Шматдзетны бацька родам з-пад Чыты. Што вядома пра новага міністра юстыцыі Яўгена Каваленку
Пасаду заняў чалавек з юрыдычнай адукацыяй — ужо нямала.
Месца кіраўніка Мінюста заставалася вакантным некалькі тыдняў — ад моманту каля папярэдняга міністра Сяргея Хаменку забралі ў Савет Рэспублікі на пасаду віцэ-спікера. Адметна, што Хаменка быў выхадцам з міліцыі і нават не меў юрыдычнай адукацыі.
Тры вышэйшыя адукацыі
А вось Яўген Каваленка якраз-такі профільна вучыўся на юрыста. Ён скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт (спецыяльнасць «Правазнаўства», 2002, а таксама аспірантуру ў 2006), Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт (спецыяльнасць «Англійская мова», 2005), а таксама Акадэмію кіравання (2016).
Нарадзіўся ў Расіі
Новы міністр юстыцыі нарадзіўся ў 1980 годзе. Месца яго нараджэння — горад Борзя ў Забайкальскім краі Расіі. Рэч у тым, што бацька Каваленкі быў вайскоўцам, а ў Борзі размяшчалася 38-я гвардзейская мотастралковая дывізія.
Дарэчы, у папярэдняга міністра юстыцыі таксама месцам нараджэння была не Беларусь. Хаменка паходзіў з Ясінаватай Данецкай вобласці Украіны.
Кар’ера ў Мінюсце і Адміністрацыі прэзідэнта
Адразу пасля сканчэння ўніверсітэта Каваленка трапіў на працу ў Міністэрства юстыцыі і да 2010 дайшоў да пасады начальніка аднаго з упраўленняў.
На кароткі перыяд юрыст апынуўся ў сакратарыяце Савета Рэспублікі, пасля чаго перайшоў на працу ў Адміністрацыю прэзідэнта, але потым вярнуўся на высокую пасаду ў Мінюст — у 2014-2015 ён быў намеснікам міністра.
З 2015 да 2020 Каваленка кіраваў Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі.
А пасля пайшоў на другі заход у Адміністрацыю прэзідэнта — стаў начальнікам галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўлення.
Паводле інфармацыі «Белпола», сярод іншых месцаў працы Каваленкі былі БДЭУ, БІП — Інстытут правазнаўства, а таксама кампанія «Юрспектр». Найхутчэй, гаворка ідзе пра выкладчыцкія і кансультатыўныя паслугі.
Дысертацыя пра абарону інвестыцый
Каваленка — кандыдат юрыдычных навук. Яго дысертацыя называлася «Абарона замежных інвестыцый у Беларусі па нормах міжнародных дамоваў» і была абаронена ў 2008 годзе.
З дадатковых актыўнасцяў міністра можна згадаць удзел у працы Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў. Там ён першы намеснік старшыні.
Жонка ўзначальвае будаўнічую кампанію
Жонка міністра — дырэктарка прыватнай будаўнічай кампаніі «Нольта і К» Таццяна Каваленка. У сям’і гадуюцца трое дзяцей.
Ва ўласнасці міністра катэдж у аграгарадку Сёмкава. Гэта зусім блізка ад сталіцы, каля 10 км. А зарэгістраваны ён у мінскай кватэры на вуліцы Баграціёна.
Каментары