Гісторыя22

Беларускі Стоўнхэндж ці сярэднявечныя могілкі? Адметны комплекс валуноў у Бялыніцкім раёне дагэтуль тоіць загадкі

Пра заазерскі комплекс валуноў неаднаразова расказвалася са старонак беларускай прэсы, сюжэты пра іх паказалі, бадай, усе тэлеканалы краіны. Пра яго неаднойчы пісалі ў сваіх кнігах краязнаўцы і аматары гісторыі. Але пры гэтым заазерскі комплекс слаба вывучаны навукоўцамі, што стварае вакол яго шмат неадназначных трактовак, скажэнняў і прыдумак. Пакуль няма адзінага меркавання, што гэта такое: паганскае капішча, сярэднявечнае пахаванне ці штосьці іншае? Выданне Palatno разбіраецца, што наогул з сябе ўяўляе заазерскі «Стоўнхэндж» і адкуль з’явіўся такі арэол загадкавасці.

Каменны комплекс

Недалёка ад самага чыстага і прыгожага заазёрскага возера знаходзіцца таямнічая круглая пляцоўка, межы якой ствараюць валуны розных памераў. Старажытны некропаль лакалізуецца каля вёскі Заазер’е.

Каменны комплекс займае круглую пляцоўку ў трыццаць метраў у дыяметры. Самым вялікім помнікам у ім з’яўляецца масіўны каменны крыж у рост чалавека з выемкай у «жываце». За ім размешчаныя яшчэ два крыжы. Вялікі помнік стаіць «тварам» роўна на ўсход, а ягоныя «рукі» накіраваны на поўнач і поўдзень.

Побач з вялікім крыжам у няпэўным парадку, бессістэмна, але напаўсферай, ляжаць заглыбленыя ў зямлю і парослыя мохам, пашкоджаныя прыроднымі стыхіямі і чалавечай дзейнасцю іншыя каменныя крыжы. З-за дэфармацыі іх няпроста адрозніць ад звычайных пляскатых камянёў.

Самы вялікі каменны крыж таксама ляжаў на зямлі, зарослы мохам і папараццю, пакуль адна з мясцовых школьных настаўніц не звярнулася ў Эсьмоньскае лясніцтва. Праз некаторы час каменны крыж ужо стаяў і здзіўляў сваімі памерамі краязнаўцаў.

Заазерскія камяні і крыж у цэнтры. Аматарскі эскіз алоўкам, зроблены зімой — далёка не ўсе аб’екты зафіксаваныя. Фота: з кнігі Юрыя Несцярэнкі «Маё мястэчка ў часе і прасторы»

Вакол крыжоў параскідана шмат неапрацаваных камянёў, каля чатырох-пяці дзясяткаў разнастайных валуноў. На паасобных камянях высечаныя дванаццаці-, шасці– і чатырохканцовыя крыжыкі (характэрныя для хрысціянскіх надмагілляў), на іншых — стрэлка, галінка, трохкутнікі. Два следавікі знаходзяцца па краях умоўнага ўваходу на комплекс, утвараючы своеасаблівую ўмоўную браму. Многія з іх маюць ізатэрычную форму — паўсфера, куб, пліта.

«Загадкавая» выява «чалавечка» на адным з камянёў хутчэй за ўсё з’яўляецца стылізаваным галгофскім крыжом. Фота з кнігі Міхася Карпечанкі «Уздоўж стромы»

Як загадкавая мясціна стала беларускім Стоўнхэнджам

Ваколіцы вёскі Заазер’е ў Бялыніцкім раёне, дзе знаходзяцца каменныя крыжы і валуны, цяпер сталі месцам краязнаўчага паломніцтва. Тут былі і вучоныя, і журналісты, і настаўнікі — усе, каго зацікавіла інфармацыя пра ўнікальную мясціну. І кожны выказваў сваю версію адносна з’яўлення сярод ляснога гушчару каменнага волата ў рост чалавека і яго меншых каменных братоў.

Доўгі час для шырокай аўдыторыі загадкавая мясціна Бялыніччыны заставалася малавядомай. Пэўную вядомасць каменны комплекс займеў пасля выхаду ў свет у 2007 годзе кнігі мясцовага краязнаўцы і журналіста Міхася Карпечанкі «Уздоўж стромы: Таямніцы». У ёй аўтар значную ўвагу надаў крыжу і камяням у лесе каля Заазер’я. У ёй жа ўпершыню паўстала тэорыя пра сувязь комплексу з багіняй Мажанай.

