Грамадства3232

Выпускнік мінскай беларускамоўнай гімназіі скончыў Гарвардскі ўніверсітэт. Вось дзе ён цяпер працуе

Імя выпускніка гімназіі № 4 Мінска Максіма Багдановіча стала гучна вядомае ў чэрвені 2018-га, калі 16-гадовы хлопец атрымаў стыпендыю і паступіў у Гарвард. У маі 2024-га малады чалавек скончыў адзін з самых вядомых універсітэтаў свету і ўжо пачаў працаваць. Блог «Людзі» распытаў, што ў яго чуваць і чым ён цяпер займаецца.

Максім Багдановіч прэзентуе ўдзельнікаў мерапрыемства ў школе кіравання імя Кенэдзі, сакавік 2023-га. Фота: асабісты архіў

Цяпер Максіму 23 гады, ён жыве і працуе ў Нью-Ёрку. Нягледзячы на гады ў ЗША, малады чалавек лёгка пераключаецца з англійскай мовы на беларускую, хоць і не памятае, на якой з іх цяпер бачыць сны. На выходныя ён выехаў з горада, каб сустрэцца са сваёй амерыканскай сям’ёй. Так Максім называе беларусаў, з якімі пазнаёміўся ў ЗША і вельмі пасябраваў. За акном у яго прыгожая цёплая восень. У настрой з прыродай пачынаем з самага бадзёрага пытання: «Што ў вас чуваць?»

— Усё выдатна.

— Раскажыце, дзе зараз працуеце, чым займаецеся?

— Працую ў фінансавай кампаніі. Гэта вялікі фонд, які інвестуе грошы пенсійных, універсітэцкіх фондаў і гэтак далей. Рынкі, у якія ён укладваецца, публічныя: напрыклад, акцыі вялікіх кампаній, аблігацыі дзяржаў. Я займаюся аналізам інвестыцый.

Мая кагорта выпускнікоў далучылася да працы ў верасні, я — крыху раней. Цяпер у нас трэнінг. Нас вучаць, як інвеставаць, як працуе эканоміка, як карыстацца «памочнікамі» — ад Excel да моваў праграмавання. Усё гэта працягнецца некалькі месяцаў ці нават больш, бо поспех фонду залежыць ад таго, наколькі добра мы разумеем, як працуе эканоміка, і можам яе прагназаваць.

— Думала, чалавек, які скончыў Гарвард, адразу выходзіць суперспецыялістам.

— Агулам, выпускнікі Гарварда ведаюць шмат, але пакрыху. Вядома, ёсць студэнты, якія з самага пачатку на чымсьці спецыялізуюцца. Яны разумеюць, што хочуць вучыць, і пасля выпуску ў іх ёсць канкрэтная мэта. Мой сябар, напрыклад, уяўляў, што звяжа жыццё з хіміяй. Падчас адукацыі ён працаваў у лабараторыях, браў суперкласныя курсы для студэнтаў-дактарантаў, а калі скончыў, стаў працаваць у фармакалагічнай кампаніі. Ён займаецца штучным інтэлектам. «Машына» генеруе малекулярныя структуры для патэнцыйных лекаў, а яго задача — настройваць ШІ так, каб ён прапаноўваў больш якасныя варыянты малекул.

Але мэта гарвардскай адукацыі не зусім у тым, каб падрыхтаваць супрацоўніка вузкай спецыялізацыі. Наадварот. Падыход да вучобы ў каледжах кшталту нашага называецца liberal arts (вольныя навукі і мастацтва. — Заўв. рэд.). Яго мэта — даць студэнту збалансаваную адукацыю ў розных галінах. Напрыклад, у нас ёсць абавязковыя агульнаадукацыйныя дысцыпліны, якія мы павінны прайсці. Іх шмат, і яны наўмысна па-за межамі абранай спецыялізацыі. Напрыклад, у дадатак да абавязковых заняткаў па манетарнай палітыцы ды эканаметрыцы я браў курсы па гісторыі дэмакратыі, публічных выступах ды акторскім майстэрстве.

