1100 еўра — за апендыцыт. Беларусы расказалі, як траплялі ў польскія бальніцы са страхоўкай і без яе
Медыцынская страхоўка ў Польшчы патрэбная і эмігрантам, і турыстам. Але афармляюць яе не ўсё. Most даведаўся гісторыі беларусаў, якія траплялі ў польскія бальніцы са страхоўкай і без.
«Загугліў сімптомы — усе яны супадалі з апісаннем апендыцыту»
Вясной 2023 года да Аляксея ў Польшчу па турыстычнай візе прыехала дзяўчына Лізавета з Беларусі. Для атрымання візы патрэбная была медыцынская страхоўка для тых, хто выязджае за мяжу — дзяўчына абрала «Белдзяржстрах». Некалькі дзён усё было добра, а напярэдадні ад'езду Лізавета адчула недамаганне.
«У наш апошні вечар пасля прагулкі па горадзе мы вырашылі павячэраць у адной установе, — расказвае Аляксей. — Я замовіў шмат страў, але ні да адной з іх яна не дакранулася. Сказала, што прапаў апетыт».
Аляксей прапанаваў дзяўчыне яшчэ трохі пабадзяцца па парку — нагуляць апетыт. Аднак праз нейкі час Лізавета пачала скардзіцца на ўсё большы боль у раёне пупка. Пара вырашыла скончыць шпацыр і вярнулася дадому.
«Я загугліў яе сімптомы: млоснасць, моцны пульсуючы боль у жываце, тэмпература — усе яны супадалі з апісаннем апендыцыту».
Лізавета спачатку адмаўлялася звяртацца да польскіх лекараў і планавала раніцай вяртацца ў Беларусь. Дзяўчына была ўпэўненая, што зможа з моцным болем прыехаць дадому і ўжо там звярнуцца да лекараў. Аднак з кожнай гадзінай ёй рабілася толькі горш, таму пара вырашыла ехаць у SOR (szpitalny oddział ratunkowy — бальнічнае аддзяленне неадкладнай медыцынскай дапамогі).
«Там Лізу хутка прынялі і аформілі на мяне, бо ў Польшчы яна ў якасці турыста. Я быў у ролі, так бы мовіць, яе гаранта. Дактары запісалі мой Pesel і пашпартныя звесткі, адразу ж павезлі Лізу на УГД. Абследаванне паказала, што ёсць падазрэнне на запаленне атожылка апендыкса, таму без шпіталізацыі тут нельга было абысціся.
Знаёмыя мне адразу ж параілі напісаць у «Белдзяржстрах», каб паставіць іх у вядомасць пра планаваную аперацыю. Супрацоўнікі страхавой мне хутка адказалі ў вайберы і папрасілі адправіць страхавы поліс дзяўчыны, яе месцазнаходжанне і апісаць усе дэталі таго, што здарылася.
Яны мне парэкамендавалі звярнуцца альбо ў медустановы, з якімі супрацоўнічаюць, альбо выбраць паводле свайго меркавання, бо ў нас усё ж экстраны выпадак. Пасля гэтага яны яшчэ нагадалі, што пры выпісцы з бальніцы трэба забраць усе арыгіналы дакументаў, каб па прыездзе ў Беларусь вярнуць грошы па страхоўцы».
«Баяўся, што страхавая адмовіцца прымаць такі чэк»
На наступны дзень дзяўчына здала неабходныя аналізы, але з-за моўнага бар'ера зносіны з доктарам было напружанымі: Лізавета з цяжкасцю разумела, што ёй гавораць. Сітуацыя вырашылася толькі тады, калі ў бальніцы знайшлі медсястру з Беларусі — яна выступіла ў ролі перакладчыцы.
«Праз два дні Лізу прааперыравалі і прывезлі назад у палату. Не памятаю, ці пыталіся ў нас тады лекары, ці ёсць у дзяўчыны якая-небудзь страхоўка, але, на шчасце, у яе была самая звычайная для выезду ў ЕС, якую трэба абавязкова афармляць для падачы дакументаў на шэнген-візу».
На наступны дзень пасля аперацыі Лізавету выпісалі з бальніцы, а рахунак за лячэнне праз некалькі дзён адправілі Аляксею. Па словах мужчыны, за тры дні лячэння ў бальніцы, аналізы і аперацыю трэба было заплаціць 1 100 еўра.
«Я аплаціў адразу ўсю суму, але вось з атрыманнем патрэбных паперак для страхавой узніклі некаторыя складанасці. Як мне сказалі супрацоўнікі «Белдзяржстраху», пры аплаце лячэння ў банку таксама неабходна атрымаць арыгінал чэкаў з пячаткай. Але польскі банк Millennium не ставіць яе на такія дакументы. У мяне быў моцны страх, што страхавая, як і многія беларускія аматары паперак, адмовіцца прымаць такі чэк і не верне грошы».
На шчасце, асцярогі Аляксея не апраўдаліся. Пасля вяртання ў Беларусь Лізавета змагла вярнуць грошы за ўсё лячэнне ў Польшчы. Дзяўчына падала страхавой кампаніі копіі і арыгіналы дакументаў, уключаючы гісторыю хваробы і чэкі аб аплаце, а праз тыдзень Аляксей адправіў ёй заяву для вяртання сродкаў.
«Хоць я аплаціў яе лячэнне, хацеў, каб грошы вярнулі ёй на карту. Таму давялося напісаць заяву з пацвярджэннем, што дзяўчына гасцявала ў мяне і я не супраць, каб сродкі за лячэнне вярнулі ёй, а не мне. Для гэтага я напісаў заяву на лісце А4, сфатаграфаваў яе і адправіў Лізе. Яна яго адксеракапіравала і падала страхавой. Прыкладна праз тыдзень дзяўчыне вярнулі ўсю суму».