Яшчэ большую вядомасць месца займела пасля выхаду краязнаўчага нарыса «Заазерскі «Стоўнхэндж»» у часопісе «Маладосць» таго ж самага Міхася Карпечанкі. У ім адзначаецца, што самы вялікі крыж у рост чалавека з комплексу каменных помнікаў мае гаючыя ўласцівасці:

«Ён прыцягвае ўвагу адразу — памерам, увагнутасцю паверхні, адмыслова вырабленымі бакавымі перакладзінамі, якія нагадваюць рукі, што як бы хочуць ахінуць-абняць прастору перад сабой. Чалавек, прытуліўшыся да паўсферы крыжа і заплюшчыўшы вочы, адразу пачынае адчуваць сваю злітнасць з ім. Складваецца такое ўражанне, што крыж адцягвае з вас адмоўную энергію, перадаючы яе на сасну, якая расце побач. Яна ўся на дзіва вузлаватая, кручаная-перакручаная, хоць астатнія дрэвы роўныя і гонкія, без прыкмет хваробы. У маёй прысутнасці, можа, з сотню чалавек станавіліся, прыхінаючыся спінаю, да крыжа, і ўсе казалі пра адчуванне злітнасці з ім і нейкую заспакоенасць».

Праўда, прыгожая мастацкая падача краязнаўцы нічога з рэальным прызнаннем надзвычайных уласцівасцяў крыжа мясцовымі жыхарамі не мае. Тым не менш, гэтую выдумку далей працягвалі множыць.

У матэрыяле Ігара Грэчкі ў «Настаўніцкай газеце» за 2014 год пра заазерскі комплекс сцвярджаецца, што людзі прыходзяць і прыхіляюцца да вялікага крыжа, заплюшчваюць вочы і просяць нешта сваё, але найчасцей здароўя:

«Камень нібыта прымае чалавечы боль і праз зямлю перадае яго дрэвам. Звярніце ўвагу на сосны і бярозы, якія растуць каля самога каменя. Яны хворыя, хаця ўсе астатнія бліжэйшыя дрэвы здаровыя. Тут асаблівае месца, бо зямля і валуны нібыта забіраюць людскія хваробы. Нехта гаворыць, што тут моцнае энергетычнае поле, таму людзям, якія фізічна і псіхічна слабыя, а таксама дзецям лепш сюды не хадзіць».

Вялікі крыж заазерскага комплексу ў рост чалавека. Фота: orda.of.by

У сваім нарысе Карпечанка адзначае, што камяні-следавікі захаваліся ў беларускім фальклоры рознымі паданнямі, але не звязвае іх з каменным комплексам каля Заазер’я. Разважанні аўтара «Заазерскага «Стоўнхэнджа»» ў інтэрнэт-прасторы сталі прамымі сведчаннямі пра існаванні паданняў пра заазерскія камяні і крыжы, як на турыстычным партале «Планета Беларусь»:

«Мноства легенд звязана з гэтым месцам. Яны гавораць пра тое, што некалі камяні былі мяккімі, як воск, таму жывёліна ці чалавек маглі пакінуць такія сляды проста ў камені. Некаторыя паданні, пазнейшыя, часоў хрысціянства, зводзяцца да таго, што гэта сляды Хрыста ці Багародзіцы. Ваду, якая сцякае падчас дажджу з валуноў, мясцовыя жыхары лічаць гаючай, а самі камяні — прарочымі. Людзі вераць, што, калі прыпасці да каменя з просьбай або горам, камень «пачуе і дапаможа».

Апагеем міфалагізацыі і скажонага ўяўлення пра каменны комплекс стаў артыкул Аксаны Катовіч і Янкі Крука, якія славяцца сваімі неверагоднымі тэорыямі. Іх матэрыял-«рэканструкцыя» выйшаў у дзяржаўнай газеце «Звязда» ў снежні 2015 года — і ён па-за межамі навуковасці, даследчага падыходу ўвогуле.

Крук і Катовіч падрабязна апісалі абрадавыя дзеянні, якія насельнікі краю нібыта выконвалі на ім. Згодна з іх «рэканструкцыяй», вялікі крыж з’яўляецца «ўваходным крыжом у комплекс», прастора якога ўяўляла сабой тры кольцы, выкладзеныя камянямі. Гэта нібыта сведчыла пра тое, што ў сакральным абрадзе бралі ўдзел жанчыны трох узроставых груп або пакаленняў.

На гэтым «складаным сакральным комплексе» Крук і Катовіч знайшлі вялікі пляскаты камень парадзіх, на якім, магчыма, у цёплую пару года маглі прымацца роды, камень-латок для катання на Вялікдзень фарбаваных яек і камень для ахвярапрынашэнняў. Але акрамя тэксту ніякіх візуальных пацвярджэнняў знойдзеных камянёў не было. Адметна, што вышэй прыгаданы Міхась Карпечанка ў сваім краязнаўчым нарысе шчыра прызнаецца:

«Падчас шматлікіх апытанняў старых заазерцаў аніводзін з іх не згадаў, каб яны ці іхнія бацькі-дзяды-прадзеды звярталіся па дапамогу да следавікоў. Відавочна, што заазерскія следавікі не ўспрымаюцца мясцовым насельніцтвам як прошча».

