У Гродне правераць бяспеку Замкавай гары — каб Стары замак не споўз у Нёман
Разлічыць устойлівасць схілу, дзе стаіць Cтары замак, хочуць у Гродне. Работы правядуць у рамках рэстаўрацыі і прыстасавання замка пад гісторыка-археалагічны музей, піша Hrodna.life.
«Інстытут Гроднаграмадзянпраект» праводзіць перамовы па выбары субпадрадчыкаў. Колькі будзе каштаваць паслуга, пакуль не паведамляецца. Выберуць таго, хто прапануе найменшую цану.
Раней Старому замку пагражалі апоўзні
«Схілы пагоркаў Старога і Новага замкаў, некалі ўмацаваныя каранямі кустоў і дрэў, сёння знаходзяцца ў пагрозлівым стане», — пісаў пра стан схілу краязнаўца Віктар Саяпін яшчэ 10 гадоў таму. Ён успамінаў выпадкі апоўзняў з XIX і пачатку XX стагоддзя.
Напрыклад, у 1926 годзе абрынуўся фрагмент Новага замка, а ў 1927 — частка гары Старога замка. Тады зямля асыпалася з-пад ног польскага салдата і ад падзення ў Нёман яго выратаваў калючы дрот, за які ён зачапіўся і павіс.
«Для прадухілення падобнай драмы, якая разгулялася ў сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя, неабходна прымаць неадкладныя меры па ўмацаванні схілаў абодвух пагоркаў. Для гэтага можна выкарыстоўваць ужо правераныя часам тэхналогіі», — лічыў Саяпін.
Каментары