга дзяцінства: з мастацкай студыі, заняткаў гімнастыкай і першым сутыкненнем са сваёй асаблівасцю — фізічным болем з-за захворвання хвастцовай часткі хрыбта. Ужо адно гэта робіць яе адрознай ад іншых, а ў 9 класе становіцца нагодай для хатняга навучання. 

У Соні складаныя адносіны з бацькам, але чаму так сталася — можна толькі здагадвацца. Сама Соня кажа пра гэта мала і блытана: 

«Нарэшце ў яго амаль не засталося слоў для мяне. Лепей бы і гэтыя, апошнія, ён таксама запісаў кудысьці, ну праўда. Але ж не — ён даў ім голас. «Не трэба мне такая дачка», — словы ягоныя выбухнулі ў снежаньскі вечар і зляцелі, спалоханыя самімі сабой. І ўсё стала так, як ёсць цяпер. І тата стаў для мяне безыменным. Бацькам».

У Соні ёсць мама, у адносінах з якой прысутнічаюць і цеплыня, і любоў, і магчымасць гаварыць амаль пра ўсё. «Мама любіла мяне любую і заплятала мне коскі ды хвасты, якія так любіла я. А яны пад канец заняткаў абавязкова віселі нібы смаркачы». Але і мама не заўсёды была надзейнай паплечніцай. Бо, напрыклад, вяла падрабязны блог пра дачку.

На фоне моцнага фізічнага болю Соня часам выпадала з рэчаіснасці і пасля нічога не памятала пра гэтыя эпізоды. Мамін блог, у якім тая заканспектавала 10 першых гадоў Сонінага жыцця, з аднаго боку дапамог дзяўчыне больш даведацца пра сябе, але і парушыў ейную прыватнасць: «…я належала ўсім пяцістам маміным падпісчыкам. І хоць яна закрыла каментары, я цяпер была не ўнікальнай, болей не было таямніцы, за якую можна было схавацца, калі што…»

Мама, тата, маляванне, школа, фізічны боль з’яўляюцца ў тэксце паступова, напластоўваюцца, робяць сусвет, у якім жыве гераіня, усё больш складаным і рэалістычным. З’яўляецца адчуванне, якое я яшчэ крыху магу прыгадаць са сваіх падлеткавых часоў: цябе ніхто і ніколі не зразумее напоўніцу, не адчуе дакладна тое, што адчуваеш ты. Ад гэтага табе самотна і вусцішна, але і захапляльна адначасова. 

Самым апошнім з’ўляецца Паша. Быццам бы сябар дзяцінства, быццам бы сын мамінай прыяцелькі, быццам бы сусед, чыё акно ў доме насупраць Соня бачыць са свайго пакоя. Паша, які на некалькі год старэйшы і не так даўно выехаў вучыцца ў Польшчу. 

Пасля з’яўлення Пашы застаецца толькі адно, што мусіць з’явіцца, — канкрэтызацыя часу, калі адбываюцца падзеі. І беларускія чытачы імгненна гэты час пазнаюць:

«І Паша пра ўсё мне расказаў. Пра свайго тату, ягоны тэрмін, і што цяпер ён у спісах. Спачатку я слухала толькі Пашаў голас, такі халодны, аднатонны. Але потым словы пачалі складацца ў карцінкі і міксавацца з навінамі і reels, якія я гляджу некалькі разоў на дзень». 

Адносіны з Пашам прапісаныя вельмі далікатна, і адначасова — шчыра. Гэта прыклад таго, як можна адным-двума сказамі даць адчуць, што адбываецца паміж героямі. Не хлусіць, не манернічаць і не эпатаваць інтымнымі падрабязнасцямі. Сказаць роўна столькі, колькі трэба: «Нашыя бацькі былі далёка, і нішто не замінала нам прыадчыніць нейкія нябачныя дзверы і паспрабаваць праплішчыцца ў іх — кожнаму па-свойму. Сёння — разам».