Ці магло быць капішча Мажаны насамрэч?

Асноўная тэорыя краязнаўцы Міхася Карпечанкі ў тым, што заазерскі комплекс з камянямі і крыжамі з’яўляўся некалі капішчам багіні Марэны, якая нібыта ў тутэйшых краях магла называцца Мажанай (такое найменне міфалагічнага персанажа захавалася ў польскай традыцыі). Карпечанка расшыфроўвае дванаццаціканцовы крыжык, які выбіты на некаторых заазерскіх камянях, як «крыж Мары».

Загадкавае месца бялыніцкі краязнаўца звязвае з адзіночным курганам і трыма курганнымі могільнікамі эпохі Старажытнай Русі з 2, 41 і 110 насыпамі, а таксама гарадзішчам ранняга жалезнага веку. Сведчаннем, што каля Заазер’я маглі ў даўнія часы ўшаноўваць багіню Мажану, на яго думку, з’яўляюцца назвы рэчкі Можа і вёска Мажаны. Некаторыя краязнаўцы сцвярджаюць, што і самы вялікі крыж першапачаткова быў ідалам, які ў часы хрысціянізацыі краю стаў абсечаным і набыў сучасную форму.

Выгляд адваротнага боку каменнага крыжа. Фота: ingener-orda.of.by

Мясцовая тапаніміка абвяргае высновы аб існаванні капішча багіні смерці Мажаны-Марэны-Мары. Асноўнай назвай з’яўляецца назва рэчкі Можа, бо вядома, што гідраніміка з’яўляецца найбольш старадаўняй сярод усіх відаў тапонімаў. Роднасныя гідронімы сустракаюцца ў іншых месцах у Верхнім Падняпроўі: Мажа (басейн Прыпяці), Мажанка і Мажайка (прытокі Бярэзіны), Мжа (прыток Паўночнага Данца).

Даследчыкі звычайна тлумачаць іх паходжанне ад балцкага слова *mazoja са значэннем «малы, невялікі». З іншага боку, гідронім можна параўнаць з такімі словамі, як рускае мгла, мга — «густы, сыры туман, імжа», беларускае імжа — «дробны дождж»/«туман», літоўскае migla — «туман», славенскае mzi — «цекчы». Усе яны ўзыходзяць да індаеўрапейскай асновы *meigh— са значэннем «туман», «дождж», «станавіцца цёмным». А багіня Марана звязана з увасабленнем смерці: яе імя ўтварылася на аснове кораня мер-/ мор-.

Назва ракі Можа і імя багіні Мараны/Мажаны паміж сабой не звязаныя. Іх суаднясенне — толькі прыклад «народнай этымалогіі»: тлумачэнне паходжання назвы на аснове вонкавага сугучча з якім-небудзь словам. Мясцовыя тапонімы наўмысна скажалі, каб падагнаць пад абгрунтаванне версіі аб сакральна-магічным комплексе: рака Можа падаецца ў матэрыялах Карпечанкі ў форме Мажана, а ўрочышча, дзе пралягае водны аб’ект, нібыта называецца Мажаны, хоць такога наймення мясцовыя жыхары наогул не ведаюць.

Што кажуць вучоныя і як ставяцца да таямнічай мясціны мясцовыя жыхары

Самі заазерцы звязваюць гэтае месца з пахаванымі французамі падчас вайны 1812 года, а пад вялікім крыжом нібыта пахаваны нейкі вялікі французскі вайсковы начальнік. Па іншай версіі, на гэтым месцы пахавалі шведскіх жаўнераў і генерала. На магіле, маўляў, і паставілі вялізны крыж, а на магілах салдат — звычайныя камяні. Мясцовае насельніцтва не лічыла гэтае месца нейкім сакральным, хоць яно было адметным у навакольнай мікратапаніміцы, бо адлюстроўвала падзеі «фальклорнай гісторыі». Наўрад ці людзі маглі хадзіць да каменнага комплексу маліцца, бо асацыявалі яго з пахаваннямі чужынцаў.

Вялікі каменны крыж у атачэнні іншых камянёў са знакамі. Фота: ingener-klepka.livejournal.com

Сярод вучоных ёсць розныя меркаванні наконт прызначэння і сутнасці заазерскага каменнага комплексу. Магілёўскі географ Ігар Шаруха схільны лічыць круглую пляцоўку з камянямі і крыжамі паганскім капішчам. На яго думку, камяні маглі стаяць у пэўным парадку: для назірання за Сонцам, Месяцам, зоркамі, каб «весці» каляндар. Географ адзначае, што пярэдняя частка вялікага крыжа магла быць сколатая і першапачаткова, верагодна, нагадвала чалавекападобнага ідала.

