«Практыка выклікання медыкаў на дом павінна быць выкараненая». Станіслаў Салавей — пра будучыя рэформы сістэмы аховы здароўя
Аб’яднаны пераходны кабінет будзе распрацоўваць рэформу сістэмы аховы здароўя на час, калі ў Беларусі адбудуцца змяненні. Каардынаваць гэтую працу будзе беларускі лекар Станіслаў Салавей, надоечы прызначаны намеснікам прадстаўніцы АПК у сацыяльнай палітыцы Вольгі Гарбуновай. Пасля ўзмацнення рэпрэсіяў у Беларусі Станіслаў з’ехаў ва Украіну, працаваў там лекарам, цяпер пераехаў у Польшчу. Медык сцвярджае — распрацоўваць рэформу неабходна ўжо цяпер, каб у пераходны перыяд не сутыкнуцца з поўным паралічам сістэмы аховы здароўя. «Белсат» пагутарыў са спадаром Станіславам на гэтую тэму, а таксама пра тое, як будзе выглядаць медыцына ў Новай Беларусі.
Параліч праз недахоп кадраў
— Спадар Станіслаў, якая вашая асноўная задача ў Аб’яднаным пераходным кабінеце?
— Мой абавязак — распрацоўка канцэпцыі рэформаў пераходнага перыяду. Гэта тыя крокі, якія мусяць быць зробленыя пры вяртанні нашай краіны ў нармальнасць, каб не дапусціць канчатковага развалу сістэмы аховы здароўя і спынення аказання медычнай дапамогі людзям.
Іншыя задачы перасякаюцца з гэтай, а менавіта, збор і аналіз інфармацыі пра сітуацыю ў Беларусі. Там статыстыка фальсіфікуецца і на нізавых узроўнях, і на ўзроўні Мінздароўя. Таму, каб мець поўную карціну таго, што адбываецца, трэба самастойна збіраць інфармацыю і аналізаваць яе.
Яшчэ адзін кірунак — адвакацыя правоў медыкаў як унутры Беларусі, так і за мяжой.
— Вы кажаце: «не дапусціць развалу сістэмы аховы здароўя ў пераходны перыяд». А чаму яна павінна разваліцца?
— Яна не павінна, яна разваліцца праз тую сітуацыю, якая цяпер складваецца ў краіне. У нас шмат трымаецца на парушэннях законаў, рэпрэсіях, гвалце. Калі гэта прыбіраецца, далей узнікае просты парадокс: немагчымасць працаваць як раней.
Напрыклад, у лякарнях большасць лекараў і медсясцёр працуюць 32 гадзіны запар, што парушае дзейнае працоўнае заканадаўства. Паводле закону чалавек мае права працаваць максімум 24 гадзіны, пасля чаго ён абавязаны 48 гадзінаў адпачываць. Калі мы прыбіраем гэтыя перапрацоўкі, узнікае сітуацыя, калі не закрываюцца стаўкі ў лякарнях — проста фізічна не хапае для гэтага людзей.
Яшчэ добры прыклад — фальсіфікацыі па ковідзе, у якіх прымусова ўдзельнічала вельмі шмат лекараў. Калі прыйдзе дэмакратычная ўлада, можна тэарэтычна ўсіх гэтых медыкаў прыцягваць да адказнасці. Але адначасова трэба памятаць, што гэта рабілася пад прымусам, бо чалавек разумеў — калі адмовіцца, то ў лепшым выпадку страціць працу.
Калі здымуцца ўсе абмежаванні на выезд медыкаў з краіны, на пачатку гэта можа выклікаць хвалю ад’ездаў, бо зразумела, што пасля пераменаў у Беларусі ўсё не стане цудоўна ў адзін момант, і тыя ж заробкі не зробяцца адразу параўнальнымі з заходнімі. Таму людзі будуць з’язджаць. У выніку параліч сістэмы наступіць праз недахоп кадраў.
«Простага рашэння няма»
— І як вы будзе вырашаць гэтую праблему? Дзе браць медыкаў?
