Сталі вядомыя пяць новых прозвішчаў палітвязняў, што выйшлі на волю
Размова пра палітвязняў, якія выйшлі на волю два тыдні таму, 7 лістапада. Сярод іх — Аляўціна Гудкова, Андрэй Каралёў, Ілля Талстоў, Сяргей Чыж і Сяргей Ільін.
Іх імёны ў эфіры дзяржТБ агучыў Юрый Васкрасенскі.
Аляўціна Гудкова была затрыманая вясной 2024 года. Яна атрымала год калоніі паводле «народнага» артыкула за ўдзел у акцыі пратэсту 10 жніўня 2020 года ў Брэсце (ч.1 арт. 342 КК).
Андрэй Каралёў у чэрвені 2024 года атрымаў два гады калоніі за «паклёп на Лукашэнку».
Ілля Талстоў 17 студзеня 2024 года быў прысуджаны да пазбаўлення волі па «народным» артыкуле за ўдзел у пратэстах (ч.1 арт. 342 КК). Тэрмін праваабаронцам быў невядомы.
Сяргей Чыж 26 лютага 2024 года быў асуджаны паводле ч.2 арт. 367 КК за «паклёп на Лукашэнку». Ён атрымаў тры гады «хіміі» з накіраваннем. Судзілі Сяргея разам з яго жонкай Таццянай: яна атрымала хатнюю «хімію».
Сяргей Ільін 4 студзеня 2024 года быў прысуджаны да пазбаўлення волі за «паклёп на Лукашэнку». Тэрмін невядомы.
Васкрасенскі дадаў, што да Новага года грамадская камісія па вяртанні, якой цяпер дазволілі займацца і памілаваннем, разгледзіць яшчэ частку зваротаў ад палітвязняў.
Усяго з ліпеня па памілаванні на волю выйшлі 178 чалавек, асуджаных па палітычных матывах.
Каментары