Культура11

Памёр грамадскі дзеяч у Канадзе Антон Маркевіч

На такіх, як Маркевіч, трымалася наша Канада – вонкава сціплых, але надзейных і цвёрдых, як крэмень, беларусах.

У Канадзе, у горадзе Ашава (Oshawa) на 85-м годзе жыцця памёр беларускі грамадскі дзеяч Антон Маркевіч. Ён памёр 9 лістапада 2009 г., але пра гэта стала вядома толькі цяпер.

На жаль, беларуская грамада ў Канадзе раскіданая, і пра смерць у Ашаве не было каму паведаміць у Таронта – цэнтр беларускага жыцця, напісала ў электронным лісце Івонка Сурвілла.

***

Антон Маркевіч нарадзіўся 14 кастрычніка 1925 г. у Гродне.

Ад 1944 г. – на эміграцыі. Дзевяць гадоў (1946—1955) пражыў у Мюнхене. Хоць у гэтым горадзе было нямала беларускіх дзеячоў – усяго ў Нямеччыне пасьля эміграцый-рэпатрыяцый у іншыя краіны, напачатку 1950-х засталіся каля 2 тыс. свядомых беларусаў – Маркевіч удзелу ў грамадскім жыцці не браў.

З галавой кінуўся ў вір беларускага жыцця пасля таго, як у 1955 г. перабраўся ў Канаду, у Таронта

– на той час дый цяпер – галоўны беларускі горад у гэтай шматнацыянальнай краіне.

Напачатку ў Таронта Маркевіч нікога не ведаў, прыехаў на запросіны знаёмага ўкраінца. Ён згадваў, што выпадкова натрапіў на дом з адрасам 1 000 Dandas str., «дзе, згодна шыльдзе месцілася Згуртаванне беларусаў Канады (ЗБК) і парафія св. Кірылы Тураўскага.

Вось туды я з радасьцю і ўваліўся! Праз кароткі час я быў абраны сакратаром ЗБК, а ў 1958 г. быў абраны старшынём Галоўнай Управы».

Маркевіч прыехаў у Канаду ўжо пасля расколу беларусаў на два супрацьлеглыя лагеры – ЗБК і Беларускае нацыянальнае аб'яднанне (адныя трымаліся платформы Рады БНР, другія – БЦР) і быў свабодны ад ідэалагічна-падзельных догмаў. Менавіта ў 1958 г. ЗБК і БНА зладзілі першае супольнае грамадскае святкаванне – гэта былі ўгодкі Слуцкага збройнага чыну.

Потым Антон Маркевіч доўгі час быў сакратаром ЗБК, браў чынны ўдзел у працы згаданай вышэй праваслаўнай парафіі, хоць і быў каталіком па веравызнанні. Але парафіі гуртавалі людзей розных веравызнанняў – бо гэта былі не толькі царкоўныя суполкі, але і своеасаблівыя беларускія грамадскія клубы.

Антона Маркевіча ж цікавіла выдавецкая справа.

Разам з Кастусём Акулам ён заснаваў выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня». Сярод іншага, сябры клуба рабілі значкі з «Пагоняй» ды пярсцёнкі. Залатымі і срэбранымі значкамі ганаравалі вядомых беларусаў за ўнёсак у грамадскую і культурную працу.

Сярод узнагароджаных – Івонка і Янка Сурвілы, фотамастак Анатоль Кляшчук ды палітык Зянон Пазняк.

Маркевіч быў карэспандэнтам амэрыканскае газэты «Беларус». Пісаў пра жыццё канадскіх беларусаў пад імем Хвядос Прылепскі, ці крыпта-псеўданімам А—віч.

У 1963 г. у складзе «Беларуса» – за рэдактарствам Станіслава Станкевіча – з’явілася старонка «Весткі з Канады»,

і Антон Маркевіч поруч з Кастусём Акулам, крыху пазней да іх далучыўся Барыс Рагуля, арганізаваў «канадыйскую» рэдакцыю.

