У 85% пачаліся праблемы з менструацыяй, сродкі гігіены не выдавалі ў якасці пакарання. Праваабаронцы расказалі пра здароўе жанчын за кратамі
Арганізацыя «Лекары за праўду і справядлівасць» прадставіла вынікі апытання былых палітзняволеных жанчын.
У апытанцы, пра якую ідзе гаворка, удзельнічала 20 жанчын. Перш за ўсё экс-палітзняволеныя адзначаюць праблемы з медычнай дапамогай за кратамі. Напрыклад, практычна ўсе жанчыны праходзілі праз медагляд, калі траплялі ў СІЗА і калонію, але большасць адзначае фармальны характар агляду і тое, што іх скаргі на здароўе ігнараваліся, а інфармацыю пра стан здароўя давалі з неахвотай ці ўвогуле не давалі. Ёсць праблемы з доступам да вузкіх спецыялістаў і атрыманнем стаматалагічнай дапамогі.
У 17 з 20 апытаных жанчын за кратамі пачаліся праблемы з менструальным цыклам, але ў большасці выпадкаў яны траплялі на гінекалагічны агляд толькі тады, калі іх прывозілі ў папраўчую ўстанову. Усе апытаныя адзначылі, што не мелі за кратамі магчымасць падтрымліваць належную гігіену. 65% жанчын таксама расказалі, што супрацоўнікі папраўчых устаноў выкарыстоўвалі забарону на душ і выдачу сродкаў гігіены дзеля пакарання асуджаных.
Па нарматывах зняволеныя маюць права толькі на 10 хвілін душу раз на тыдзень, і ў СІЗА ў гэты час закладзены таксама шлях да душавых.
У пачатку пандэміі кавіду ўсе зняволеныя і супрацоўнікі папраўчых устаноў атрымалі магчымасць прышчапіцца ад кавіду. Але ўжо з 2021-га з вакцынацыяй узніклі праблемы, і жанчынам, якія хацелі атрымаць прышчэпку, давялося гэтага патрабаваць. З 20 апытаных экс-палітзняволеных толькі 4 жанчыны атрымалі вакцыну, і медперсанал ігнараваў скаргі на здароўе адразу пасля прышчэпкі «Спутнікам».
Жанчыны таксама адзначаюць праблемы з харчаваннем за кратамі. У турэмным рацыёне занадта мала гародніны і садавіны, зеляніны, малочных прадуктаў, занадта мала бялковых прадуктаў і надта шмат вугляводаў. Не было доступу да якаснай пітной вады, а тая ежа, якая ўсё ж трапляе да зняволеных, часта бывае нізкай якасці.
Яшчэ адна праблема — тое, што самі ўмовы ўтрымання пад вартай пагаршаюць здароўе зняволеных. Паводле даных апытання, у камерах СІЗА змяшчалася адначасова ад 4 да 16 жанчын. У СІЗА няма падзялення на жанчын, якія кураць, і тых, хто не курыць, таму апошняя катэгорыя жанчын была вымушаная штодзень удыхаць цыгарэтны дым.
У СІЗА няма ўмоваў для натуральнага, дзённага асвятлення, таму шмат у якіх зняволеных сур’ёзна пагоршыўся зрок. Жанчыны мыюць і сушаць адзенне ў камерах, таму вымушаныя жыць ва ўмовах сырасці.
14 з 20 апытаных жанчын адзначылі, што з імі за кратамі працаваў псіхолаг, 7 жанчын удзельнічалі ў групавых занятках з псіхолагам. Але шмат хто са зняволеных не давярае псіхолагам, бо не ўпэўненыя ў канфідэнцыйнасці дапамогі: напрыклад, псіхолаг можа перадаць інфармацыю аператыўнікам або тыя могуць праслухоўваць гутарку зняволенай і псіхолага. У гэтым недаверы ёсць сэнс, бо псіхолаг — супрацоўнік папраўчай установы, часам ён яшчэ і мае званне афіцэра. Звярнуцца да грамадзянскага псіхолага ці псіхіятра зняволеныя не могуць.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
Да гэтага часу цыкл не прыйшоў у норму, хоць амаль чатыры месяцы як выйшла з сутак.
Пра ежу маўчу... І хаджу на сесіі з псіхолагам