«Не(акадэмік)». Уражанні з юбілейнай выставы мастака, зацененага сваім бацькам
У Віленскай карціннай галерэі праходзіць выстава да 200-годдзя нараджэння мастака Баляслава Русецкага. Уражаннямі пра яе наведванне дзеліцца ў фэйсбуку кіраўнік Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі.
Калі меркаваць па назве, то галоўным матывам творчасці Баляслава Русецкага куратары лічаць пераадоленне акадэмічных канонаў, якія яму насадзілі у Пецярбургскай мастацкай акадэміі, і пераход да больш вольнай манеры на познім этапе.
Але, як па мне, самы галоўны канфлікт жыцця Баляслава Русецкага — як выйсці з ценю славы свайго бацькі, Канута Русецкага, які стаў класікам, і творы якога («Ліцвінка з вярбою» і «Жняя») сталі іканічнымі для літоўскага жывапісу ХІХ стагоддзя.
З творчасці Баляслава мы ніякіх знакавых твораў не ведаем, хоць яго імя і пастаянна згадвалася на выставах мінулых часоў у Віленскай карціннай галерэі: напрыклад, аўтапартрэт, з якога пачынаецца выстава, прысутнічаў і на нядаўняй выставе аўтапартрэтаў.
І гэта крыху крыўдна, бо, здавалася, жыццё дало яму добры старт: ён нарадзіўся і правёў дзяцінства ў Рыме, дзе быў на творчай стыпендыі ягоны бацька, ад яго ж браў першыя ўрокі малявання, атрымаў мастацкую адукацыю ў Пецярбургу, дзе яго настаўнікамі былі Брулоў і Бруні.
Але намацаць сваю ўласную сцежку Баляслаў Русецкі так і не змог: займаўся рэлігійным жывапісам (па выставе складваецца ўражанне, што ён быў вельмі рэлігійным католікам, у прынцыпе, як і яго бацька), у тым ліку стварыў два абразы для езуіцкага касцёла ў Гродне (Святога Казіміра і Нараджэння Хрыста) і працаваў над капліцай святога Уладзіслава ў віленскай катэдры, стварыў серыю партрэтаў (у тым ліку бліскучы партрэт Альфрэда Ізідора Ромэра), пакінуў колькі пейзажаў…
У мяне адчуванне, што больш значнай для віленскага жыцця была яго калекцыянерская і даследчая актыўнасць, ён зрабіў вельмі шмат для вывучэння спадчыны віленскай мастацкай школы і асабліва Францішка Смуглевіча. Браў чынны ўдзел у актыўнасцях Віленскага таварыства сяброў навук, якому ўрэшце перапісаў у завяшчанні сваю калекцыю, дзе значную частку займалі працы ягонага бацькі (sic!).
Але дзякуючы гэтаму дару даследчыкі маюць захаваным асабісты архіў мастака, які можна ўбачыць і на выставе, дзе і вучнёўскія працы, і эскізы для твораў, і нататнікі, і нечакана шмат артэфактаў штодзённасці — ад візітовак да рахункавых кніг і аптэчных рэцэптаў. Не кожны мастак так добра здолеў перадаць сваю спадчыну нашчадкам.
Каментары
https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/343598