Часам такі падыход можа быць непрактычным. Растлумачу на прыкладзе. У МІТ (Масачусецкім тэхналагічным інстытуце. — Заўв. рэд.) ёсць клас па бухгалтэрыі, а ў Гарвардзе няма. Тэарэтычна для людзей, якія пасля майго ўніверсітэта пойдуць працаваць у карпаратыўныя фінансы, было б вельмі класна мець такія веды. Калі яны вам патрэбныя, можаце пайсці праз дарогу і ўзяць іх у MIT (смяецца). Вайб Гарварда ж такі, што тут не зусім дбаюць пра такія штукі. Іх турбуе лідарства ў свеце, навука, даследаванні.

— Але ж, пагадзіцеся, важна, каб падчас адукацыі была і практыка.

— У Гарвардзе гэта адбываецца праз заняткі па-за класам. На першым курсе шмат хто працуе ў лабараторыях (так было і ў мяне) ці робіць уласныя даследаванні. Некаторыя валанцёраць, напрыклад, займаюцца са школьнікамі з не самых развітых раёнаў сваіх гарадоў ці ўключаюцца ў палітычныя кампаніі, дапамагаючы камусьці з кандыдатаў. Пасля другога курса чалавека можа чакаць стажыроўка ў арганізацыі, валанцёрскія праекты, альбо ён працягвае займацца навукай. Пасля трэцяга (прынамсі, ёсць такія чаканні) вы ідзяце на практыку туды, дзе б хацелі працаваць пасля выпуску.

А яшчэ адной з найлепшых частак маёй адукацыі былі ўніверсітэцкія вандроўкі. Так я з’ездзіў у Ізраіль, на Філіпіны і Тайвань. Да паступлення за мяжой я быў толькі тры разы — у Польшчы, Літве ды Венгрыі. А тут ВНУ арганізоўвала і спансіравала паездкі. Мы падарожнічалі групай: у Ізраіль яна была чалавек 100, на Філіпіны — 20. Там сустракаліся з чыноўнікамі, палітыкамі, журналістамі, мясцовымі студэнтамі. У Тайвані, напрыклад, мы размаўлялі з былым прэзідэнтам Ма Інцзю (ён быў прэзідэнтам з 2008-га па 2016 год. — Заўв. рэд.). Ён расказваў, наколькі важная далікатная палітыка Тайваня ў дачыненні да Кітая. Пасля мы бачыліся з прадстаўнікамі апазіцыі, якія казалі ўсё тое ж самае, але наадварот (усміхаецца).

Ведаеце, падчас вучобы ты можаш прайсці колькі заўгодна тэарэтычных курсаў, але ў вандроўках больш разумееш свет. У Маніле мы сустракаліся з лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі [міру Марыяй Рэсай], якая нам расказвала аб праблемах выбараў у ЗША, абуралася наконт звольненай гарвардскай прэзідэнткі. Але пры ўсім пафасе яна ні словам не ўзгадала пра праблемы саміх Філіпін, нават пасля таго, як я ў яе запытаў пра гэта. Потым мы наведалі невялічкі горад Думагетэ на поўдні краіны і ўбачылі гэтыя праблемы на ўласныя вочы. Некалькі дзён мы дапамагалі развозіць ваду мясцовым.

У курсе па макраэканоміцы ці эканоміцы развіцця гаворыцца, што вельмі важна, каб у людзей быў доступ да пітной вады. Ты чытаеш гэты сказ, але ці сапраўды разумееш, што гэта значыць? Не. А калі ты прывёз ваду сям'і, дзе сямёра дзяцей, яны не апранутыя, маці схуднелая, бацька працуе за сем даляраў у дзень, і жывуць яны ў халупе, пабудаванай мясцовымі хрысціянскімі місіянерамі… Глядзіш на гэта і ўяўляеш: вось што насамрэч значыць «вельмі важна мець доступ да пітной вады».

Тая паездка змяніла мой светапогляд. Я пабачыў, чым можа жыць сталіца Маніла, пра якую мы чытаем у навінах, а чым — маленькі Думагетэ. Зараз на працы гэтыя веды мне вельмі карысныя. Мой фонд інвестуе ў краіны, якія развіваюцца, накшталт Філіпін. Вопыт той вандроўкі дае мне магчымасць глядзець на статыстыку не толькі як на лічбы, але і ўяўляць, як выглядаюць лёсы людзей.

