Свет1010

Зліты меркаваны сакрэтны пратакол сустрэчы Трампа і Зяленскага

Дакумент быў зліты пасля іранскай атакі на серверы Рэспубліканскай партыі ЗША і перадвыбарчы штаб Дональда Трампа. Вось што ў ім напісана.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сустрэчы з экс-прэзідэнтам і кандыдатам у прэзідэнты ЗША Дональдам Трампам у Нью-Ёрку. Фота: president.gov.ua

З прычыны іранскай хакерскай атакі, якая прывяла да ўцечкі велізарнага мноства закрытых дакументаў з сервераў Рэспубліканскай партыі ЗША і перадвыбарчага штаба Дональда Трампа, у інтэрнэце апынуўся сакрэтны пратакол з нядаўняй сустрэчы Дональда Трампа і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў Нью-Ёрку.

Дакумент разам з іншымі канфідэнцыйнымі данымі быў апублікаваны на сайце суперкамітэта палітычных дзеянняў American Muckrakers PAC, звязаны з Дэмакратычнай партыяй ЗША. Камітэт у сваю чаргу атрымаў гэтыя даныя ў электронным выглядзе ад праўрадавай іранскай групоўкі APT42, якая, паводле амерыканскай выведкі, пайшла на гэта з уласнай ініцыятывы, каб не дапусціць перамогі Трампа на будучых прэзідэнцкіх выбарах у ЗША.

У той жа час прадстаўнікі перадвыбарчага штаба Трампа асудзілі дзеянні хакераў, абвінаваціўшы іх у «мэтанакіраваным умяшанні ў выбары 2024 года і спробе пасеяць хаос у дэмакратычным працэсе ЗША».

Пра матывы Ірана шкодзіць інтарэсам Трампа, а таксама пра іншыя злівы з сервераў ягонага перадвыбарчага штабу «Наша Ніва» пісала раней: 

Расія і Іран дзейнічаюць у ЗША супраць адзін аднаго. Пра гэта сведчаць сакрэтныя дакументы

Файл з сакрэтным пратаколам сустрэчы Трампа і Зяленскага быў знойдзены ў перахопленым электронным лісце члена Рэспубліканскай партыі ЗША Рычарда Грэнэла, аднаго з галоўных дарадцаў Трампа па знешняй палітыцы. У самім дакуменце пералічваюцца імёны перамоўцаў з абодвух каманд, а таксама пазначаны месца і час правядзення сустрэчы, якія цалкам супадаюць з паведамленнямі аб ёй у сусветных СМІ і анонсам сустрэчы ад самога Трампа, зробленым ім загадзя.

У тэксце адзначаецца, што сустрэча пачалася з дыпламатычных прывітанняў перад камерамі ў прысутнасці прыкладна 20 журналістаў, якія задалі перамоўцам некалькі пытанняў аб чаканнях ад сустрэчы. Пасля гэтага СМІ пакінулі памяшканне і пачаліся сапраўдныя перамовы.

Першая старонка дакумента, які быў прадстаўлены нібыта ў якасці закрытага пратаколу сустрэчы Трампа і Зяленскага (мова — англійская). Крыніца: American Muckrakers PAC

Вось, што, калі верыць пратаколу, абмяркоўвалі Трамп і Зяленскі.

  1. Зяленскі пачаў сустрэчу з просьбы аб магутным пакеце вайсковай дапамогі ад ЗША, падкрэсліўшы, што толькі з падобнай дапамогай Украіна зможа выйграць у вайне. Ён заявіў Трампу, што Украіна багатая на рэдкія карысныя выкапні, такія як «мінералы, літый і ўран», што можа потым спатрэбіцца Злучаным Штатам. 
  2. Зяленскі адзначыў, што Расія і Кітай таксама зацікаўленыя атрымаць гэтыя рэдкія рэсурсы ва Украіне. Пры гэтым, па словах Зяленскага, ён быў здзіўлены, калі лідар Кітая Сі Цзіньпін заявіў яму аб тым, што «Кітай верыць у тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і не будзе пастаўляць зброю Расіі».
  3. Украінскі прэзідэнт выказаў Трампу занепакоенасць тым фактам, што, нягледзячы на афіцыйныя заявы, «заходнія кампаніі працягваюць пастаўляць зброю Расіі».
  4. Трамп спытаў у Зяленскага «пра цяперашнюю сітуацыю з субмарынамі ў порце Адэсы». Зяленскі адказаў, што «падводныя лодкі ўсё яшчэ знаходзяцца ў Адэсе».

Важная заўвага: з-за недастатковага кантэксту незразумела, пра якія і, галоўнае, пра чые субмарыны ішла гаворка ў гутарцы паміж Трампам і Зяленскім. Афіцыйна ва Украіне цяпер няма дзейных падлодак, бо адзіная ўкраінская падлодка «Запарожжа» была захоплена Расіяй у 2014 годзе падчас расійскай анексіі Крыма.

Акрамя гэтага, Зяленскі і Трамп абмеркавалі пастаўкі знішчальнікаў Украіне і перспектыву ўступлення Украіны ў НАТА, а таксама закранулі тэму Будапешцкага мемарандуму. Зяленскі адзначыў, што ў рамках мемарандуму «Украіна аддала ядзерную зброю за гарантыі міру і што Расія, ЗША і нават Кітай далі гарантыі, што яны абароняць Украіну ад любога варожага ўварвання».