Увогуле ў гэтым невялікім тэксце шмат шчырага, падлеткавага, у што хочаш верыць: так насамрэч было. «Гэтае лета не пра мокры купальнік і закладзены нос, а пра важнейшыя адкрыцці. Хоць бы паспець зрабіць нешта плённае», — піша Соня, паехаўшы з мамай у мястэчка ля возера і соснаў. І адразу ж пераймаецца тым, што і як піша ёй у мэсэнджарах найбліжэйшая сяброўка Ксюша: «…яна active agressive і настойвае, што я мушу думаць пра іншае, грамадзянскае, а іначай якая ж я без гэтага патрыётка. Яна ў горадзе, яна ў тэме. А я, выходзіць, здрадніца?»

Вельмі асабістае пераплятаецца і блытаецца з тым, што адбываецца навокал Соні. Іх амаль немагчыма раздзяліць, ды і ніколі яно не адзяляецца, калі табе 15. Пры гэтым Соня вельмі трапна фармулюе і фіксуе назіранні за сабой: «Назаўтра прыязджае мама, і ўсё робіцца звычайным. Калі не лезці ў сеціва, не нюхаць заўчорашняе адзенне і, не разбіраючы, засунуць заплечнік далей у шафу, то можа падацца, быццам нічога і не было: ані мітынгу, ані Пашы, ані ўсяго паміж намі — і мне ўсё прымроілася». 

Мне здаецца, у аўтаркі атрымалася зрабіць самае галоўнае: гучаць натуральна. Вядома, важна і цікава пачуць меркаванне чытацкай аўдыторыі, якой у першую чаргу адрасаваная кніга. Але як даволі спрактыкаваная чытачка, я ані разу не адчула штучнасці і сапраўды паверыла тэксту. Ён можа стаць важным чытаннем для тых мільёнаў людзей, чыё жыццё змянілася ў выніку падзей 4-гадовай даўніны.

Саша Гук, «Соня, стой». Выдавецтва «Гутэнберг-паблішэр», 2024 год. Малюнкі mus4getes.

Каментары5

  • РЛБ
    16.06.2024
    Даже сама обложка книжки с изображением девочки-подростка, которая, как-бы стремясь к небу, хочет сломать принятый во всём мире дорожный знак "Стоп" - "Движение без остановки запрещено", который необходим для обеспечения безопасности дорожного движения - провокационная и экстремистская, противопоставляющая подростков миру взрослых.
  • Флёра
    16.06.2024
    чамусьці забыліся згадаць пра самы папулярны беларускі янг эдалт - Еву Вайткоўскую з яе "Гарэзлівым пацалункам"... Яшчэ ёсць тая ж Аліна Длатоўская ("Ген зямлі")... Карацей адчуванне што аўтарка артыклу ня вельмі ў тэме...

    А так, поспехаў новай пісьменьніцы, нам патрэбна больш беларускіх кніг для усіх узростаў.
  • Ганначка з-пад Гданьску
    19.06.2024
    Флёра, а Гарэзлівы пацалунак - янг-эдалт? Аўтарка ж паўсюль падкрэслівала, што пісала яго на базе мангі

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Усе навіны →
Усе навіны

Сапраўдны палац прадаюць пад Мінскам. Плошча — пад тысячу квадратаў, цана — адпаведная8

Сем новаўвядзенняў па пенсіях з 2025 года

Кандыдатам у прэзідэнты Грузіі ад кіроўнай партыі стаў былы футбаліст 

Байдэн памілаваў дзвюх індычак перад Днём падзякі4

Начальнік Генштаба Беларусі назваў запуск «Арэшніка» па Дняпры жэстам добрай волі39

Справу дваровых чатаў маглі прыдумаць самі сілавікі ў рамках «спецыяльнай выбарчай аперацыі»4

Што рабіць, калі ў кватэры халодна?

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў

Галоўнае
Усе навіны →