Кніга польскага пісьменніка Ігара Сакалоўскага пад назвай «Сакрэты Беларусі» выйшла ў выдавецтве Książęcy Młyn у Лодзі. Яна нагадвае пра персанажаў і факты, вядомыя большасці палякаў, але не заўсёды звязаныя з Беларуссю, піша Głos znad Niemna.
У выдавецкім апісанні кнігі пазначана, што, ідучы за аўтарам,
«мы пяройдзем памежны Буг і ўбачым, як з касмадрома Байканур узлятае Пятро Клімук — першы беларус, які паляцеў у космас. Касманаўта Валянціну Церашкову мы сустрэнем на дачы Хрушчова ў Віскулях. Утульна размесцімся ў кіназале, а потым адпачнем у драўлянай лазні. У вёсцы Мількаўшчына пад Гроднам мы наведаем Элізу Ажэшка, а таксама ўбачым Віцебск вачыма польскіх спевакоў і Марка Шагала.
Мы станем сведкамі гістарычных ліхалеццяў на шклозаводзе «Нёман» і ўрачыстага адкрыцця Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Разам з Мельхіёрам Ваньковічам мы зазірнем у турму, дзе Сяргей Пясецкі стварае «Каханка Вялікай Мядзведзіцы». Мы можам набыць лядоўню ў першым беларускім ГУМе ў Мінску, бо савецкія лядоўні ўніверсальныя! Яны сагрэюць летам і прахалодзяць зімой!
Мы знойдзем сляды маршала Пілсудскага і даведаемся, хто забіў Джона Кенэдзі! Нарэшце адпачнем у доме Чэслава Немана ў Старых Васілішках».
Аўтар кнігі, Ігар Сакалоўскі — журналіст і падарожнік, які цікавіцца Беларуссю, Расіяй і Украінай. Ён ужо раней выдаў кнігі «Беларусь для пачаткоўцаў» і «Спакойна. Проста Расія».
Каментары