Аўтар пратаколу ў гэтым моманце ў дужках пазначыў, што «Зяленскі памылкова сцвярджае, што гэты дакумент даваў Украіне нібыта абсалютныя гарантыі бяспекі, хаця насамрэч мемарандум забяспечваў толькі мяккія абавязацельствы па забеспячэнні міру па праве далучэння Украіны да Дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі». 

Другая старонка дакумента, які быў прадстаўлены нібыта ў якасці закрытага пратаколу сустрэчы Трампа і Зяленскага (мова — англійская). Крыніца: American Muckrakers PAC

Сам Зяленскі на нядаўнім саміце ЕС у Брусэлі адзначыў, што абмяркоўваў з Трампам пытанне ўступленне Украіны ў НАТА і Будапешцкі мемарандум, паводле якога Украіна ў мінулым адмовілася ад ядзернай зброі ў абмен на гарантыі ад краін-падпісантаў мемарандума падтрымліваць тэрытарыяльную цэласнасць і суверэнітэт незалежнай Украіны ў міжнародна прызнаных межах 1991 года.

«Украіна мела Будапешцкі мемарандум. У ім удзельнічалі ядзерныя дзяржавы. Сярод іх, безумоўна, былі Злучаныя Штаты Амерыкі, Кітай, Расія, Францыя. І калі Расія парушыла гэты дакумент, пацярпела толькі Украіна, іншыя ядзерныя краіны не пацярпелі. Украіна аддала ядзерную зброю і сёння ваюе. Пасля гэтага падобным дакументам даверу няма.

У размове з Дональдам Трампам я яму сказаў: які ж у нас выхад? Альбо Украіна будзе мець ядзерную зброю, і тады гэта будзе для нас абарона, альбо мы павінны далучыцца да нейкага альянсу. Акрамя НАТА, мы пакуль не ведаем дзеючых альянсаў. Краіны НАТА сёння не ваююць. У краінах НАТА людзі жывыя… Таму мы выбіраем НАТА, а не ядзерную зброю. Мы выбіраем НАТА. І, як мне здаецца, мяне пачуў Дональд Трамп. Ён сказаў: у вас справядлівыя аргументы», — падкрэсліў Зяленскі.

Таксама ён дадаў, што Трамп падчас сустрэчы даў вельмі прамую інфармацыю, што ён будзе падтрымліваць Украіну.

Каментары10

  • Так
    29.10.2024
    Пасля такога загалоўка некаторыя напічканыя антытрампаўскай прапагандай неафіты і Зяленскага ў прарасійскія запішуць 😁

    "Трамп падчас сустрэчы даў вельмі прамую інфармацыю, што ён будзе падтрымліваць Украіну" - вельмі добра, хоць у іншых выпадках гэты сказ быў б падкрэслены.
  • Алесь
    29.10.2024
    Лукашенко хочет встречи с путиным. Прикиньте лукашенко нападет на путина и сломает ему шею и закричит слава Украине. Он же сам кричит что его предки с Украины,можа его цру или сбу завербовало .
  • Anatol Starkou
    29.10.2024
    Гэта амерыканскія перадвыбарныя гульні і звяртаць увагу на іх нельга. Пустое.

ГУБАЗіКу забаранілі публікаваць «пакаяльныя відэа». Цяпер яны выстаўляюць «пакаяльныя аўдыя»3

ГУБАЗіКу забаранілі публікаваць «пакаяльныя відэа». Цяпер яны выстаўляюць «пакаяльныя аўдыя»

Усе навіны →
Усе навіны

Перад другім турам у Румыніі цалкам адмянілі выбары. Прэзідэнцкая кампанія пачнецца наноў3

Новы міністр культуры распарадзіўся здымаць фільмы пра вайну і сялян. І паабяцаў прарыўнае кіно12

Самая пажылая птушка ў свеце, альбатросіха Уіздам адклала яйка на Гаваях. Ёй 74 гады1

Расія забараніла ўвоз мандарынаў з Абхазіі5

Эрдаган: мэта апазіцыі — Дамаск. Мы прапанавалі Асаду разам вызначыць будучыню Сірыі, але адказу не было4

Ва Украіне з'явілася новая ракета-дрон «Пекла»

Карпенка паабяцаў расказаць пра вынікі збору подпісаў на наступным тыдні7

Вярнуўся з вайны, уладкаваўся ў Варшаве, пасварыўся з усімі — і знік. Прыяцелі пра экс-каліноўца Максіма Ралько, якога затрымалі ў Беларусі19

Замежнікі скардзяцца — у беларускі ўніверсітэт не паступіш без пасярэднікаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ГУБАЗіКу забаранілі публікаваць «пакаяльныя відэа». Цяпер яны выстаўляюць «пакаяльныя аўдыя»3

ГУБАЗіКу забаранілі публікаваць «пакаяльныя відэа». Цяпер яны выстаўляюць «пакаяльныя аўдыя»

Галоўнае
Усе навіны →