«Дзялюся сваёй асабістай невялікай перамогай — я стаў салісітарам, гэта значыць англійскім адвакатам, называючы рэчы звыклымі для нас словамі», — напісаў Ілля Салей у сваім інстаграме.
«Працэс заняў каля года — і гэта толькі час, не лічачы колькасць выдаткаваных нерваў і брытанскіх фунтаў. Падрыхтоўка да іспытаў, паспяховая здача, праверка асобы, шматлікія тлумачэнні, чаму я не магу працаваць дома, і за што на мяне завялі крымінальную справу ў Беларусі. І вось, нарэшце, доўгачаканы станоўчы вынік.
Англійскі салісітар — адна з самых прэстыжных і запатрабаваных юрыдычных кваліфікацый у юрыдычным свеце.
Не думаю, што мне давядзецца працаваць у англійскіх судах, але большасць міжнародных здзелак здзяйсняецца менавіта па англійскім праве. Плюс, калі што, магу падтрымаць у паліцэйскім участку», — напісаў ён.
Ён кажа, ім рухала жаданне развівацца.
«А яшчэ жаданне паказаць, якія мы, беларускія юрысты, і што няма нічога немагчымага, нават калі цябе пазбавілі права жыць у сваёй краіне. Бо мой выпадак зусім не ўнікальны. Паказаць, якія мы — гэта працягваць гаварыць за тых, хто сёння пазбаўлены такой магчымасці з-за сваіх прынцыповых прафесійных і чалавечых якасцяў», — дадаў Ілля Салей.
Іллю Салея затрымалі ў верасні 2020 года, спачатку ён быў у СІЗА, затым — пад хатнім арыштам. З 16 красавіка 2021 года яму змянілі меру стрымання з хатняга арышту на заклад. Ён быў у статусе абвінавачанага па частцы 3 артыкула 361 Крымінальнага кодэкса. Улетку 2021 года ён пакінуў Беларусь.
Каментары