Блогер Шэры Кот, арыштаваны яшчэ да выбараў-2020, не выйдзе пасля сканчэння тэрміну
Змітра Казлова, які ўжо правёў у зняволенні чатыры з паловай гады, будуць зноў судзіць.
У судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска 29 лістапада будуць разглядаць чарговую крымінальную справу супраць блогер ютуб-канала «Шэры кот». Пры гэтым 28 лістапада, за дзень да суда, у палітвязня сканчаецца тэрмін зняволення і ён мусіў быў выйсці на волю з бабруйскай калоніі № 2.
Але, меркавана, з калоніі яго наўпрост перавядуць у СІЗА, піша «Вясна».
Гэтым разам Змітра абвінавачваюць паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Павел Карцінін. Цяпер Змітру пагражае да двух гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.
У зняволенні палітвязня ўтрымліваюць амаль 4,5 гады.
Зміцер Казлоў — блогер ютуб-канала «Шэры кот». Зміцер актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэстаў супраць інтэграцыі з Расіяй зімой 2019 года. За ўдзел, стрымы і заклікі да ўдзелу стаў рэкардсменам па колькасці сутак адміністрацыйнага арышту: тады яго пакаралі 120 суткамі.
Яго затрымалі 10 чэрвеня 2020 года разам з актывістамі «Еўрапейскай Беларусі».
На наступны дзень ён быў асуджаны на 20 сутак арышту паводле адміністрацыйных артыкулаў. У гэты ж дзень стала вядома, што ён стаў фігурантам справы па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Але канчаткова Змітру выставілі абвінавачванне паводлеч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках).
25 мая 2021 года суддзя Ірына Ланчава прызначыла яму пяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Каментары