А вось Ігар Марзалюк сцвярджае, што заазерскі «Стоўнхэндж» — грунтовы могільнік эпохі Сярэднявечча. Самы вялікі крыж з’яўляецца звычайным прыкладам, магільным каменем, своеасаблівым помнікам. Марзалюк лічыць, што заазерскія камяні звязаны з эпохай хрысціянізацыі, пра што сведчыць самы вялікі высечаны крыж. Прыблізна да такой ж высновы прыйшлі ў свой час і прадстаўнікі Цэнтра этнакасмалогіі Крыўя, адзначыўшы пры гэтым, што ніякай сістэмы ў размяшчэнні камянёў не прасочваецца. Яшчэ Марзалюк дапускае, што ў заазерскім лесе можа ляжаць шляхта, а вялікі крыж можа паказваць магільны склеп, быць цэнтральным пахаваннем.

Беларуская археолаг Людміла Дучыц наогул лічыць, што каменны комплекс мог спачатку выкарыстоўвацца ў дахрысціянскія часы, а пасля быць могільнікам у Сярэднявеччы:

«Калі ўявіць, што некалі камяні стаялі ў пэўным парадку, яны маглі адлюстроўваць нябесныя свяцілы з мэтай вядзення календара. Калі зыходзіць з напісаных літар на некаторых валунах вакол волата-крыжа, можна меркаваць, што камяні і крыж — грунтовы могільнік эпохі Сярэднявечча… Сам крыж-волат мог азначаць усыпальніцу роду, быць цэнтральнай магілай, і там хавалі, хутчэй за ўсё, шляхту. А можна аб’яднаць гэтыя тэорыі. Для прыкладу, камяні апрацавалі язычнікі, а затым іх скарысталі хрысціяне…»

Варта адзначыць, што, нягледзячы на багацце публікацый, ніхто з даследчыкаў да гэтага часу не складаў тапаграфічны план аб’екта, не замаляваў размешчаныя ў комплексе каменныя скульптуры, не спрабаваў расшыфраваць надпісы і малюнкі на камянях і крыжах з пункту гледжання эпіграфікі.

На сёння можна дапусціць, што пачаў фармавацца пэўны культ каменнага комплексу сярод аматараў фальклору і краязнаўцаў, а таксама беларускіх неаязычнікаў. Напрыклад, у сваёй кнізе музыка і краязнавец Юрый Несцярэнка зафіксаваў, што на вялікім каменным крыжы таямнічыя наведвальнікі пакінулі цукеркі і сушкі. Часам таксама на крыжы можна сустрэць завязаныя стужкі ці хустачкі, а гэта значыць, што хтосьці мог абракацца і нешта прасіць у крыжа.

Слодычы, якія канфідэнцыйна пакінулі таямнічыя наведвальнікі на крыжы. З кнігі Юрыя Несцярэнкі «Маё мястэчка ў часе і прасторы»

А магілёўскі гурт Pragnavit, які грае рытуальны этнічны дарк-эмбіент, зняў кліп «Ahvjarnaja kroŭ Stodu Viecznaści» у 2016 годзе, прысвечаны заазерскаму комплексу, яго загадкавасці і сакральнаму сэнсу знакаў.

Каментары2

  • Žvir
    11.03.2024
    Kali tam kryžy, dyk jaki to Stounchendž ? Heta ŭžo chasy chryscijanstva, tamu ŭsio tam jasna.
  • В.Н.Р археолаг
    11.03.2024
    Здаецца ўсё добра зразумела, у суседнім раёне знаходзіцца вёска Харчычы, там курганны могільнік 11-14 ст і побач Могілкі хрысціянскія 14-15 ст таксама з каменнымі крыжамі раскіданымі ў лесе. Адлегласць да Заазер'я 15-20 км

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску13

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Трэніруецеся, каб пахудзець? Гэта рэдка спрацоўвае — навукоўцы1

Олаф Шольц заклікаў свайго галоўнага апанента «не гуляць у рускую рулетку»1

Чалы: Для Лукашэнкі аднолькава дрэнныя і перамога Расіі, і перамога Украіны. Ён хацеў бы нічыёй4

У Мінску людзі за тры дні выстройваюцца ў чаргу па кватэры2

Гродзенскі музей купіць карціну мясцовага мастака пра вайну з сімвалам Z9

У Dana Mall зноў зрабілі вельмі прыгожую навагоднюю інсталяцыю ФОТЫ3

Іван Эйсмант: Больш за 50% беларусаў давяраюць дзяржаўным СМІ24

«Яны ўсе хочуць Савецкі Саюз, але пры гэтым жыць як сёння». Сябар Лукашэнкі рэзка раскрытыкаваў савецкае мінулае і яго рэстаўратараў13

Стрымера Crawly, які даставаў палякаў у касцюме гнома, дэпартавалі ва Украіну27

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску13

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →