Пачаўся суд над кіраўніком ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыем Кучуком
Яго затрымалі, калі ён прыйшоў да расійскай амбасады ўскласці кветкі ў памяць пра памерлага палітыка Аляксея Навальнага
50-гадовы Дзмітрый Кучук — былы старшыня партыі «Зялёныя» (партыю ліквідавалі ў ліпені 2023 года). Ён узначальваў адкрытае акцыянернае таварыства «МС Заходняя» — гэта прадпрыемства, якое збірае і перапрацоўвае адкіды. Мае дарослую дачку.
Дзмітрыя затрымалі 16 лютага каля расійскай амбасады. Кучук прыйшоў, каб ускласці кветкі ў памяць пра памерлага палітыка Аляксея Навальнага. Праз месяц стала вядома, што супраць Дзмітрыя завялі крымінальную справу.
Разглядаць яго справу пачалі 22 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах — «заклікі да санкцый» (ч. 3 арт. 361 КК) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК). Яму можа пагражаць да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Судзіць яго Алена Шылько. Шылько 51 год, на пасадзе суддзі яна не менш за 17 гадоў. Палітычныя справы яна вядзе як мінімум з 2006-га. Шылько асудзіла дзясяткі беларусаў па палітычна матываваных крымінальных справах, сярод якіх — Алесь Пушкін, які памёр за кратамі.
Каментары