— Вось у гэтым уся праблема, бо ў адрозненне ад, напрыклад, эканомікі, дзе можна ўзяць крэдыт, у медыцыне ты не пойдзеш і не набудзеш сабе пару тысячаў лекараў. Але варыянты рашэння ёсць і іх трэба прапрацоўваць: ад змяншэння нагрузкі на медычную сістэму да значнага павелічэння заробкаў (калі гэта можна будзе рэалізаваць з пункту гледжання эканомікі). Простага рашэння тут, на жаль, няма, і давядзецца шукаць кампраміс, які задаволіць большасць.
— Ці будзе гэта распрацоўка рэформы з нуля, ці вы будзеце абапірацца на нейкія прыклады?
— Будзе вонкавая экспертыза, досвед краінаў, якія праходзілі падобную трансфармацыю ў мінулым, напрыклад, былога сацлагеру.
Я спадзяюся, што ў траўні — максімум у чэрвені будзе апублікаваны прыкладны план нашых дзеянняў. У верасні плануем зрабіць збор экспертных групаў, на якіх будзе абмяркоўвацца, да чаго ў будучыні мы хочам прыйсці. На жаль, простых рашэнняў не будзе, бо ёсць шмат папулізму, які выкарыстоўваюць улады, і нам давядзецца прымаць вельмі непапулярныя рашэнні.
Захаванне дзяржаўнай сістэмы аховы здароўя і свабода прыватнага бізнесу
— Што найперш у беларускай сістэме аховы здароўя трэба змяніць?
— Мы разумеем, што ўсе змяненні, якія мы будзем прапаноўваць, мусяць ісці ў парадыгме міфічнай бясплатнай аховы здароўя. Я сам за захаванне дзяржаўнай сістэмы аказання медычнай дапамогі, але пры гэтым поўную свабоду прыватнага бізнесу. Я сыходжу з канцэпцыі, што права на медычную дапамогу — гэта не прывілей, які трэба заслужыць, яно ад нараджэння, бо ты — чалавек. І я лічу, што ўсе беларусы павінны атрымліваць аднолькава якасную медычную дапамогу.
Асабіста мне больш імпануе, калі дзяржава дае пэўныя гарантыі ў аказанні экстраннай і планавай дапамогі, і пры гэтым не «душыць» прыватны бізнес. Таксама трэба даць свабоду лякарням — не Мінздароўя павінна вызначаць, якая апаратура мусіць купляцца, а лякарня.
Чаму ў Польшчы медыцына лепшая?
— Вы ставіце ў прыклад Польшчу, але тым часам часта даводзіцца чуць скаргі ад беларусаў, якія жывуць у Польшчы, што да лекара не трапіць — доўгія чэргі, на дом не выклікаць і т.п. Нам сапраўды трэба арыентавацца на такую мадэль?
— У нашай краіне вельмі доўга стваралася ілюзія даступнасці. У Польшчы, калі сітуацыя не экстранная, напрыклад, не адкрыты пералом, чалавек будзе чакаць прыёму ў спецыяліста 3-4 тыдні, але ў выніку атрымае кансультацыю добра падрыхтаванага медыка, а не ўчорашняга выпускніка ВНУ.
Далей, як доўга чалавек будзе чакаць чаргі на МРТ у Польшчы і ў Беларусі? У Польшчы, у адрозненне ад Беларусі, нават невялікія раённыя клінікі маюць МРТ, КТ, іншую апаратуру і спакойна робяць такія аперацыі, як эндапратэзаванне суставаў.
Яшчэ ў нас змяншаюць час на прыём аднаго пацыента, які цяпер складае 5 — 7 хвілін. За змену ў выніку лекар можа прыняць 60 пацыентаў ці нават больш. Але якая верагоднасць, што падчас 5-хвіліннай размовы лекар не прапусціць нейкі сімптом? Улады імкнуцца стварыць прыгожую карцінку, але яна рассыпаецца аб пяцігадовыя чэргі на замену суставаў, аб тое, што на ўсю краіну адзін апарат ПЭТ-КТ, што ў нас практычна няма імунатэрапіі для анкахворых.
Таму так, у Беларусі чалавек вельмі хутка трапіць да лекара, але карысці з гэтага прыёму будзе менш, чым у Польшчы.
Акрамя таго, у Беларусі лекары загружаныя працай, якая не патрабуе медычнага ўмяшальніцтва, па сутнасці — адміністратыўнай: выдача бальнічных, іншых папераў. Шмат пытанняў вырашаецца на далекарскім, медсястрынскім узроўні. Напрыклад, у маладога чалавека без фактараў рызыкі прастуда, у яго нармальныя паказнікі — яму патрэбнае багатае цёплае піццё і парацэтамол пры тэмпературы, і не трэба дзеля гэтага прыходзіць да лекара.
