У цэнтры Мінска прадаецца «сталінка» з трохкутнай прыбіральняй і голымі цаглінамі ў інтэр'еры
На сайце з аб'явамі аб продажы нерухомасці з'явілася незвычайная прапанова: на вуліцы Кірава прадаюць цікавую «сталінку». У кватэры няма балкона, затое шэсць вокнаў, піша Blizko.by.
Дом пабудаваны ў 1950 годзе, а кватэра на трэцім паверсе мае агульную плошчу 59,6 квадратнага метра, у тым ліку жылую — 40,3 кв. м.
У 2019 годзе ў доме прайшоў капрамонт, а ў 2023-м — у самой кватэры, у стылі лофт. Гаспадар сцвярджае, што перапланіроўка ўзаконеная.
На адным з фота можна заўважыць у кухні закладзены дзвярны праём з характэрным арачным перакрыццем. Магчыма, раней якраз тут быў уваход у кватэру.
Балконаў у кватэры няма, затое ёсць шэсць вокнаў, у тым ліку вельмі вузенькае акенца ў прыбіральні ў вострым куце гэтага трохкутнага памяшкання.
Кватэра каштуе 480.145 рублёў, або прыкладна 147.510 даляраў. Гэта значыць, адзін квадратны метр абыдзецца ў 2.475 даляраў.
Каментары