Праўда, праз некалькі год праз унутраныя спрэчкі і непаразуменні з Нью-Ёркам Маркевіч кінуў тое рэдактарства, гучна бразнуўшы дзвярыма – «Я быў са Станкевічам у добрых адносінах, заўсёды забіраў з аэрадрому, даваў начлег, таму быў здзіўлены чаму так усё сталася. А потым быў рэпартаж у «Беларусе» аб грэшніку Маркевічу, разгляд нейкага даносу на мяне. (…) Я сам здзіўляюся, як мог перажыць такое!», са скрухай пісаў ён.

Але перажыў і ад беларускага руху не адышоў.

У 1965 г. ён, жывучы ў горадзе Ашава (не блытаць са сталіцай краіны Атавай) дабіўся, каб бел-чырвона-белы сцяг уздымаўся штогод 25 сакавіка перад гарадской ратушай побач з канадскім.

У 1970-м разам з Вінцэнтам і Раісай Жук-Грышкевічамі дамовіліся з мэрыяй Таронта, каб сцяг уздымаўся на ратушнай плошчы кожныя 25 сакавіка.

Як прадстаўнік беларускай грамады Антон Маркевіч быў запрошаны на ўрачысты абед у мэрыі ў гонар брытанскай каралевы Элізабэт падчас ейных адведзінаў Таронта.

Неяк Маркевіч пазнаёміўся з кіраўніком украінскай радыёперадачы «Пісьня Украіны», што вяшчала на станцыі CHWO у гарадку Оўквіл паблізу Таронта, які паабяцаў дапамагчы ў арганізацыі беларускай перадачы. Сказана – зроблена.

Неўзабаве з’явіліся штонядзельныя паўгадзінныя беларускія перадачы.

Перадача праіснавала, праўда, толькі паўгоду. Маркевіч, стомлены цяжкой працай, зрабіў, як ён сам згадваў, фатальную памылку. Папрасіў колькі тыдняў перапынку, і на яго частату ўлезлі італьянцы, і адбіць праграму назад не ўдалося.

Маркевіч не здаваўся, прасоўваў беларускія навіны і музыку на іншых радыёстанцыях.

Апошнія гады, з увагі на паважны ўзрост, Антон Маркевіч адышоў ад актыўнае грамадскае працы, але даваў ахвяраванні на «Беларуса» ці беларускія выдавецкія праекты.

На такіх, як Маркевіч, трымалася наша Канада – вонкава сціплых, але надзейных і цвёрдых, як крэмень, беларусах.

Паводле папярэдніх звестак, паніхіда па Антону Маркевічу адбудзецца ў гэтую нядзелю ў Таронта.

Каментары1

Хто яна, новая жонка Сяргея Міхалка?11

Хто яна, новая жонка Сяргея Міхалка?

Усе навіны →
Усе навіны

Пацверджаныя страты Расіі ва Украіне перавысілі 60 тысяч чалавек забітымі5

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк больш не пробашч Чырвонага касцёла

Палітвязень Андрэй Пачобут да гэтага часу знаходзіцца ў ПКТ1

Вядучы БТ расказаў, як яго не хацелі пускаць у Парыж на Алімпіяду. Але ён перамог1

Палітвязням, у якіх заканчваюцца тэрміны, прапанавалі напісаць прашэнні аб памілаванні1

На праклёны дачкі Ірыны Фарыён забойца ніяк не рэагаваў, а заявіў: «Час пакажа»3

У Расіі затрымалі яшчэ аднаго намесніка міністра абароны3

Стала вядома імя і загулы расійскага «шэф-кухара», які быў насамрэч агентам3

Гродзенцы сталі ў велізарную чаргу, каб перарэгістраваць аўто. ГУБАЗіК будзе разбірацца, хто «нагнятае сітуацыю»7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто яна, новая жонка Сяргея Міхалка?11

Хто яна, новая жонка Сяргея Міхалка?

Галоўнае
Усе навіны →