Свет

У 101 год памёр адзін з самых багатых нарвежцаў. Ён адмовіўся ад мільярдаў і працаваў па 10 гадзін на дзень

Олаф Тун ажаніўся ў 95 гадоў, але гэтаму папярэднічала сямейная драма.

Olav Thon Олаф Тун
Олаф Тун у 2014 годзе. Фота: Kjetil Ree / Wikimedia Commons

У 2013 годзе часопіс Forbes уключыў на той час 90-гадовага нарвежца Олафа Туна ў спіс 200 самых багатых людзей свету. На той час яго кампанія валодала 450 аб'ектамі нерухомасці па ўсёй Нарвегіі, у тым ліку 60 гатэлямі.

Як згадваў сам Олаф, у яго з дзяцінства была прадпрымальніцкая жылка. Жывучы з бацькамі на ферме, ва ўзросце 8 гадоў ён замаўляў па каталогу калядныя паштоўкі, атрымліваў іх па пошце і прадаваў суседзям.

Па словах мужчыны, ён хацеў вывучаць медыцыну, але ў 1939-м годзе, калі яму было 16 гадоў, пачалася вайна, і бацькі пабаяліся адпускаць яго з дому.

«Мне прыйшлося застацца ў нашай вёсцы, і рабіць мне было зусім няма чаго. Непадалёк было некалькі ферм лісінага футра, так што я ўзяў з сабой скуркі лісіц і адправіўся ў Осла, каб іх прадаць», — расказваў пазней Олаф.

Праз некалькі гадоў у Осла хлопец валодаў сваёй лаўкай. Пасля таго, як скончылася вайна, Тун накіраваўся ў Лондан, дзе вывучаў англійскую мову. Вярнуўшыся з Брытаніі, у 1951 годзе малады прадпрымальнік заняўся продажам футра за мяжу, а ў хуткім часе набыў на галоўнай вуліцы Осла будынак пад свой магазін. Цяпер там знаходзіцца буйны гандлёвы цэнтр.

Пазней прадпрымальнік звярнуў увагу на набыццё іншай нерухомасці. У 1966 годзе Тун адкрыў свой першы рэстаран, а ў 1989 годзе заснаваў сетку гатэляў. Пазней ён пашырыў свой бізнэс на гандлёвыя цэнтры. Сярод яго ўладанняў таксама былі аэрапорт і хімічны завод.

Калі Олафу было 90 гадоў, ён расказваў пра свой рэжым працы: «Я прыходжу ў офіс недзе ў 7-8 раніцы, затым у мяне пастаянныя сустрэчы, і дадому я вяртаюся каля шостай вечара. 10-гадзінны працоўны дзень для мяне звыклы».

А маладым людзям, якія хочуць дасягнуць поспеху, Тун раіў цяжка працаваць і быць пунктуальнымі.

У 2007 годзе па памеры багацця Олаф Тун быў другім у Нарвегіі. Пры гэтым ён працягваў жыць вельмі сціпла ў невялікім таўнхаўзе на дзве сям'і недалёка ад Осла. Ён не меў прыслугі, сам прыбіраў у доме і даглядаў сад.

«Я самастойна кірую сваім Фальксвагенам, у мяне адна пара лыжаў і адзін веласіпед. Маю чырвоную шапачку звязала мне жонка», — расказваў Олаф журналістам.

Менавіта шапачка была адной з характэрных рыс аблічча мільярдэра. А жонкай ён назваў жанчыну, з якой ажаніўся толькі ў 95-гадовым узросце. Да гэтага Олаф пражыў з ёй больш за 30 гадоў, знаходзячыся ў шлюбе з іншай жанчынай.

Olav Thon Олаф Тун
Олаф Тун у 2016 годзе. Фота: Tore Sætre / Wikimedia Commons

Першая жонка Олафа дастаткова рана пачала хварэць на хваробу Альцгеймера. Як расказваў сам Тун, са сваёй другой жанчынай ён пазнаёміўся ў той перыяд, калі жонка ўжо не пазнавала яго. Але разводзіцца з ёй ён не захацеў.

«Чаму б не паклапаціцца аб тым, каму не пашчасціла сур'ёзна захварэць? (…) Калі вы ўжо такія дарослыя і не збіраецеся заводзіць дзяцей, у гэтым [разводзе] няма неабходнасці», — расказваў Олаф журналістам.

Ён так і не развёўся. А з каханкай ажаніўся праз год пасля смерці жонкі.

Паспяховы, але бяздзетны бізнэсмен у 2013 годзе вырашыў перадаць большую частку сваіх актываў дабрачыннаму фонду, які асноўную ўвагу аказвае медыцынскім даследаванням.

«Я не магу ўзяць грошы з сабою, калі памру. Але я зрабіў так, што пасля маёй смерці грошы будуць траціцца так, як я хачу. (…) Нехта думае аб тым, як бы перадаць свой бізнэс сваёй сям'і, а мне важна, каб мой фонд падтрымліваў навуку. Мне здаецца, менавіта навука нясе вялікую важнасць у гэтым жыцці», — гаварыў Тун.

Олаф Тун памёр 16 лістапада ва ўзросце 101 год. Пасля яго смерці прэм'ер-міністра Нарвегіі Ёнас Гар Сцёрэ назваў Туна «ўнікальным прадпрымальнікам», які «ніколі не забываў пра сваю прыналежнасць да мясцовай нарвежскай супольнасці».

Каментары

Хто тая жанчына, якую Марзалюк у эфіры БТ абазваў «шваллю з Гродна», і што яна піша ў чатах? Расказваем пра доктарку Стэфановіч28

Хто тая жанчына, якую Марзалюк у эфіры БТ абазваў «шваллю з Гродна», і што яна піша ў чатах? Расказваем пра доктарку Стэфановіч

Усе навіны →
Усе навіны

Васілеўская расказала, як дзякуючы ёй моладзь адрываецца ад тэлефонаў і пачынае вучыцца16

У Гданьску напалі на беларусаў17

«Не чапайце, яны з сям'ёй адпачываць прыйшлі». Мінчанка сустрэла ў аквапарку «Лебядзіны» зграю тараканаў5

У Ганконгу 45 лідараў дэмакратычных пратэстаў 2019 года прысудзілі да турэмных тэрмінаў

Украіна ўпершыню ўдарыла ракетай ATACMS па аб'екце на тэрыторыі Расіі3

Чаму ў «Белавія» мала распродажаў і ці апраўдаў сябе рэйс у Індыю

Пуцін зацвердзіў новую ядзерную дактрыну. У ёй ёсць пункт, звязаны з Беларуссю25

Мікіта Мелказёраў расказаў, як яго «пакусаў» Зянон Пазняк6

У прытулку ў дзяўчыны 80 сабак, але грошай на корм не засталося5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто тая жанчына, якую Марзалюк у эфіры БТ абазваў «шваллю з Гродна», і што яна піша ў чатах? Расказваем пра доктарку Стэфановіч28

Хто тая жанчына, якую Марзалюк у эфіры БТ абазваў «шваллю з Гродна», і што яна піша ў чатах? Расказваем пра доктарку Стэфановіч

Галоўнае
Усе навіны →