Трэба разумець, што лекар — гэта абмежаваны рэсурс, і з кожным годам яго становіцца ўсё менш. На канец 2023 года было 42 600 практыкуючых лекараў ў Беларусі, а на канец 2022 — 48 тысячаў. Мінус 6 тысячаў. Нават афіцыйная статыстыка фіксуе, што лекараў стала менш.
«Хуткая дапамога» — не сацыяльнае таксі
— Нядаўна ў тэлеграм-канале «Белыя халаты» была дыскусія на шмат каментароў, ці захоўваць у Новай Беларусі сістэму выклікаў лекара на дом ці скасаваць яе. Што вы пра гэты думаеце?
— Гэтая практыка павінна быць выкараненая. Выключэнне можа быць для людзей з цяжкімі захворваннямі і фізічнымі абмежаваннямі.
Калі лекар прыходзіць дамоў да чалавека на тэмпературу, што ён можа зрабіць? Нічога. Мінімальна паслухаць і паглядзець? Гэта вельмі мала з пункту гледжання інфарматыўнасці. Няма лабараторных магчымасцяў. А за той час, які лекар будзе дабірацца да аднаго чалавека, ён можа прыняць 8.
Тое самае з хуткай дапамогай, якая не сацыяльнае таксі і існуе толькі для аднаго — давезці чалавека, які можа памерці, да лякарні, і не дазволіць яму памерці. У іншых сітуацыях чалавек мусіць сам дабірацца да лекара. Я разумею, што гэта гучыць непапулярна, але ў нас няма такога рэсурсу, і напэўна, нідзе ў свеце няма.
Можна, напрыклад, прыдумаць такую сістэму, калі за паездку на таксі ў лякарню дзяржава будзе кампенсаваць кошты чалавеку. Такім чынам атрымаецца ашчадзіць і разгрузіць хуткую дапамогу.
«Радыкальна змяняць сістэму мы не маем права»
— Ці ёсць штосьці, што вы лічыце перавагай беларускай сістэмы аховы здароўя, тое, што б пакінулі пасля рэформаў?
— Шмат што можна пакінуць і працаваць з гэтым. Радыкальна змяняць сістэму мы не маем права, ды і сэнсу ў гэтым няма.
Мне падабаецца ідэя стварэння міжрэгіянальных цэнтраў, якая апошнім часам прасоўваецца. Немагчыма забяспечыць добрую клініку ў кожным маленькім гарадку, бо гэта дорага, таму робіцца міжраённы цэнтр, які ахоплівае некалькі раёнаў.
Агулам у нас някепская сістэма аховы здароўя. Сістэма працуе, але яна дэградуе і дэградуе хутка.
— Ці можа Аб’яднаны пераходны кабінет дапамагчы беларусам у эміграцыі з доступам да медычнай дапамогі і якім чынам?
— У кожнай краіне беларусы атрымліваюць медычную дапамогу згодна з мясцовай заканадаўчай базай. Безумоўна, падтрымка патрэбная тым, што нядаўна пераехалі, знаходзяцца ва ўразлівым становішчы — ім трэба растлумачыць, куды звяртацца. Таксама дапамога патрэбная ў выпадку сур’ёзных захворванняў за мяжой. Але гэта хутчэй праваабарончая і гуманітарная дзейнасць, а не медычная, бо мы не можам змяняць сістэму аховы здароўя ў тых краінах, дзе цяпер жывем, ці лячыць там без ліцэнзіі.
— Ці магчыма стварыць нейкую мапу ці рэсурс, на якім будзе спіс беларускіх лекараў у розных краінах свету?
— Гэта добрая і карысная ідэя. Па сутнасці, гэта фармаванне лекарскай дыяспары. Толькі ў Польшчы за 2022 год іх больш за тысячу ўладкавалася. Магчыма, такую мапу можна было б убудаваць у аплікацыю «Новая Беларусь». Але я не задумваўся над такім праектам, бо ў мяне фокус больш на ўнутрыбеларускія справы. Тымі, хто з’ехаў, актыўна займаецца Фонд медычнай салідарнасці, як і адвакацыяй правоў медыкаў за мяжой. Не трэба дубляваць функцыі, трэба ўзмацніць іхную працу, а не рабіць тое ж самае.
