Інтэр'ер гэтай сталічнай кватэры адзначаны міжнароднай прэміяй дызайну. Вось за колькі яе прадаюць
Жыллё, пра якое пойдзе гаворка, знаходзіцца ў адным са шматпавярховікаў ЖК «Алімпік парк». Інтэр'ер гэтай кватэры стаў фіналістам міжнароднай прэміі дызайну 2024 Kukha Design Award.
Сучасная «двухпакаёўка», якая калісьці была кватэрай свабоднай планіроўкі, размясцілася на камфортным чацвёртым паверсе ў малапавярховым доме 2020 года, піша «Анлайнер». Агульная плошча жылля — 121 «квадрат», пад жылыя задзейнічалі 110 метраў. Столі тут па 3 метры. Аконныя і дзвярныя праёмы па праекце павялічаны, сцены і падлога ізаляваны ад шуму.
У аб'яве пішацца, што дызайнер праекта ставіў перад сабой мэту захаваць максімум прасторы і паветра ў памяшканнях, а таксама прадугледзець вялікую колькасць месцаў захоўвання без выкарыстання гардэробных.
У калідоры размясцілі люстраную шафу, якая не толькі візуальна пашырае прастору, але і змяшчае пральную і сушыльную машыны. Падлогі ў кватэры вінілавыя, з касой кладкай.
Гасціную аб'ядналі з кухняй. Вокны тут невялікія, але іх дапаўняе арыгінальны круг-сонца на столі, які, па задумцы дызайнера, служыць імітацыяй другога святла.
Тут жа прысутнічае эфектнае светлавое пано, яркасць якога можна рэгуляваць.
Такое ж пераменнае святло прадумана ў зоне душавой. Кухня глядзіцца эфектна за кошт выспы і шафы-вітрыны, у якой схавалі выцяжку.
У спальні ўзвялі сцяну-падгалоўе. Яна выконвае дзве функцыі: зануе прастору і хавае ад вачэй ложак з пад'ёмным механізмам і масажам, які падладжваецца пад эрганоміку цела. Спальнае месца разгарнулі да акна з відам на возера і запаведнік з заходамі сонца. Апорную калону ў пакоі аформілі люстэркам.
Санвузлоў у кватэры два: адзін аформлены керамагранітам, другі — каменем і дрэвам.
Асноўная частка мэблі ў кватэры ўбудаваная і выканана пад заказ. Сцены аформлены мастацкім роспісам і дэкаратыўнай тынкоўкай з тэкстурай софт-тач. У мэблі выкарыстаны фарбаваная МДФ з фрэзероўкі, шпон, шкло і люстэркі.
Уладальнікі кватэры гатовыя расстацца з ёй за $499 тысяч.
Тэрыторыя «Алімпік парк» закрытая шлагбаумам. Унутраны двор без машын і знаходзіцца пад кругласутачным відэаназіраннем. На першым узроўні дома размешчаны паркінг, дзе можна набыць ва ўласнасць машына-месца.
Каментары