Сілавікі прыйшлі з ператрусам на месца рэгістрацыі журналіста Барыса Гарэцкага
17 мая сілавікі прыйшлі з ператрусам па месцы рэгістрацыі ў Мінску намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага. Супраць яго завялі крымінальную справу, а за што — невядома, паведамляе БАЖ.
Барыс Гарэцкі і іншыя лідары Беларускай асацыяцыі журналістаў вымушана выехалі з Беларусі яшчэ ў 2021 годзе пасля разгрому сілавікамі офіса арганізацыі ў Мінску.
«Сілавікі прыходзілі з пастановай на ператрус. Я не ведаю, ці нешта было забрана з кватэры, людзі вельмі напалоханыя і цяпер баяцца камунікаваць. Але ніякіх маіх рэчаў у кватэры няма, бо я вымушана не жыву ў Беларусі ўжо тры гады.
Усё адно гэта вельмі непрыемна. Відавочна, гэта чарговая атака сілавікоў на БАЖ і незалежных журналістаў з мэтай прымусіць нас спыніць важную працу для беларускай аўдыторыі», — расказаў Барыс Гарэцкі прэс-службе БАЖ.
У 2023 годзе КДБ прызнаў Беларускую асацыяцыю журналістаў «экстрэмісцкім фармаваннем». Нягледзячы на вымушаную рэлакацыю, БАЖ працягвае актыўную працу па падтрымцы беларускіх журналістаў і медыя.
Каментары