Студэнцкі інтэрнат у Гарвардзе, студзень 2023-га. Фота: асабісты архіў

«Звычайна ўсе, хто імкнецца, вакансію атрымліваюць»

— Якая спецыяльнасць была ў вас у Гарвардзе?

— Прыкладная матэматыка і эканоміка.

— У 2018-м, калі вы толькі паступілі, казалі, што будзеце вывучаць нейрабіялогію. Як вы змянілі спецыяльнасць?

— Няма ніякіх змен, таму што выбар спецыяльнасці ў Гарвардзе адбываецца ўвосень на другім курсе. Калі паступіў сюды 17-гадовым хлопцам, ніхто не чакаў, каб я ведаў, чаму хачу прысвяціць жыццё. Адразу тут трапляеш на факультэт навук і мастацтваў і абіраеш, якія хочаш курсы. Калі б хацеў, мог бы вывучаць нават старажытную кітайскую філасофію.

Спачатку арыентаваўся, што буду вывучаць біялогію і хімію. Браў гэтыя дысцыпліны ды класы па матэматыцы, а яшчэ абавязковы курс па пісьме, іспанскую мову. Паралельна займаўся біяінфарматыкай, працаваў у лабараторыі, вядомай тым, што яе кіраўнік прыдумаў, як прааналізаваць геном з дапамогай адной клеткі. Мне было цікава паглядзець, як тут усё ўладкавана, але я не быў гатовы прысвяціць чатыры гады бакалаўрыята біялогіі і яшчэ пяць год дактарантуры — малекулярнай біялогіі, бо толькі тады ты рэальна зможаш зрабіць штосьці. Да таго ж на практыцы мне больш спадабалася частка пра інфарматыку, чым пра біялогію. Таму, калі пачаўся другі курс, я паведаміў, што буду вывучаць прыкладную матэматыку.

Увогуле, мая гарвардская адукацыя мела два вялікія этапы. Падчас першых двух гадоў я ўзяў асноўныя класы па сваёй спецыяльнасці — статыстыку, праграмаванне і гэтак далей. У 2020-м, калі пачаўся COVID-19, потым выбары, і я трапіў у навіны як студэнт Гарварда, што хацеў падлічыць галасы на выбарах, я пайшоў у акадэмічны адпачынак і валанцёрыў у беларускіх грамадскіх арганізацыях. Калі вярнуўся да вучобы, мне ўжо было прасцей, бо з абавязковых 15 класаў (а ўсяго іх 32), самыя складаныя я ўжо прайшоў. Таму мог проста вывучаць прадметы, што мне былі цікавыя. І, хоць займаўся я ў каледжы, браў курсы ў магістратуры Гарвардскай бізнэс-школы і школе кіравання ім. Кенэдзі. Першая — школа бізнэсу, другая — дзяржкіравання. Звычайна студэнтаў каледжу туды не пускаюць, але калі ты ведаеш прафесара і той параіць табе калегу, то ёсць шанц (смяецца).

— Раскажыце пра гэтага прафесара.

— Гэта прафесар па эканоміцы. Ён ужо шмат чаго дасягнуў. Зараз, як ён кажа, яго самая радасная частка жыцця — гэта калі ўвесну ён набірае клас па эканоміцы (ён мае права сам выбраць сабе студэнтаў). Пра хлопцаў і дзяўчат, якія да яго патрапілі, ён клапоціцца. Напрыклад, знаёміць аднаго з адным, каб яго студэнты сябравалі, рэкамендуе іх калегам для наведвання заняткаў. Так было ў мяне з класамі ў школе кіравання ім. Кенэдзі і бізнэс-школе. А яшчэ ён два разы на дзень бегае. У гэты час жадаючыя могуць далучацца да яго. Такім чынам ён праводзіць office hours — абавязковыя для прафесараў гадзіны на тыдзень, калі яны павінны быць даступныя для студэнтаў. Раз на некалькі тыдняў я таксама хадзіў з ім на прабежку.

