Гісторыя11

Што такое любецкі лемент?

Напрыканцы XIX стагоддзя даследчык Еўдакім Раманаў вывучаў таемныя мовы на беларускіх землях. Менавіта ён першым апісаў катрушніцкі лемезень (таемную мову дрыбінскіх шапавалаў), а да гэтага вывучаў быт і гаворку яшчэ адной групы людзей з Магілёўшчыны — любецкіх жабракоў. Жабракі называлі сябе любкамі, а сваю мову — лементам. Выданне Palatno расказвае, кім былі любецкія жабракі і навошта прыдумалі таемную мову.

любецкія жабракі
Выява згенераваная штучным інтэлектам

Любецкія жабракі: кім яны былі і чым займаліся

У 1890 годзе этнограф Еўдакім Раманаў, які сам паходзіў з Магілёўшчыны, апублікаваў даследаванне пра таемную мову любецкіх жабракоў. Любецкія жабракі жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Раманаў адзначаў, што жабраванне не было прафесіяй, якую адмыслова абіралі гэтыя людзі. Гэта была вымушаная мера для зарабляння грошай. Большасць з іх была людзьмі з інваліднасцю, якія не маглі працаваць, да прыкладу, на зямлі. Часцей за ўсё яны былі сляпымі, бо раней цяжка працавалі фізічна.

  • Жабракі-стараверы. Сярод іншых жабракоў жабракі-стараверы мала размаўлялі. Яны насілі сумкі для збору ахвяраванняў хавалі пад адзеннем. Стараверы хадзілі паасобку, рэдка — удвух. Перад тым як папрасіць міласціну — маліліся, пасля — таксама.

  • Жабракі-абадранцы. Гэтую катэгорыю жабракоў складалі і мужчыны, і жанчыны. Такімі жабракамі станавіліся былыя дваравыя (адзін з відаў прыгонных сялян), былыя вайскоўцы, бабылі, былыя прычытнікі (асобы, якія служылі ў праваслаўных храмах). Жабракі-абадранцы жылі ў гарадах, вельмі рэдка прыходзілі ў вёскі. Раманаў іх апісваў так: «люди нравственно испорченные», «грязные оборванцы, случайно выбитые из колеи сельской жизни».

  • Жабракі-каталікі. Гэтыя жабракі жылі аддалена, у асноўным — пры касцёлах. Яны збіралі міласціну пры касцёлах, гучна чыталі малітвы на працягу дня. Яны адзяваліся ў чорнае, не вельмі любілі хадзіць за міласцінай у народ, бо атрымлівалі яе ля касцёлаў ад вернікаў. Раманаў адзначаў, што гэтыя жабракі ў свой час бралі міласціну толькі ад каталікоў, але да канца XIX стагоддзя ішлі і да праваслаўных храмаў, і да праваслаўных вернікаў — але малітвы ўсё роўна чыталі па-польску.

  • Жабракі-юродзівыя. Юродзівыя былі папулярнымі ў народзе, па апісаннях Раманава — хадзілі ў доўгай сарочцы і басанож. Юродзівыя атрымлівалі ахвяраванні і міласціны, якія аддавалі іншым жабракам. Па меркаванні даследчыка, беларусы віталі жабракоў-юродзівых у сваіх дамах, стараліся ўтрымаць іх як мага даўжэй, давалі ім месца для начлегу і новае адзенне.

любецкія жабракі

Выява згенераваная штучным інтэлектам

Аднак свая мова з’явілася толькі ў адной катэгорыі жабракоў — жабракоў-спевакоў. Гэтыя жабракі жылі на поўдні і ўсходзе Магілёўшчыны. Апраналіся ў белыя світкі, магеркі, лапці, насілі шмат торбаў. Яны былі сляпымі, хадзілі з кіямі і карысталіся паслугамі павадыроў.

Павадырамі станавіліся хлопчыкі, радзей — дзяўчынкі, да 15 гадоў. Павадыры наймаліся жабракамі на некалькі гадоў, а бацькі павадыроў штогод атрымлівалі добрыя грошы за працу сваіх дзяцей. Жабракі часцяком збівалі павадыроў кіямі, іх апраналі ў лёгкую вопратку, ад чаго яны пастаянна замярзалі ўзімку ці восенню. Калі павадыры падрасталі, то маглі адпомсціць жабракам. Напрыклад, кідалі іх на дарозе і сыходзілі, альбо нават падводзілі іх да канавы, ракі ці балота — і тыя туды абавязкова падалі. Часта жабракі наймалі аднаго павадыра на некалькіх, каб ашчадзіць.