«Мы не ў той сітуацыі, каб скардзіцца, што мы не можам запомніць прозвішча лекара»
— Адна з вашых задачаў у АПК — абарона правоў беларускіх медыкаў у замежжы. Якія менавіта правы трэба абараняць?
— Гэта датычыць сітуацыяў, калі беларускі лекар за мяжой не мае патрэбных для пацвярджэння дыплому, працы дакументаў, бо беларускае Мінздароўя іх проста не выдала. Наша задача — даносіць да профільных ведамстваў іншых краінаў, што нейкія дакументы не даюцца медыкам не таму, што яны, скажам, штосьці не вывучалі, а таму, што нашае Мінздароўя іх прынцыпова не выдае, каб людзі не маглі з’ехаць.
Мы павінны дапамагчы беларускім медыкам убудавацца ў сістэмы аховы здароўя ў іншых краінах, легалізавацца з выкананнем усіх фармальнасцяў.
— У той час як усё больш беларускіх медыкаў з’язджаюць, на іхнае месца прыязджаюць выхадцы з усходніх краінаў. Беларусы скардзяцца, што немагчыма запомніць імя тэрапеўта, асцерагаюцца, што тыя не зразумеюць мясцовых асаблівасцяў. Што вы думаеце пра гэта?
— Уявіце, што ў чалавека моцна баліць спіна, так, што ён не можа разагнуцца. Ці прынцыпова для яго, якое прозвішча ў ягонага лекара? У нас праблема з недахопам лекараў. Улады робяць цалкам лагічныя крокі, спрабуючы прыцягваць замежных мігрантаў, якія вучыліся ў нашых медычных установах, маюць тыя ж веды, што беларусы.
Мы не ў той сітуацыі, каб скардзіцца, што не можам запомніць прозвішча. Што лепш — калі ў вас ёсць лекар — выхадзец з Туркменістану ці Індыі, ці калі на кабінеце вісіць шыльда «лекара няма» і вам трэба ехаць у іншы горад? У Нямеччыну таксама едуць працаваць індзійцы, егіпцяне, і гэта ў інтарэсах Нямеччыны. І гэта тое, што Мінздароўя робіць абсалютна слушна, і гэта трэба будзе працягваць і пазней, і чым больш замежных студэнтаў застанецца ў краіне і будзе працаваць, тым лепш.
Ці паўстане фонд дапамогі беларускім медыкам за мяжой?
— Працэс пацвярджэння дыплому, вяртання ў прафесію за мяжой няпросты і няхуткі. Магчыма, варта было стварыць штосьці кшталту фонду, які б падтрымліваў беларускіх медыкаў за мяжой на гэты пераходны перыяд?
— Гэтая ідэя была — ці фонд падтрымкі, ці нейкія праекты, якія будуць даваць часовую працу, якая будзе аплочваць базавыя патрэбы — жытло, харчаванне. Кропкава магчыма дапамагчы і цяпер — праз тыя ж зборы праз BYSOL, Фонд медычнай салідарнасці. Для стварэння касаў узаемадапамогі патрэбныя матываваныя калегі, якія могуць уносіць туды грошы і разумеюць, дзеля чаго яны гэта робяць. Я пакуль не вельмі веру, што такі праект у блізкім часе можа быць рэалізаваны. У беларусаў даволі моцная салідарнасць, але пакуль не настолькі выбудаваная, каб мы закрывалі такія аб’ёмы.
— У адным з інтэрв’ю вы казалі, што хацелі б застацца практыкуючым лекарам, а не чыноўнікам? Чаму ў такім выпадку вы пайшлі ў АПК?
— Тут толькі пытанне асабістых перакананняў і пазіцыі. Я разумею, што гэта трэба рабіць — вось і ўся мая матывацыя. Але пры гэтым я атрымліваю большае задавальненне ад працы звычайным лекарам. Мне падабаецца лячыць людзей, апераваць. І я не хачу губляць сувязь з практычнай аховай здароўя. Цяпер буду вучыць польскую мову, рабіць медычныя дакументы, а там далей будзе бачна.
Каментары
Дармаеды самыя настаяшчыя.