Дарэчы, заняткі ў школе бізнэсу былі неймавернымі. Напрыклад, вывучаем, як праходзілі перамовы паміж калумбійскім урадам і камуністамі, наркагандлярамі. Гэтыя перамовы вёў прэзідэнт Сантас (Хуан Мануэль Сантас Кальдэрон кіраваў Калумбіяй з 2010-га па 2018 год. — Заўв. рэд.). І ён сам прыходзіць да нас у аўдыторыю і расказвае, як усё адбывалася.

Выпускны ў Гарвардзе, май 2024-га. Фота: асабісты архіў

— Як праходзіць выпускны год у Гарвардзе?

— Для розных студэнтаў па-рознаму. Тыя, хто плануе ісці ў акадэмію, шмат часу прысвячаюць напісанню акадэмічнай працы. Яе трэба зрабіць добра, каб потым патрапіць у дактарантуру. У мяне такой мэты не было. Дыплом я не пісаў. Мне было важней атрымаць унікальны досвед, таму я больш часу траціў на цікавыя класы (дысцыпліны. — Заўв. рэд.), паслухаць якія ў мяне наўрад ці ў жыцці яшчэ будзе магчымасць.

— А як жа размовы і хваляванні пра пошук працы?

— У вялікіх кампаніях ёсць рэкрутынгавыя аддзелы, якія адказваюць за падбор супрацоўнікаў і ладзяць мерапрыемствы ў розных універсітэтах. У тым ліку і ў Гарвардзе. У асноўным на такія імпрэзы ходзяць студэнты другога-трэцяга курса, якія шукаюць стажыроўку на лета. Там ім кажуць: «Мы такая-та арганізацыя, калі цікава, вось наша візітоўка, напішыце на імэйл». Да COVID-19 у верасні-кастрычніку можна было пабачыць шмат хлопцаў і дзяўчат, якія бегаюць па кампусе ў касцюмах. Гэта друга– і трэцякурснікі, якія спяшаліся на інтэрв'ю, але цяпер ужо ўсё праходзіць па Zoom. Дарэчы, да таго, як чалавека возьмуць на практыку, у яго можа быць тры-чатыры інтэрв'ю ў адной кампаніі. Мне падаецца, гэта больш эфектыўны спосаб, чым калі дзяржава кажа: «Ты і ты, вы павінны адзін з адным працаваць».

У выніку на чацвёртым курсе чалавек можа апынуцца ў адной з дзвюх сітуацый. Калі ў яго ёсць праца ці калі няма. Але звычайна ўсе, хто імкнецца, вакансію атрымліваюць. Хоць, магчыма, і не такую топавую, як хацелася б.

Дарэчы, тым, хто ў пошуках, ва [універсітэце] дапамагае спецыяльнае падраздзяленне. Тут могуць падказаць з усімі базавымі рэчамі — як адфарматаваць рэзюмэ, як паводзіць сябе на інтэрв'ю, як рабіць нэтворкінг (наладжваць кантакты. — Заўв. рэд.). Калі трэба, ёсць база выпускнікоў, да якіх таксама можна звярнуцца па дапамогу ці параду.

У мяне пасля трэцяга курса прапанова працы ўжо была, таму я мог проста акадэмічна займацца тым, што мне цікава.

«Студэнты Гарварда звонку таксама прыгожыя качкі, але ж пад вадой яны грабуць»

— Як вы патрапілі ў фонд, дзе зараз працуеце?

— Падчас вучобы сустракаў шмат старшакурснікаў, якія там стажаваліся, і яны мне падабаліся. Падумаў: калі такія цікавыя людзі ідуць у гэтае месца, напэўна, яно таксама добрае. Адна з дзяўчатак-студэнтак, якая там практыкавалася, напісала мне рэкамендацыйны ліст. Са мной прызначылі інтэрв'ю, а пасля яго я далучыўся да кагорты, што праходзіла [наступны этап] інтэрв'ю. Не магу сказаць, што гэта суперпроста. Але, калі б не знаёмая, усё б было нашмат складаней.

— Выходзіць, дапамог блат?

