У рэйтынгу эканамічнай свабоды амерыканскага інстытута The Heritage Foundation Беларусь трапіла ў групу «абсалютна несвабодных» краін.
У рэйтынгу эканамічнай свабоды амерыканскага інстытута The Heritage Foundation Беларусь трапіла ў групу «абсалютна несвабодных» краін. У штогадовым дакладзе, апублікаваным на афіцыйным сайце інстытута, Беларусь займае 150-е месца з 183.
У раздзеле, прысвечаным Беларусі, эксперты The Heritage Foundation зазначаюць, што ў краіне існуе «паўсямесны кантроль і ўмяшанне дзяржавы ў беларускую эканоміку». «Рэструктурызацыя ідзе вельмі марудна, і невялікі прыватны сектар застаецца неразвітым. Заканадаўчыя акты застаюцца заблытанымі, — зазначаецца ў дакладзе. — Паказчыкі фінансавай і інвестыцыйнай свабод, правы ўласнасці, свабоды ад карупцыі на 20—40 пунктаў ніжэйшыя за сярэднесусветныя паказчыкі (маецца на ўвазе дадзены рэйтынг. — БелаПАН.). Апрача небяспекі невыканання права ўласнасці і карупцыі, замежныя інвестары сутыкаюцца з абмежаваннямі і бюракратычнымі затрымкамі».
Згодна з рэйтынгам, індэкс эканамічнай свабоды Беларусі склаў 48.7 пункта (у краін, якія трапілі ў дзесятку лепшых, гэты паказчык вагаецца ад 77.2 да 89.7),
паказчыкі свабоды ад карупцыі пагоршыліся да 20 пунктаў, грашова-крэдытнай свабоды — да 62.6 пункта.
«Абсалютна несвабоднымі» The Heritage Foundation называе краіны, якія набралі ў рэйтынгу менш за 50 пунктаў. «Пераважна несвабоднымі» лічацца краіны, якія атрымалі ад 50 да 60 пунктаў, «адносна свабоднымі» — 60—70 пунктаў, «у асноўным свабоднымі» — 70—80 пунктаў, «свабоднымі» — звыш 80 пунктаў.
У дзесятку «эканамічна свабодных» краін трапілі
Ганконг, Сінгапур, Аўстралія, Новая Зеландыя, Ірландыя, Швейцарыя, Канада, ЗША, Данія, Чылі.
Варта зазначыць, што беларускі ўрад не раз заяўляў аб намеры Беларусі ўвайсці ў трыццатку краін з найлепшымі ўмовамі вядзення бізнесу. У 2010 годзе ставіцца задача прыцягнуць у эканоміку краіны не менш як 2,7 млрд. даляраў прамых замежных інвестыцый — пра гэта заявіў 20 студзеня прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі.
***
Стратэгічны даследчы інстытут The Heritage Foundation (ЗША) быў заснаваны ў 1973 годзе. Займаецца шырокім спектрам даследавання міжнароднай палітыкі. Штогод складае рэйтынг эканамічнай свабоды ў розных краінах свету па дзесяці паказчыках, уключаючы свабоду вядзення бізнесу, гандлю, сітуацыю з фіскальнай і грашова-крэдытнай палітыкай, свабоду інвестыцый, працоўнага рынку, а таксама карупцыю.
Каментары