Жабракі-спевакі хадзілі па некалькіх паветах, часам выходзілі за межы губерні. Жабракі лічылі сваім абавязкам дайсці пешшу да Кіева — і толькі адтуль маглі ехаць на параходзе ў кірунку дома. Жабракі часта бывалі на тэрыторыі сучаснай Украіны і Расіі.

Частку з таго, што давалі жабракам, яны прадавалі, елі ці прыносілі дадому. Цікава, што ў гэтай катэгорыі жабракоў часта былі сем’і і нават зямельныя надзелы. Калі ў жабракоў была зямля і пра гэта ведалі мясцовыя, то яму ўжо не давалі міласціну — яму прыходзілася хадзіць у больш аддаленыя мясціны.

А чаму — спевакі? Часцей за ўсё жабракі жылі пры цэрквах, дзе вучыліся не толькі спяваць псалмы, але і царкоўныя службы. Часам вучыліся спяваць у спецыяльных майстроў — да іх ішлі з большай ахвотай. Бывала і такое, што беларускія сяляне клікалі на паніхіды ці на набажэнствы да якіх-небудзь падзей не святароў, а жабракоў за меншую плату. Акрамя спеваў, жабракі расказвалі розныя народныя казкі — і вельмі баяліся, калі іх дазнаюцца іншыя і будуць «отбивать их хлеб».

Еўдакім Раманаў адзначаў, што з часам у жабракоў-спевакоў з’явіліся «непажаданыя рысы». Даследчык апісваў, што яны часта пілі алкаголь пасля атрымання міласціны, займаліся «зладзействам і распустай». Напрыклад, сам Раманаў сустракаў жабрака, у якога адначасова было тры жонкі. А яшчэ быў выпадак, калі адзін жабрак быў у сувязі са сваёй 13-гадовай падчарыцай.

А як у жабракоў з’явілася свая мова?

Даследчык Раманаў быў упэўнены, што жабракі прыдумалі таемную мову па адной прычыне. На яго думку, яны так хацелі хаваць свае сакрэты ад мясцовых і адміністрацыі, якая часам пераследавала жабракоў.

Самі жабракі расказвалі, што іх мову прыдумаў Саламон. Ужо ў канцы XIX стагоддзя жабрацкая моладзь не цікавілася лементам продкаў і выкарыстоўвала беларускую мову. Раманаў лічыў, што любецкі лемент мае моцнае падабенства з катрушніцкім лемезнем (таемнай мовай дрыбінскіх шапавалаў) і мовай жабракоў Слуцкага павета.

Раманаў паспеў запісаць каля тысячы слоў у Мсціслаўскім, Клімавіцкім, Чэрыкаўскім і Чавускім паветах. У любецкім леменце выкарыстоўвалі беларускія выклічнікі, склоны, спражэнні і ступені параўнання.

Выява згенераваная штучным інтэлектам

Каментары1

  • беларус з вільні
    15.03.2024
    гэта артыкул утрамлівае непраўдзівыя звесткі - выявы не маюць дачынення да артыкула

Памятаеце правакатара і даносчыка Яўгена Какойта? Ён цяпер таксама палітвязень13

Памятаеце правакатара і даносчыка Яўгена Какойта? Ён цяпер таксама палітвязень

Усе навіны →
Усе навіны

Аперацыя з пэйджарамі была праведзеная раней, бо «Хезбала» западозрыла нешта нядобрае1

Стала вядомая імаверная прычына затрымання Аляксандра Вусіка ў аэрапорце Кракава1

Людміла Класкоўская: Кадэбэшнік ухмыльнуўся і сказаў: «Затрымліваю вас на 15 сутак»2

Памятаеце кацяня, якое праехала 10 км у Гродне ў маторы аўто? Яно знайшло гаспадыню

Украінскія беспілотнікі ўразілі вялізарны склад боепрыпасаў у Цвярской вобласці2

«Яна пагражала мне фізічна, нападала сэксуальна». Аляксандр Рыбак скардзіцца на сталкерку8

Гарбунова: «А Паліна Шарэнда-Панасюк? Дзеля чаго гэтая барацьба? Яна бессэнсоўная»21

Украінскага баксёра Аляксандра Вусіка затрымалі ў аэрапорце Кракава4

У падкладанні выбухоўкі ў пэйджары «Хезбалы» абвінавачваецца «Масад»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце правакатара і даносчыка Яўгена Какойта? Ён цяпер таксама палітвязень13

Памятаеце правакатара і даносчыка Яўгена Какойта? Ён цяпер таксама палітвязень

Галоўнае
Усе навіны →