— Інстытут рэпутацыі працуе выдатна (смяецца). На працы мяне таксама просяць, калі ведаю класных студэнтаў, напісаць імэйлы ў HR-аддзел, каб іх параіць для інтэрв'ю.

— Што ў гэтых лістах трэба пазначаць?

— Чаму, як я лічу, гэты чалавек класны і падыдзе па культуры да нашай кампаніі, а таксама які ў яго досвед.

Далей з ім звязваецца HR-спецыяліст і кажа: «Мы атрымалі на вас referral (рэкамендацыю. — Заўв. рэд.) і хацелі б з вамі паразмаўляць», і пасля трэцяга курса прапанаваць стажыроўку.

— Ёсць людзі, якія панікуюць, што не знойдуць працу, ці ўсе расслабленыя?

— Ёсць такая штука, называецца сіндром гарвардскай качкі.

— Што гэта значыць?

— Уяўляеце качку? Яна такая спакойная, прыгожа плыве. А ведаеце, як яна выглядае пад вадой (смяецца і паказвае рукамі, як птушка хутка перабірае нагамі)? Студэнты Гарварда звонку таксама прыгожыя качкі, але ж пад вадой яны грабуць. Калі хлопец ці дзяўчына прыходзяць у аўдыторыю, яны такія: я гатовы, але не таму, што я шмат прачытаў (хоць так і ёсць), а таму, што я такі разумны. І кожны падтрымлівае гэтую гульню, проста хтосьці больш прэтэнцыёзна, хтосьці менш. Тое самае і з працай. Падчас размовы чалавек, напрыклад, гаворыць: «Я трапіў у «Тэсла»». Другі: «It's amazing!» («Гэта цудоўна». — Заўв. рэд.). І ўсё, на гэтым тэма спыняецца. Ніхто не стане наракаць, колькі інтэрв'ю ён прайшоў і як гэта было складана.

— Наяўнасць гарвардскага дыплома дае бонусы, калі шукаеш працу?

— Бонус пачынаецца і заканчваецца тым, што вам прапануюць сумоўе. Але калі вы нічога не ведаеце, вы не атрымаеце працу.

— Ці ёсць страх, што працу не знойдзеш?

— Напэўна, ёсць. Але ёсць і іншая праблема. У студэнтаў Гарварда вялікі выбар варыянтаў для працы і яшчэ большая колькасць інтарэсаў. Яны маглі б паспрабаваць сябе ў нейкай індустрыі, пайсці ў акадэмію ці, напрыклад, рабіць свой стартап, але ім страшна памыліцца з выбарам. Шмат хто не можа вызначыцца і ідзе ў больш агульныя спецыяльнасці, напрыклад, кансалтынг. Такія спецыялісты кожныя тры месяцы пераходзяць на новыя праекты, дзе даюць парады кіраўнікам кампаній.

Чаму так адбываецца? Гарвардцы — гэта людзі, якія прывыклі ўсё жыццё дасягаць большых і большых вышынь. Як школьнік ты добра вучыўся, цябе паставілі ў клас для лепшых. Ты ўдзельнічаеш у алімпіядах, спаборніцтвах, імкнешся да медалёў. Далей — Гарвард. У [мясцовых] студэнтаў выпрацавалася амаль інстынктыўнае жаданне патрапіць у больш эксклюзіўную групу. Прычым нават не вельмі важна, у якую менавіта.

Паралельна з гэтым ёсць страх правалу. Ён прымушае хвалявацца, бо ты чалавек, які што б ні рабіў, рабіў на выдатна. Мяне спачатку гэта пужала. Помню, разгаварыліся з хлопчыкам, ён кажа: «Я выйграў алімпіяду «Сіменс» па матэматыцы». Для мяне гэта было «ваў»! Але ён нават не заўважаў, якое гэта дасягненне.

Як мне здаецца, у многіх студэнтаў няма ў галаве разумення, што яны ў чымсьці могуць праваліцца і што правал — гэта нармальна. З-за гэтага часам спыняюцца на прафесіях, у якіх рызыка фіяска меншая. Так яны адкладваюць выбар.

