Ля берагоў Маўрытаніі затанула лодка з мігрантамі, загінулі 89 чалавек
Яны спадзяваліся дасягнуць Канарскіх выспаў — тэрыторыі Іспаніі, размешчанай прыкладна за 100 кіламетраў ад афрыканскага берага, — і папрасіць прытулку ў ЕС.
Не менш за 89 чалавек загінулі пры крушэнні рыбацкай лодкі ў Атлантычным акіяне ля берагоў Маўрытаніі ў Заходняй Афрыцы. Іх целы былі паднятыя на бераг. Акрамя таго, дзясяткі лічацца зніклымі без вестак, піша Радыё Свабода.
Паводле берагавой аховы, удалося выратаваць дзевяць пасажыраў, уключаючы пяцігадовае дзіця. Усяго на борце, як мяркуецца, былі 170 чалавек.
На перагружанай лодцы ехалі мігранты з Маўрытаніі, Сенегала і Гамбіі. Яны спадзяваліся дасягнуць Канарскіх выспаў — тэрыторыі Іспаніі, размешчанай прыкладна за 100 кіламетраў ад афрыканскага берага, – і папрасіць прытулку ў ЕС.
Кіраўнік мясцовай рыбалавецкай асацыяцыі Ялі Фал распавёў агенцтву Reuters, што загінулых магло быць больш, паколькі лодка пацярпела крушэнне некалькі дзён таму, і першыя выкінутыя на бераг трупы мясцовыя жыхары хавалі самі, каб не дапусціць іх раскладання.
Мігранты, якія спрабуюць трапіць у Еўропу з Афрыкі і Блізкага Усходу, часта падарожнічаюць на перагружаных судах і нават плытах, не прыстасаваных для далёкіх марскіх паходаў і не абсталяваных выратавальнымі сродкамі. Нярэдка ў іх няма з сабой ежы і прэснай вады.
Праваабаронцы з іспанскай групы Caminando Fronteras заявілі, што толькі за першыя пяць месяцаў 2024 года ў Атлантыцы загінулі не менш за пяць тысяч мігрантаў, якія накіроўваліся ад берагоў Афрыкі да Канарскіх астравоў.
На гэтым маршруце гіне ў сярэднім па 33 чалавекі штодня.
Паводле звестак МУС Іспаніі, за гэты ж перыяд на выспы прыбылі 16,5 тысяч просьбітаў прытулку. За мінулы год іх колькасць склала 39910 чалавек — удвая больш, чым у 2022.
Каментары