«За тры дні ў бальніцы заплацілі каля тысячы еўра»
Праз некалькі месяцаў атрыманы вопыт зноў спатрэбіўся. Знаёмыя Аляксея — муж з жонкай і двума маленькімі дзецьмі — вярталіся з летняга адпачынку з Чарнагорыі на машыне і вырашылі на некалькі дзён спыніцца ў мужчыны.
Яшчэ па дарозе ў Польшчу трохгадовая дзяўчынка адчувала сябе нядобра, а па прыездзе ў Беласток недамаганне ўзмацнілася. Яна адчувала моцную слабасць, млоснасць і адмаўлялася ад ежы.
«Нам здалося, што гэта звычайны ротавірус, таму звярнуліся да беларускага лекара па кансультацыю, — расказвае Аляксей. — Ён агледзеў малую і параіў звярнуцца ў SOR, бо на той момант сам не меў права выпісваць рэцэпты».
У аддзяленні неадкладнай дапамогі ў дзіцяці ўзялі аналізы і шпіталізавалі разам з мамай. За тры дні ў бальніцы ёй зрабілі аналізы і паставілі некалькі кропельніц. Лекары ў польскай бальніцы выказалі здагадку, што недамаганне звязанае з вірусам, які летам 2023 года распаўсюджваўся ў Чарнагорыі.
«На чацвёрты дзень іх выпісалі і адразу ж далі дакументы для аплаты лячэння. Я адразу здзівіўся, калі даведаўся, што заплаціць ім трэба каля тысячы еўра, пры тым што не было аперацыі. Мне здаецца, сума атрымалася такой вялікай, бо малая ляжала разам з мамай».
Сям'я вырашыла адразу ж аплаціць лячэнне ў Польшчы, а ў Беларусі вярнуць грошы па страхоўцы ад «Белдзяржстраху». Для гэтага яны забралі з бальніцы і з банка неабходныя дакументы, а па прыездзе ў Беларусь падалі страхавой кампаніі. Яна на працягу тыдня вярнула ім грошы на банкаўскую карту.
«Адразу папрасіў лекараў сказаць мне, колькі я ўжо павінен заплаціць»
Аляксандр вучыцца ў Польшчы ва ўніверсітэце. Ён вырашыў адмовіцца ад афармлення страхоўкі. Узімку 2023 года малады чалавек заязджаў у Польшчу з боку Пшэмысля. Апошнія некалькі дзён перад паездкай у Аляксандра выдаліся вельмі напружанымі: ён мала спаў, амаль не еў і адчуваў сябе вельмі стомленым.
«У горадзе з насельніцтвам у 60 тыс. чалавек у мяне было некалькі гадзін да наступнага цягніка, таму вырашыў зайсці ў краму па ежу, — расказвае Аляксандр. — У памяшканні мне адразу стала блага: рэзка закружылася галава, потым стала крыху лепш, але прыкладна праз 30 секунд я страціў прытомнасць».
Малады чалавек не мог успомніць, як упаў і што з ім пасля гэтага адбывалася. Ён апрытомнеў толькі ў машыне хуткай дапамогі, якая везла яго ў бальніцу. Па дарозе фельчары расказалі Аляксандру, што ў краме ён страціў прытомнасць, і што сімптомы былі як пры эпілепсіі.
«Мяне гэта здзівіла, бо на эпілепсію ніколі раней я не хварэў, — расказвае Аляксандр. — Пакуль мы ехалі ў бальніцу, я даў лекару свае дакументы, пасля чаго ён спытаў мяне, ці патрэбна мне шпіталізацыя».
Хлопец ведаў, што ў яго няма страхоўкі, але на ўсялякі выпадак пагадзіўся на шпіталізацыю.
«У бальніцы мне зрабілі некалькі ўколаў і паставілі кропельніцу. У першы дзень мяне яшчэ вадзілі на працэдуры, а на наступны зрабілі абследаванне галавы і вырашылі перапрышчапіць ад слупняка. Эпілепсія не пацвердзілася. А страту прытомнасці медыкі звязалі з моцным ператамленнем і недасыпам».
Лекары ведалі, што ў маладога чалавека няма страхоўкі, але спыталіся, ці хоча ён яшчэ на некаторы час застацца ў бальніцы.
«Я б з задавальненнем застаўся. Але я адразу папрасіў лекараў сказаць мне, колькі я ўжо павінен заплаціць. Спачатку яны налічылі адну суму, потым — іншую. У выніку маё незапланаванае лячэнне абышлося ў 1 620 злотых».
Аляксандр прызнаецца, што страхоўку не рабіў з-за ляноты, ды і не лічыў, што яна яму спатрэбіцца. Плаціць за лячэнне было крыўдна, аднак малады чалавек не шкадуе пра выдаткаваныя грошы. Ён упэўнены, што ўсе прызначаныя яму працэдуры былі неабходныя.
Рэжысёрка і збіральніца фальклору Воля Дземка чатыры гады змагаецца з цяжкай хваробай. Ёй патрэбна дапамога
У Варшаве беларус атрымаў цяжкую траўму, грошы на абследаванне яму сабралі менш чым за суткі
Сотні тысяч бачылі ў тыктоку, як беларус з дапамогай каханай аднаўляецца пасля страшнай аварыі. Вось што з ім цяпер
Каментары
https://d3kcf2pe5t7rrb.cloudfront.net/338015