У Варшаве хлопец пагражаў нажом беларусу і ўкраінцы. Яму не спадабалася мова, на якой яны размаўлялі
19-гадоваму нападніку пагражае да 5 гадоў турмы.
Увечары 18 лістапада беларус і ўкраінка стаялі на вуліцы каля хостэла і размаўлялі. Раптам на іх стаў крычаць малады хлопец, які стаяў на супрацьлеглым баку вуліцы.
Ён агрэсіўна зрэагаваў на тое, што пара размаўляла на замежнай мове. Хлопец стаў выкрыкваць абразы на адрас беларуса і ўкраінкі, крычаў, каб яны вярталіся дадому, пагражаў збіццём і забойствам.
Калі беларус паспрабаваў агрэсара супакоіць, малады чалавек дастаў нож. Паміж імі здарылася бойка, пасля чаго нападнік уцёк.
Беларус і ягоная спадарожніца патэлефанавалі ў паліцыю і паведамілі пра здарэнне. Паліцыянты вызначылі прыкметы агрэсіўнага мужчыны і пачалі яго пошукі. Праз некаторы час хлопца затрымалі каля таго ж хостэла: ён разбіў шкло ўваходных дзвярэй. Патрульныя знайшлі ў яго ў кішэні сцізорык. Экспертыза засведчыла, што хлопец быў п'яны, паведамляе паліцыя Варшавы.
19-гадоваму нападніку ўжо выставілі абвінавачванні ў пагрозах на адрас украінкі і беларуса паводле нацыянальнай прыкметы, а таксама ў наўмысным пашкоджанні маёмасці. Пракурор прызначыў яму паліцэйскі нагляд з забаронай набліжацца да пацярпелых.
Маладому чалавеку пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін да 5 гадоў.
Каментары
Важливо: а на якій такій мові вони розмовляли? Так що на всю вулицю було чутно? Може, на мові окупанта?