Прадпрымальнікі знаходзіліся пад персанальнымі абмежаваннямі.
Суд Еўрапейскага саюза ў Люксембургу зняў персанальныя санкцыі з расійскіх алігархаў Міхаіла Фрыдмана і Пятра Авена.
Як адзначаецца ў рашэнні суда, Еўракамісія не змагла даказаць, што прадпрымальнікі актыўна падтрымліваюць расійскую агрэсію супраць Украіны. Суддзі адзначылі, што ёсць звесткі пра пэўную блізкасць Фрыдмана і Авена да Пуціна, аднак доказаў таго, што алігархі аказвалі матэрыяльную падтрымку расійскім уладам, якія дэстабілізавалі сітуацыю ва Украіне, недастаткова.
Заснавальнікі «Альфа-Груп» трапілі пад санкцыі 28 лютага 2022 года. Рада ЕС абгрунтоўвала гэтую пастанову тым, што Авен і Фрыдман звязаныя з расійскімі ўладамі.
Пасля трапляння ў санкцыйныя спісы абодва прадпрымальнікі пакінулі раду дырэктараў «Альфа-Груп». Яны называлі санкцыі несправядлівымі і скардзіліся, што цяпер нават не могуць наняць прыбіральшчыц.
Каментары