— Свае амбіцыі студэнты ў Гарвардзе не агучваюць?

— Такое не абмяркоўваюць. Чалавек вам павінен быць цікавы як чалавек, а не якую працу ён атрымаў ці якія сродкі ў яго ёсць.

— Дарэчы, пра сродкі. У Гарвардзе вучацца дзеці вядомых палітыкаў, багатых людзей. Ці складана займацца побач з такімі хлопцамі і дзяўчатамі, калі ты чалавек з простай сям'і?

— Адразу кожны камунікуе з кожным, але ж праз месяцы два людзі ўжо разумеюць, хто з якога сацыяльнага асяроддзя. Падчас першага курса ў лістападзе-снежні некаторыя з маіх сяброў паехалі катацца на лыжах у Каларада, а я не. Мне здавалася, несправядліва, што мяне туды не запрасілі, але ж калі б нават запрасілі, дазволіць сабе фінансава такое падарожжа я б не змог. З часам сацыяльныя групы становяцца даволі сталыя. Першыя два гады для мяне ўсё гэта складаней. На трэцім і чацвёртым курсе ўспрымаў гэта прасцей. Напэўна, пасталеў, зразумеў, хто я такі і на што здольны.

— Што значыць «складаней»?

— Мой бацька — просты беларускі доктар. Калі б ён жыў тут, магчыма, ён быў бы чальцом мясцовага клуба (тут ёсць такія сацыяльныя клубы), і я прысутнічаў бы на вечарынах клуба. Бачыў бы, як дарослыя ў пінжаках адзін з адным камунікуюць, абмяркоўваюць падзеі, хто куды хадзіў, ездзіў. Прывілеяваныя гарвардскія студэнты з гэтым растуць і капіююць паводзіны сваіх бацькоў (напрыклад, як камунікаваць). Я ж гэтага не бачыў і вучыўся разумець толькі праз уласны досвед. Першыя два гады спрабаваў падладзіцца. Потым ужо быў сабой. Я не магу змяніць тое, што нарадзіўся ў Ленінскім раёне Мінска, вучыўся ў звычайнай беларускай гімназіі. Так, пасля паступіў у Гарвард, дзе мне «залілі» ў галаву мазгоў, але ж унутры я адтуль, дзе нарадзіўся.

«Разумею прывілеі, якія пасля выпуску на мяне ўпалі»

Максім Багдановіч на выпускным у Гарвардзе. Фота: асабісты архіў героя публікацыі

— Што такога ў студэнтах Гарварда, што іх лічаць «ваў»?

— Гэта рэсурсы, да якіх ёсць доступ, і людзі, гатовыя гэтымі рэсурсамі скарыстацца. Тут не будуць вучыцца тыя, хто ўлетку не хоча стажыравацца, ці, напрыклад, падавацца на грант, каб працягнуць даследаванне. Сюды ў асноўным трапляюць хлопцы і дзяўчаты, якія з дзяцінства імкнуцца атрымаць максімум з той сітуацыі, у якой апынуліся.

— Пра што вы?

— У Гарвардзе кожны студэнт мае права прачытаць нататкі, што рабіла камісія, якая яго прымала. Помню, у маім кейсе было напісана, што мая сям’я не магла дазволіць сабе дасылаць мяне на шмат міжнародных алімпіяд па фехтаванні (Максім займаўся гэтым відам спорту. — Заўв. рэд.). Калі камісія пра гэта даведалася, адна з чальцоў напісала, што на паўбала падняла мне адзнаку па спорце.

У Амерыцы фехтаванне — вельмі дарагі спорт. Яго могуць сабе дазволіць толькі заможныя. Я ж ім займаўся праз прафсаюзны гурток. Гэта паказвае: я не меў шмат магчымасцяў, але тыя, што былі, выкарыстаў. Таму для Гарварда не важна, адкуль ты, з якой сям'і. Ты можаш быць хоць з хрушчоўкі. Галоўнае, вы тлумачыце, якія мелі ўмовы і што з імі зрабілі.

— Яшчэ ў 2022-м вы паведамілі, што гатовыя дапамагчы парадай маладым людзям, якія хацелі б таксама паступіць у Гарвард. Навошта вам гэта?

