Багдашоў, які ўцёк з суда ў Жодзіне ў траўні, так і не знойдзены
Паводле інфармацыі праваахоўных органаў, Сяргей Багдашоў, які ўцёк з суда ў Жодзіне ў маі 2009 года, знаходзіцца за межамі Беларусі. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 21 студзеня ў Мінску паведаміў намеснік пракурора Мінскай вобласці Аляксандр Мароз.
Паводле яго слоў, месцазнаходжанне злачынцы пакуль не ўстаноўлена, «органы ўнутраных спраў праводзяць значную працу па яго вышуку».
Мароз паведаміў, што летась беларускімі праваахоўнымі структурамі было адшукана больш за 700 абвінавачаных, якія ўцяклі ад крымінальнага пераследу.
Нагадаем, 31-гадовы Сяргей Багдашоў, ураджэнец Ялізава (Магілёўская вобласць), абвінавачваўся ва ўчыненні крадзяжоў, яму інкрымінуюць прыблізна 30 крымінальных эпізодаў. Дзяржабвінаваўца патрабаваў прыгаварыць яго да 10 гадоў пазбаўлення волі.
У будынку суда Багдашоў напаў на канваіра, параніў яго заточкай, завалодаў табельнай зброяй і ўцёк. Гэта адбылося 29 мая у 14.40.
У дачыненні да Багдашова расследуюць дзве справы: на падставе ч. 4 арт. 294 (крадзеж агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў або выбуховых рэчываў) і ч. 2 арт. 413 (уцёкі з папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, арыштнага дома або з-пад варты) Крымінальнага кодэкса. Яго адшукваюць па лініі Інтэрпола.
Судом Барысаўскага раёна асуджаны начальнік ізалятара часовага ўтрымання Жодзінскага ГУУС, які канваяваў Багдашова.
Начальніку ІЧУ прызначана пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады тэрмінам на тры гады.
Начальнік ІЧУ абвінавачваўся на падставе ч. 1 арт. 428 КК (службовая халатнасць). Расследаванне праводзіла пракуратура Жодзіна. Яна ж накіравала матэрыялы для разгляду ў гарадскі суд. Аднак затым для большай аб’ектыўнасці справа была перададзена ў суд Барысаўскага раёна.
Асуджаны прыгавор не абскардзіў, і ён набыў моц.
Каментары