Грамадства

«Белпол» выкрыў хібы справы «наркамана-экстрэміста» з Баранавічаў, якога затрымалі з арсеналам зброі

Прапаганда учора паказала сюжэт пра затрыманне жыхара Баранавічаў, якога назвалі «збройным баронам» і «нарказалежным экстрэмістам». У Аляксея Лопуха, як сцвярджаецца, знайшлі больш за 30 гранатаў, пісталетаў і кулямётаў. У арганізацыі «Белпол» паведамілі «Белсату», што на мужчыну раней заводзілі крымінальную справу за спробу вывезці глушыльнік да аўтамата, і з таго часу асоба была пад сталым кантролем сілавікоў.

Скрыншот відэа АНТ

Дзяржаўная прапаганда сцвярджае, што на 27-гадовага жыхара Баранавічаў Аляксея Лопуха выйшлі, калі ён «засвяціўся ў дэструктыўных Telegram-чатах». Насамрэч, як заявіў «Белсату» прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў «Белпол» Уладзімір Жыгар, міліцыянты даўно ведалі гэтага мужчыну, бо яшчэ ў 2017 годзе супраць яго завялі крымінальную справу:

«У фабуле злачынства пазначана, што гэты спадар незаконна перамяшчаў праз мяжу ЕАЭС глушыльнік да аўтамата Калашнікава. Гэту справу не аднойчы прыпынялі, бо рабіліся экспертызы, потым узнаўлялі, потым зноў прыпынялі і нарэшце ў 2018 годзе закрылі».

Мужчына спрабаваў вывезці глушыльнік у Расею самалётам, забароненую рэч знайшлі ў менскім аэрапорце. Справу расследавалі паводле артыкула 333-1 аб незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюзу або дзяржаўную мяжу Беларусі агнястрэльнай зброі ці боепрыпасаў. Вядзенне спынілі, бо не знайшлі складу злачынства, аднак, як сказаў Жыгар, на кантроль гэтага грамадзяніна, безумоўна, узялі:

«Ён быў у полі зроку гэтак званых праваахоўных органаў яшчэ з таго часу менавіта як «чорны капальнік». Такія асобы заўсёды пад кантролем, і міліцыя выдатна ведала, чым ён займаецца. Тое, што яго цяпер затрымалі, гэта проста паказуха. Ім трэба паказваць, што «ворагі» нікуды не падзеліся».

Нельга выключаць, што міліцыянты закрылі справу ў абмен на згоду Лопуха аб супрацы, адзначыў суразмоўца «Белсату»:

«Імаверна, гэтая асоба была, скажам так, на сталай сувязі з гэтак званай міліцыяй. І гэтае затрыманне можа быць пастаноўкай — трэба паказаць, што яны тут не толькі са сцягамі, яны яшчэ і са зброяй. Трэба нагнятаць, каб апраўдваць рэпрэсіі».

Скрыншот відэа АНТ

Прапаганда таксама акцэнтавала ўвагу, што Лопух нарказалежны, аднак аніякіх справаў супраць яго, звязаных з наркотыкамі, «Белпол» не знайшоў:

«Гэты грамадзянін неаднаразова прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці, аднак там — перабыванне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане, без флікера хадзіў. То бок нічога надзвычайнага не было».

Арганізацыя таксама высветліла, што «чорны капальнік» у ЕЗ не ездзіў, толькі шмат гадоў таму зафіксаваны ягоны выезд ва Украіну.

Што датычыць працы, то Лопух — індывідуальны прадпрымальнік, зарэгістраваны ў гэтай якасці ў 2020 годзе. Паводле дзяржаўнага рэестра, ён займаўся раздробным гандлем аўтазапчасткамі. Найманым работнікам ніколі не быў.

Сям’я мужчыны ні ў чым падазроным не заўважаная. «Асаблівых нюансаў няма. Бацька з імі, я так разумею, не жыў, бо маці падавала на аліменты, была пацярпелым бокам у адпаведнай справе», — апавёў Жыгар.

Дзяржаўная тэлевізія назвала Аляксея Лопуха «экстрэмістам». Раней у яго нібыта знаходзілі «літаратуру нацысцкага толку і атрыбутыку пратэснай накіраванасці», таксама мужчына «пакідаў негатыўныя каментары рознага кшталту».

Прадстаўнік «Белпол» не ўбачыў у гэтым нічога незвычайнага:

«Вельмі зручна для ГУБАЗіКа прыцягваць палітычную падаплёку, бо гэта чарговы раз паказвае іхную важнасць, значнасць і неабходнасць. Гэта ўзмацняе паранойю Лукашэнкі: яму зноў і зноў паказваюць, што ў ягоных апанентаў ёсць зброя, гранаты. У якасці доказу пакажуць відэа, на якім асоба скажа што заўгодна, але да праўды гэта, натуральна, не будзе мець аніякага дачынення».

«Белсат» знайшоў акаўнт Аляксея Лопуха ў сацсетцы «ВКонтакте». Старонку ён вёў не актыўна, апошні допіс датаваны вераснем 2016 года. Гэта быў рэпост расейскага пабліка «Настоящий Лентач» — відэа страляніны з пісталета кіраўніка Федэрацыі практычнай стральбы Расеі.

Таксама на старонцы апублікаванае відэа пра тое, як працуе АК-74, фота чалавечага шкілета. Сярод паблікаў, на якія Лопух быў падпісаны, — «Military Archeology Club», «Типичный Милитарист», «Авто + Маляр», «Страйкбол — Airsoft — Барахолка. Беларусь». Апошні раз мужчына заходзіў на сваю старонку 16 красавіка.

Каментары

У Беларусі з'явіўся народны паэт4

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Усе навіны →
Усе навіны

Сёння — чарговы суд над палітзняволеным журналістам Ігарам Карнеем. Некалькі месяцаў яго трымаюць у памяшканні камернага тыпу1

Колькі беларусам трэба для камфортнага жыцця?3

Як у Мінску запалілі галоўную ёлку ФОТЫ2

Ва Украіне паспяхова выпрабаваная новая ракета «Рута»3

Запісацца на візу хутчэй можна праз «радары». Пра што размова?7

Былы міністр абароны Паўднёвай Карэі спрабаваў скончыць жыццё самагубствам

Расійскія Таганрог і Бранск падвергнуліся атацы2

Марафон рэпрэсій не спыняецца. Паказваем жахлівыя лічбы8

Спікер парламента Наталля Качанава разбіралася з ляхавіцкай маршруткай4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларусі з'явіўся народны паэт4

У Беларусі з'явіўся народны паэт

Галоўнае
Усе навіны →