— Калі быў у 11-м класе, мой дзядзька даў мне грошы на экзамены і сказаў: «Паспрабуй, я ў цябе веру». Я добра здаў амерыканскі іспыт, і ў мяне з’явіўся шанец паступіць. Але ж, калі б не дзядзька, я б пра гэта толькі марыў.

Разумею прывілеі, якія пасля выпуску на мяне зваліліся. Гарвард не быў для мяне сацыяльным ліфтам, гэта сацыяльная катапульта. Таму мне таксама хацелася б стаць такім дзядзькам ці стрыечным братам для іншых школьнікаў.

Да таго ж пасля паступлення ўжо тут, у ЗША, знаходзіліся людзі, якія пра мяне клапаціліся. Напрыклад, прафесар эканомікі, мая амерыканская сям’я. А яшчэ беларус, які ў 2004-м скончыў Гарвард. Цяпер ён працуе юрыстам. Ён прачытаў маю гісторыю і напісаў мне, прапанаваў дапамогу. Калі я прыляцеў у Амерыку, яго цешча сустрэла мяне ў аэрапорце і адвезла ў кампус. Потым ён да мяне прыехаў. Помню, мы пайшлі ў краму, трэба было купіць алоўкі, сшыткі і ўсё такое. Калі на касе гэта падлічылі, выйшла 120 даляраў. Для мяне вялікая сума, хоць, канешне, бацькі далі мне з сабой грошы. Ён сказаў: «Не хвалюйся» — і заплаціў.

Ведаеце, я шмат клопату атрымліваў ад розных людзей, якія не павінны былі пра мяне клапаціцца. І зараз мне хочацца адказаць тым жа.

— Нехта вам скажа: «Навошта мне Гарвард, у БДУ таксама класна».

— Я ж не матывую ўсіх. Я гавару пра тых, каму цікава. Я не кажу, што паступленне ў гэты ўніверсітэт — адзіная магчымасць штосьці зрабіць у жыцці. У кожнага ёсць месца, дзе б яму хацелася быць. Калі гэта Гарвард, то, калі ласка, пішыце, буду рады адказаць на пытанні.

— Шмат падлеткаў да вас звярнулася?

— 44 чалавекі. Некаторыя проста пісалі нешта кшталту «мне цікавая Амерыка, што рабіць». Тут складана штосьці параіць. Але былі і людзі, асабліва дзяўчаты, якія задавалі канкрэтныя пытанні. Я атрымаў дзесьці 30 розных эсэ, якія патрабуюць пры паступленні. Усё гэта па-англійску. У google-доку я пакінуў ім каментары. Напрыклад, выдатная структура, але тут можна быць больш канкрэтным. Адказаў кожнаму.

Самае цікавае, што я займаўся гэтым па ўласнай ініцыятыве, але цяпер ёсць класная беларуска Ліза Трахаліна, якая робіць праект Bright Belarus. Гэта суполка беларусаў, якія вучыліся за мяжой і гатовыя стаць ментарамі (дапамагчы парадай) беларускім студэнтам, каму таксама цікавая адукацыя ў замежнай магістратуры.

Я дапамагаю Лізе і пры гэтым працягваю даваць парады школьнікам асабіста.

— Ці ёсць яшчэ ў Гарвардзе студэнты-беларусы? Раптам некаму з іх дапамаглі вашыя парады.

— Вясной сюды паступіла дзяўчына з Беларусі. Мне яна напісала ўжо пасля таго, як падала свае паперы.

Дарэчы, пісалі мне і дзяўчаты, якія пасля прайшлі ва Універсітэт імя В. Дзюка, Універсітэт Джонса Хопкінса і на летнюю школу Ельскага ўніверсітэта. Ім я даваў парады, накіроўваў, дзе можна бясплатна і эфектыўна рыхтавацца да экзаменаў (напрыклад, тут), ды дзяліўся меркаваннямі пра іх эсэ.

«Калі ў мяне будзе больш класная кватэра, павешу там дыплом»

— Вы казалі, што год вашага навучання каштуе 80 тысяч даляраў. Дзе зараз ваш дыплом, які, атрымліваецца, цягне на 320 тысяч?

