Выдавецтва «Логвінаў» выпусціла пераклад з польскай мовы рамана Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча «Кар’ера Мікадзіма Дызмы», які ўпершыню быў надрукаваны ў 1932 годзе. Пераклад рамана на беларускую мову зрабіў Алесь Емяльянаў-Шыловіч, дызайн вокладкі — Кацярына Пікірэня.
Дзеянне рамана адбываецца ў Польшчы часоў Юзафа Пілсудскага: сталічнай Варшаве і маёнтку заможнага землеўласніка Кабарова пад Гроднам. Галоўны герой — правінцыял, чалавек без адукацыі, выхавання, прынцыпаў і асаблівых здольнасцяў, гультай, прайдзісвет — становіцца не абы-кім, а старшынёй Нацыянальнага збожжавага банка. Дзякуючы свайму метаду — меней гаварыць і болей падслухоўваць — Дызма выдае чужыя думкі за свае і робіцца сваім сярод арыстакратыі, атрымлівае ўласныя грошы, каханне жанчын і ўсеагульную любоў як уладальнік «моцнай рукі». Прэзідэнт Рэспублікі ў крызісны момант прапануе яму ўзначаліць урад…
Купіць кнігу можна, у прыватнасці, на сайце выдавецтва.
Тадэвуш Далэнга-Мастовіч (1898—1939) — празаік, сцэнарыст і журналіст беларускага паходжання, які нарадзіўся на Глыбоччыне. Трагічна загінуў на самым пачатку Другой сусветнай вайны. Аўтар сямнаццаці папулярных раманаў і некалькіх кінасцэнараў. Па-беларуску ў 2016 годзе выходзіў ягоны раман «Знахар».
Каментары