— Ляжыць дзесьці ў шафцы. Калі ў мяне будзе больш класная кватэра, я яго павешу.

Максім Багдановіч у аддзеле беларускай літаратуры ў галоўнай Гарвардскай бібліятэцы, кастрычнік 2023-га. Фота: асабісты архіў героя публікацыі

— А як цяпер выглядае ваша жыллё?

— Разам з сябрам, які быў маім суседам у Гарвардзе, мы здымаем невялічкую кватэру. Гэта двухпакаёўка на поўдні Манхэтана. Раён не самы фешэнэбельны, але ж і не Бронкс (смяецца). У горадзе даволі дарагая нерухомасць, таму ўдзячны, што мая праца дазваляе мне жыць у Нью-Ёрку.

— Здавалася, што пасля Гарварда ў чалавека адразу і дарагая кватэра, і машына.

— Гарвардскія веды даюць магчымасць атрымаць працу, але потым трэба працаваць. Прычым шмат. Да таго ж я адношуся да людзей, якія не трацяць грошы на рэчы. У маёй кватэры ёсць вокны і ў іх зазірае сонца. І гэта самае галоўнае. Усё іншае там даволі сціплае. Мы нават не набывалі новай мэблі. Грошы я інвестую ў людзей і ў досвед. Напрыклад, тыя, каму я ў свой час дапамог парадай пры паступленні, зараз ментары ў Bright Belarus. А значыць, той адзін чалавек можа падтрымаць, напрыклад, яшчэ пяць.

— Калі скончыў Гарвард, са старту добры заробак?

— У мяне ён добры, але ж і Нью-Ёрк — вельмі дарагі горад.

— Як вас змяніў Гарвард?

— Ён мяне вызначыў. Цяпер у мяне ёсць адчуванне, што нават калі ў мяне нічога не будзе (так, па шчырасці, і ёсць, бо ўсё маё жыццё можа змясціцца ў адной валізцы), я магу куды заўгодна паехаць, і мне будзе нармальна. У мяне ёсць добрая адукацыя, і гэта дае спакой. Бо, дзе б я ні апынуўся, упэўнены, што людзі, якіх ведаю, дапамогуць, а веды, што атрымаў, змагу прымяніць. Прынамсі, мяне паслухаюць, візітоўка Гарварда дае такую магчымасць.

— Калі вернецеся ў Беларусь, вам прыйдзецца пацвярджаць свой дыплом, каб па ім працаваць?

— А дзе (смяецца)? Нарэшце будзе карысная гэтая папера, а то ляжыць [у шафцы].

Каментары32

  • Wery
    15.10.2024
    Молодец!
  • Смешно
    15.10.2024
    И зачем нам это знать? Что он принесет Беларуси? Ничего. Свалил, отучился, работает. В США. И что нам в Беларуси от этого? Гордиться? Что свалил? Смешно.
  • чэшскі куколдавод
    15.10.2024
    Ух ты! Гонар за земляка літвіна)

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць38

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Усе навіны →
Усе навіны

Бізнэсоўца з Гомеля судзяць па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве і абразе Лукашэнкі

92-гадовая жанчына штотыдзень абедае ў замку ўжо 37 гадоў

Зяленскі: Перамір'е магчыма, калі Украіну запросяць у NATO6

Паліцыя зноў разагнала мітынг у цэнтры Тбілісі

Што вядома пра беларуса Віктара Павелку, якога ў Польшчы падазраюць у арганізацыі нападаў на расійскіх апазіцыянераў7

Што свет думае пра вайну ва Украіне цяпер? Карта пазіцый краін1

Камандзір Палка Каліноўскага: Беларускія добраахвотнікі маюць тыя ж сацыяльныя гарантыі, што і ўкраінскія вайскоўцы6

У Грузіі працягваюцца пратэсты, паліцыя прымяніла вадамёты1

Спевака Дзядзю Ваню будуць судзіць за ўдзел у пратэстах4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць38

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць

Галоўнае
Усе навіны →